А карла сядзеў усе гэтыя дні ў хадах, не маючы змогі вылезці, і зусім заслаб з голаду. Каб я не адчыніў дзверы — ён, напэўна, памёр бы, так і не здагадаўшыся, чаму пакінуў яго той, што заўжды яго гадаваў і песціў.
Што мне было рабіць з ім? Няшчасны малы ідыёт не быў вінен у тым, што яго стварылі такім на свет. Тут ён і выбывае з нашага апавядання. Я нагадаваў яго, абвясціў Яноўскай аб канчыне аднаго з прывідаў, якія насялялі палац Балотных Ялін, і наступнага дня адаслаў яго ў павятовую бальніцу для вар'ятаў.
І ўпершыню гэтым вечарам я бачыў, што надзея загарэлася ў вачах гаспадыні Балотных Ялін цёплым, пакуль што яшчэ слабым агеньчыкам.
РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ
— Ты, Рыгор?
— Я, Андрусь. Праўдзівей, мы.
Я працягнуў Рыгору руку. Гэта ноч, пасля той, у якую я спаймаў Малога Чалавека, была першай за ўвесь час бясхмарнай месячнай ноччу. Поўны месяц заліваў тарфяныя балоты, пусткі, парк Балотных Ялін блакітным срэбрам і далёка-далёка блішчаў у акенцы нейкай самотнай хаты. Ноччу пахаладзела, і зараз балоты «пацелі», нараджаючы ў ямінках касмылі белых рухлівых туманоў.
Рыгор выступіў з-за хмызоў, якія ляжалі ля паваленай агароджы, а за ім з'явіліся з цемры людзі, чалавек дванаццаць.
То былі мужыкі. Усе ў кажухах мехам наверх, у аднолькавых белых магерках, з аднолькавымі чырвонымі лапамі.
І ўсе яны ў месячным святле былі на адзін твар: як быццам сама гэта зямля адначасова нарадзіла іх. У двух я пабачыў доўгія стрэльбы, як у Рыгора, адзін трымаў у руках пулгак, астатнія былі ўзброены доўгімі рацішчамі і віламі, а адзін нават простай дубінай.
— Гэта хто? — здзіўлена спытаў я.
— Мужыкі, — нутром прагудзеў Рыгор. — Хопіць цярпець. Два тыдні таму дзікае паляванне затаптала на верасовай пустцы брата вось гэтага мужыка. Міхалам яго завуць.
Міхал сапраўды нагадваў «Міхала — бурага дзедзіна». Глыбокія маленькія вочкі, скулы шырокія, рукі і ногі — не горш як у Дубатоўка. Вочы яго былі чырвонымі і апухлымі, рукі так сціснулі вілы, што аж суглобы пальцаў сталі белымі. Глядзеў ён змрочна і пахмура, але разумна.
— Хопіць, — зноў сказаў Рыгор. — Зараз нам толькі паміраць і засталося. А паміраць мы не хочам. І ты, Беларэцкі, калі што-небудзь заўважыш, маўчы. Гэта справа наша. І Бог дазваляе на канакрада — усім мірам. Сёння мы іх адвучым не толькі людзей таптаць, але і хлеб есці.
— Гэта ўсе?
— Не, — сказаў мой наваз'яўлены Чортаў Бацька, — гэтыя, на чале з Міхалам, застануцца тут, пад тваёй рукою. А мае чакаюць ля балота, што акружае Яноўскую пушчу, ля Ведзьмаковай ступы. Там яшчэ два дзесяткі. Калі яны пойдуць там — мы іх сустрэнем, калі яны пойдуць невядомай нам, іншай дарогай — сустрэнеце вы. Мы трымаем пад увагай пушчу, Халодную лагчыну і пусткі, што поруч. Вы — Балотныя Яліны. Сустрэча, калі што такое, у Халоднай лагчыне. Калі спатрэбіцца дапамога — дасылайце чалавека.
І Рыгор знік у цемры.
Мы зрабілі засаду. Я загадаў шасці мужыкам размясціцца паабапал дарогі ля самай паваленай агароджы, тром — трохі далей. Атрымаўся мяшок, або, лепей, нерат. Трое павінны былі, у выпадку чаго, перагарадзіць паляванню шлях адступлення. Сам я стаў за вялікім дрэвам ля самай сцежкі.
Я забыўся яшчэ сказаць, што на кожнага з нас было па тры паходні. Дастаткова было, каб асвятліць, у выпадку патрэбы, усё.
Мае людзі ў шкурах як ляглі, так і зрасліся з зямлёю, нельга было адрозніць іх ад звычайных купін, а шэрая аўчына злівалася з шэрай, забітай восенню, травой.
Так мы ляжалі даволі доўга. Месяц плыў над балотамі, мільгацелі там нейкія блакітныя іскры, туман то сплываў у суцэльную, каню па калена, смугу, то зноў распаўзаўся.
Яны з'явіліся, як заўжды, нечакана. Два дзесяткі туманных коннікаў на туманных конях. Бязгучна і грозна насоўваліся яны. Не звінелі цуглі, не чуць было чалавечых галасоў. Бязлюдная маса рухалася да нас. Развяваліся доўгія валасы і плашчы. Паляванне імчала.
А наперадзе, як раней, скакаў кароль Стах, прыкрыўшы капелюхом твар. Мы чакалі, што яны прылятуць, як вецер, але крокаў за сто яны… спешыліся, павазіліся ля конскіх ног, і, калі паехалі пасля гэтага, паехалі павольным крокам, да нас даляцеў зусім нечаканы пасля маўчання ляск капытоў.
Павольна набліжаліся яны. Вось мінулі дрыгву, вось пад'ехалі да агароджы, вось мінулі яе. Кароль Стах ехаў проста на мяне, і я пабачыў, што твар яго белы, як крэйда.
Вось ён амаль ля майго дрэва. Я ступіў з-за яго і ўзяў каня за аброць. Адначасова левай рукою, у якой акрамя рэвальвера быў у мяне стэк, я пасунуў ягоны капялюх на патыліцу.
Трупна-бледны, глядзеў на мяне вялікімі мёртвымі вачыма твар Вароны. Ад нечаканасці ён, напэўна, не ведаў, што рабіць, але затое я добра ведаў гэта.
— Дык гэта вы кароль Стах? — спытаў я ціха.
І перацягнуў яго стэкам па твары.
Конь Вароны стаў дыбкі і кінуўся ад мяне ў натоўп.
У той самы момант грымнулі стрэльбы засады, і ўсё закруцілася ў шалёным моры агню. Уставалі дыбкі коні, падалі коннікі, хтосьці нема крычаў. Я запамятаў толькі твар Міхала, які хладнакроўна цэліўся з доўгай стрэльбы. Сноп агню вырваўся з яе. Потым праплыў перада мною твар скуластага хлопца з доўгімі касмылямі валасоў, што падалі на лоб. Хлопец гэты працаваў віламі, як на таку, пасля ўзняў іх і з жахлівай сілай усадзіў у жывот каня, што стаў на дыбкі. Коннік, конь і хлопец упалі разам. А я стаяў і, нягледзячы на тое, што стрэлы нарэшце загучалі і з іхняга боку, што кулі пасвіствалі ля маёй галавы, на выбар страляў па конніках, што мітусіліся ў нашым коле. Ззаду іх таксама палівалі агнём.
— Браткі, нам здрадзілі!
— Даскакаліся!
— Ратуйце!
— Божа! Божухна!
На тварах гэтых бандзюкоў я пабачыў жах, і радасць помсты авалодала мною. Ім трэба было думаць раней пра тое, што адплата прыходзіць. Я бачыў, як чалавек з дубінай удзёрся ў сярэдзіну коннага натоўпу і біў ёю наводмаш. Уся застарэлая ярасць, усё доўгацярпенне зараз выбухнула прыпадкам нечуванага запалу, баявой смеласці. Хтосьці рыўцом сцягнуў з сядла аднаго з паляўнічых, і конь пацягнуў яго галавою па карэннях.
Праз дзесяць хвілін усё было скончана. Коні без седакоў працягла гігаталі, пехцярамі ляжалі на зямлі забітыя і параненыя. Толькі Варона, як д'ябал, круціўся сярод мужыкоў, адбіваючыся мячом. Рэвальвер ён заціснуў у зубах. Біў ён вельмі добра. Пасля пабачыў у натоўпе мяне. Твар яго перакрывіўся такой жахлівай нянавісцю, што нават зараз я памятаю яго і часам бачу ў сне.
Стаптаўшы канём аднаго з сялян, ён схапіў рэвальвер:
— Трымайся, падла! Адняў яе! Табе таксама не мілавацца!
Селянін з доўгімі вусамі пацягнуў яго за нагу з каня. І толькі таму я не ўпаў на зямлю з дзіркай у чэрапе. Варона зразумеў, што яго зараз сцягнуць з каня, і стрэлам ва ўпор паклаў на месцы даўгавусага.
І тады я, паспеўшы ўставіць новыя патроны, высадзіў у яго ўсе шэсць куль. Варона хітнуўся ў сядле, хапаючыся рукамі за паветра, але ўсё ж павараціў каня, збіў на зямлю скуластага хлопца і памчаў у напрамку да балот. Ён усё хапаўся рукамі за паветра, але яшчэ сядзеў у сядле і разам з сядлом (відаць, лопнула папруга) з'язджаў набок, пакуль не павіс паралельна зямлі. Конь збочыў, і галава Вароны з маху ўдарылася аб каменны слуп агароджы.
Варона з'ехаў з сядла і гопнуўся аб зямлю, застаўся ляжаць на ёй нерухомы, мёртвы.
Разгром быў поўны. Страшнае дзікае паляванне ляжала на зямлі, разбітае рукамі звычайных мужыкоў у першы ж дзень, калі яны трошкі паднатужыліся і паверылі сваім прымхлівым мазгам, паверылі, што нават супраць зданяў можна ўстаць з віламі ў руках.
Я прайшоў па месцы бойкі. Коней сяляне зводзілі ўбок. Гэта былі сапраўдныя палескія дрыкганты, парода, ад якой зараз нічога не засталося. Усе ў палосах і плямах, як рысі або леапарды, з белымі ноздрамі і вачыма, якія адлівалі ў глыбіні чырвоным агнём. Я ведаў, што гэтая парода вызначаецца дзіўнай трывалай машыстай інахаддзю і пад час намёту імчыць вялізнымі скачкамі, як алень. Не дзіва, што ў тумане мне такімі вялізнымі здаваліся іхнія скачкі.