— Ах, чортава душа! Памыліліся трошкі.
— За гэтую памылку, хлопча, — змрочна адказаў адзін, — з нас Лікол галаву здыме. Непрыемна, браце. Два забітых — гэта жах. Гэтым можа і начальства зацікавіцца.
— Але чаму ён з'явіўся сюды замест таго? Другі не адказаў. Яны пайшлі ад трупа і сталі пад дрэвам пад самымі маімі нагамі. Каб я пажадаў, я мог бы апусціць нагу і стаць на галаву кожнаму з іх, па выбару, або двойчы стрэліць з рэвальвера на такой адлегласці, на якой і дзіцёнак трапіў бы. Я дрыжаў ад хвалявання, але голас халоднага розуму казаў мне, што так рабіць нельга, што я спалохаю астатніх, што з паляваннем трэба канчаць адным ударам, што зараз трэба сачыць за гэтымі. Хопіць, я нарабіў занадта многа памылак, і, калі загіне яшчэ і Надзея, тады толькі і застанецца, што пайсці ў Волатаву прорву, скокнуць туды і пачуць, як вырвецца над табою з твані з дзікім ровам паветра.
— За што ён так ненавідзіць гэтага Беларэцкага? — спытаў той, каго клікалі Пацуком.
— Думаю, за тое, што Беларэцкі хоча ажаніцца з Яноўскай. А тады палац з рук Лікола ўцячэ.
— Ды нашто ён яму, гэта ж трухлявая труна, а не будынак.
— Ну, гэта ты не кажы. Для Яноўскіх ён карысці не дае, гэта валоданне роду, а вось для старонняга гэта каштоўнасць. Да таго ж, ён любіць старажытнасць, спіць і бачыць сябе гаспадаром вялізнага замка, як продкі.
Яны памаўчалі, пасля пыхкнуў агеньчык, і да мяне пачалі паўзці сівыя кучары тытунёвага дыму. Я разумеў ужо, што пада мною стаяць шляхцюкі. Дрэнная мясцовая мова, якая зрабілася грубай ад барбарызмаў польскага паходжання, так і рэзала вуха. Галасы здаваліся мне знаёмымі.
— Мне здаецца, — буркнуў адзін пасля працяглага маўчання, — што тут яшчэ адна прычына: хлопы.
— Маеш рацыю. Калі заб'ём яшчэ і гэтага, яны прыціхнуць, як мышы пад венікам. А то дужа нахабныя сталі. Нядаўні бунт, пасля забойства ўпраўляючага Гарабурды. Глядзяць нахабна. І асабліва сапсаваліся пасля прыезду Свеціловіча. Месяц пражыў тут, падла, а нашкодзіў нам горш за пажар. Чатырох хлопаў з рук суда выдраў, паскардзіўся на двух дваран. А калі гэты Беларэцкі прыехаў — зусім дрэнна стала. Сядзіць у хлопскіх хатах, запісвае дурныя байкі, ляпае па плячы. Ну, нічога, папрыціхнуць гэтыя хамы, калі мы таго здрадніка шляхты прыдушым… Толькі трэба будзе яшчэ даведацца, хто правадыр гэтых нахабнікаў. Я яму не дарую маіх спаленых стагоў.
— А мне здаецца, што я ведаю, хто гэта. Гэта Кульшаў вартаўнік Рыгор. Гэткая нахабная мыса, як у ваўка. І павагі да цябе ніякай.
— Нічога, рыгнецца і яму.
Зноў памаўчалі. Пасля адзін сказаў:
— А ведаеш, Яноўскую шкада. Такую жанчыну давесці да вар'яцтва або забіць — глупства. Такім калісь ногі цалавалі. Памятаеш, як яна на бале ў даўняй сукні лебедзем плыла. Ух-х!
— Ды і пан шкадуе, — дабавіў другі. — Але што зробіш.
І раптам зарагатаў.
— Чаго ты?
— Не таго мы мякнулі. Не шанцуе нам, а яму яшчэ горш. Ты памятаеш, як Раман крычаў, калі яго ў дрыгву загналі, казаў, што з-за труны нас выдасць. Аж, бачыш, маўчыць.
І яны пайшлі ад дрэва. Я чуў яшчэ толькі, як Пацук сказаў басам:
— Нічога, хутка і да гэтага наведаемся.
Я саслізнуў з дрэва зусім нячутна і рушыў за імі. Бязгучна ступалі мае ногі па траве, там-сям я нават плазаваў. І, вядома, я зноў выявіўся дурнем, бо забыўся на тое, што ў іх маглі быць коні. Яны зайшлі за грыўку хмызнякоў, прыцішыў крокі, баючыся нарвацца на іх, а праз хвіліну пачуў пошчак падкоў.
Калі я выдраўся на дарогу, я пабачыў даволі далёка два цені, якія шалёна гналі коней ад крыжа Рамана на паўдзённы ўсход.
Думкі мае былі невясёлыя: даведаўся, што яны палююць за Яноўскай і за мною, што літасці чакаць нельга, выпусціў двух бандзюкоў ды яшчэ так жорстка памыліўся ў Бермане. І сапраўды, я пераканаўся ў тым, што ён цёмны чалавек, што ён ускрыў мой ліст і чагосьці пайшоў да месца, дзе і дастаў смерць. І самы факт гэтай смерці закрыў ад мяне ўсе астатнія яго правіны. Але размова дала многа цікавага, і, перш за ўсё, я ведаў зараз аднаго з дзікіх паляўнічых. Гісторыя са спаленымі стагамі выдала яго. Стагі спалілі за апошнія дні ў шляхцюка Маркі Стахевіча, якога я бачыў на гулянцы ў Дубатоўка. І гэты чалавек быў тады секундантам Вароны. Няхай я памыліўся ў Бермане, але ў Вароне я не памыляюся, здаецца. І ён будзе мой. Зараз трэба толькі больш рашучасці…
А позна ўначы дзікае паляванне караля Стаха з'явілася зноў. Зноў выў, галасіў, плакаў нечалавечы голас:
— Раман у дваццатым калене, выходзь! Мы прыйдзем! Мы скончым! Мы адпачнём пасля! Раман! Раман!
І зноў я, схаваўшыся за ганкам, страляў у лятучыя цені коннікаў, якія мільгалі ў самым канцы залітай месячным дымам алеі. Калі я стрэльнуў першы раз — коні кінуліся ў гушчар і зніклі, як быццам іх ніколі не было. Гэта было падобна на жахлівы сон.
Трэба было канчаць. Я прыпомніў словы Маркі Стахевіча, якія той сказаў пад дрэвам, наконт абяцання Рамана выдаць забойцаў пасля смерці і падумаў, што, можа, Раман пакінуў у хаце ці на месцы сваёй смерці нейкі доказ, які прагледзелі тады нават арліныя вочы Рыгора.
І калі Рыгор прыйшоў, мы рушылі з ім да месца забойства Рамана. Я добры хадок, але ледзь паспяваў за гэтай доўгай фігурай. Рыгор ішоў, як здавалася, павольна, але гэта была не павольнасць, а размеранасць рухаў. І ногі ён ставіў не так, як звычайныя людзі, а наскамі ўнутр: так ходзяць усе прыроджаныя паляўнічыя, і заўважана, што гэта робіць кожны іхні крок даўжэй прыблізна на дзюйм.
Па дарозе я сказаў яму, што чуў размову Маркі Стахевіча з нейкім Пацуком, і Рыгор злосна буркнуў:
— Людзі Вароны, — а пасля дадаў: — А мы думалі, што «Лікол…» гэта пачатак прозвішча. Пан не так распытваў. «Лікол» — гэта, відаць, мянушка. Трэба спытаць, каго клікалі так, у пані Яноўскай. Калі ведалі гэтую мянушку Свеціловіч і нават Берман, значыцца, яна таксама павінна ведаць.
— Я пытаў у яе.
— Ты пытаў у яе прозвішча, ды і яшчэ пачатак яго, а не мянушку.
Так мы дайшлі да славутага і двойчы апісанага мною месца, дзе застыў у багне бацька Надзеі Раманаўны. Мы пераварушылі ўсю сухую траву, хоць глупствам было б шукаць тут нешта пасля двух год.
І нарэшце падышлі да таго месца, дзе невялікі абрыўчык раптам узносіў лугавіну над дрыгвой.
— Тут, — сказаў Рыгор.
Над самым абрывам тырчаў з зямлі невялікі стаўбур, уломак ад дрэва, якое калісьці расло тут. Карані яго, як магутныя змеі, апляталі абрыўчык, спускаліся ў дрыгву, быццам жадаючы напіцца, або проста віселі ў паветры.
— Ці рукі Рамана былі над паверхняй дрыгвы? — спытаў я.
Цяжкія павекі Рыгора апусціліся, ён прыпамінаў:
— Так, былі. Правая была нават выцягнутая, ён, відаць, хацеў ухапіцца за корань, але не дацягнуўся.
— А можа, проста кінуў нешта туды, пад карэнні, дзе, бачыш, яміна?
— Давай паглядзім.
І мы, трымаючыся за карэнне і збіваючы пазногці зямлёй, злезлі амаль да самай дрыгвы, ледзь трымаючыся на маленькіх слізкіх прыступках, што былі на стромым адхоне. Пад карэннямі сапраўды была яміна, але там нічога не было. Расчараваны, я збіраўся быў лезці наверх, але Рыгор спыніў мяне:
— Ёлупы мы. Калі там сапраўды штосьці ёсць, дык гэта пад глейкай. Ён мог кінуць, але ж два гады мінула, скляпенне гэтай пячоркі асыпалася і пахавала тое… тую рэч.
Мы пачалі драпаць пальцамі ўбіты глей, высыпаць яго з пячоркі, і — хочаце верце, хочаце не — хутка пальцы мае натрапілі на штосьці цвёрдае. На далоні маёй ляжаў партабак з «птушынага вока». Больш у пячорцы нічога не было.
Мы выдрапаліся на лугавіну і асцярожна абчысцілі з партабака руды глей, перамешаны з глінай. У партабаку
ляжаў шматок белай матэрыі, выдраны, відаць, зубамі. І на гэтай анучцы былі невыразныя рудыя літары: «Варона забі…»
Я знізаў плячыма. Чорт ведае, што гэта было! Ці сведчанне, што Рамана забіў Варона, ці просьба да Вароны забіць кагосьці. Рыгор паглядзеў на мяне халоднымі вачыма.
— З'ясавалі, пан Андрэй. Загнаў яго сюды Варона. Заўтра будзем яго браць.
— Чаму заўтра? Можа, ён з'явіцца якраз сёння.
— Сёння пятніца. Пан забыў пра гэта. Бандзюка, як кажуць, шукай у царкве. Святыя надта ды божыя. Рэжуць з імем святой тройцы на вуснах. Яны прыйдуць заўтра, бо страцілі цярпенне. Ім патрэбна пазбавіцца ад цябе. — Памаўчаў, вочы спалахнулі нядобрым полымем: — Заўтра нарэшце прывяду мужыкоў. З віламі. І табе дамо. Калі з намі, дык да канца. Будзем вартаваць ля паваленай агароджы. І ўсіх пакладзём, усіх. Пад самы корань чортава семя…