— Добра. Ваша сіла… Радуйцеся, хлопцы… А мы вас таксама правучылі. Няхай хто даведаецца, куды галоўныя крыкуны падзеліся з вёскі Яркі, якую пан Антось Духвіца з зямлі сагнаў? Спытайце ў каго, можа, і даведаецеся. Шкада, што Дубатоўк не загадаў вас удзень падсцерагчы і застрэліць. А гэта ж лёгка было зрабіць, асабліва калі вы да Кульшаў ішлі, Беларэцкі. І я вас нават бачыў тады. Мы яшчэ тады зразумелі, што вы шворку на нашу шыю згатавалі. Кульша старая, хоць і вар'ятка, але магла пра нас нешта рэкнуць. Яна пачала здагадвацца, што была нашай зброяй у дзень забойства Рамана. Давялося яе тады толькі аднойчы з'яўленнем дзікага палявання настрашыць. Галава была слабая, адразу вар'яткай стала.
Я аж кіпеў ад усіх тых агідных учынкаў, ад усіх паскудстваў, пра якія распавядаў мне гэты чалавек. Толькі тут бездань шляхецкага падзення адкрылася мне. І я згадзіўся з Рыгорам, што гэту пароду трэба знішчыць, што яна пачала смярдзець на ўвесь свет.
— Далей, паскуднік!…
— Калі мы даведаліся, што Рыгор згадзіўся шукаць разам з вамі, мы зразумелі, што нам будзе вельмі дрэнна. Тут я ўпершыню пабачыў, як Дубатоўк спалохаўся. Ён аж жоўты зрабіўся. Трэба, кажа, канчаць, і не дзеля багацця, а дзеля ўласнай шкуры. І мы з'явіліся тады да палаца.
— Хто гэта крычаў тады? — сурова спатаў я.
— Хто крычаў, таго больш няма. Вось ён ляжыць… Пацук…
Стахевіч відавочна пацяшаўся, распавядаў пра ўсё з гонарам, хвацка і зухавата, з такім заліхвацкім маладзецтвам, быццам вось-вось «Баладу» Рубінштэйна заспявае, але я добра бачыў, што ён баіцца, хоць добра валодае сабою.
— Ды і я магу амаль так крычаць.
І ён закінуў галаву — жылы надуліся на яго шыі — і пачаў забіраць то вышэй, то ніжэй. Апошні раз я пачуў крык дзікага палявання: нялюдскі, жахлівы, дэманскі.
— Раман! — рыдаў і галасіў голас. — Раман! Раман! Авой! Помста! Мы адпачнём! Раман у дваццатым калене, выходзь!
Голас яго пакаціўся над Волатавай прорвай кудысьці далёка, пачаў пераклікацца з рэхам, запоўніў сабою ўвесь абшар. У мяне мароз пайшоў спіною.
І Стахевіч зарагатаў:
— Ты не выйшаў тады, Беларэцкі. Нічога, на тваім месцы другі здох бы з жаху. Мы спачатку падумалі, што ты спудзіўся, але на другі дзень здарылася амаль непапраўнае. Свеціловіч нарваўся на Варону, які ездзіў для вярбоўкі новых паляўнічых і спазніўся. І гэта было якраз ля сцежкі, што вядзе ў пушчу, да нашай схованкі. А пасля мы прасачылі, што ён сустрэўся з табою, Беларэцкі, у лесе. І хоць ён не сказаў табе гэтага пакуль што, мы разумелі — яму нельга даць ані гадзіны жыцця. Палову людзей накіравалі да трох хвояў. Дубатоўк даслаў Свеціловічу ліст і выбавіў з хаты. А пасля з паловаю людзей, з трыма старымі хлопцамі і навічкамі, паехалі да Балотных Ялін. Сам Дубатоўк спешыўся тады і падкраўся да цябе ззаду. Але ты паспеў ужо даць некалькі стрэлаў, і нашы неабстраляныя кампаньёны кінуліся ўцякаць. І яшчэ адно дзіва: ты наклаў у патыліцу Дубатоўку і так даў яму, што ён дагэтуль не сядае на каня, сядзіць дома. Дома ён і сёння, так што ты сцеражыся, хлоп. А цябе, Беларэцкі, ён добра тады абкруціў. Ты і ачуняць не паспеў, а ўжо яго падсаджваў на каня. Затое з Свеціловічам нам пашанцавала. Варона дачакаўся яго, спытаў коратка: «Адкрыў дзікіх паляўнічых?» Той толькі плюнуў у бок Вароны. Тады Варона стрэліў. І тут з'явіўся ты, страляў па нас, аднаму прастрэліў руку. А пасля ты пабіў станавога, а пасля цябе выклікалі ў павет не без нашай дапамогі. Ты, напэўна, не ведаеш, што цябе павінны былі заарыштаваць, а пасля забіць па дарозе «пры спробе ўцячы». Але ты быў занадта спрытны, д'ябал, табе пашанцавала, і ліст губернатара прымусіў суддзю адмовіцца дапамагаць нам. Ён на каленях маліў Дубатоўку, каб цябе хутчэй застрэлілі. Дарэчы, Варона чакаў тады Свеціловіча пад дрэвамі, страляў па ім і ўжыў такую хітрасць, якой ты ніколі не адгадаеш.
— Чаму не, — раўнадушна сказаў я. — Дубатоўк выдраў з часопіса ў Яноўскай некалькі аркушаў, і з іх зрабілі клак. Вы думалі, што я, калі выб'юся жывым з вашых лап, грунтуючыся на гэтым, буду падазраваць Бермана.
Скручаныя, падобныя на кіпцюры пальцы Стахевіча драпалі сабе грудзі.
— Д'ябал! — ледзь прахрыпеў ён. — Не трэба было нам звязвацца з табою. Але хто думаў? Вось яны, не думаючыя, ляжаць тут зараз, як торбы з дзярмом, нінавошта не вартыя.
Пасля зноў пачаў гаварыць:
— І вось яшчэ наша памылка. Глядзелі за табою, а за хлопамі пакінулі глядзець, за Рыгорам пакінулі. А яны дабраліся да нас, да схованкі, да патаемных сцежак…
І нават ля крыжа Рамана табе пашанцавала, мы забілі кураня, выпусціўшы цябе з лап. Забілі на скаку, не спыняючыся. Кокнулі — і далей. І пасля толькі пайшлі праверыць. І нават тут нарваліся на цябе, як дурні. А пасля знікнуў Гарабурда, і мы вырашылі не вяртацца ў гэтую ноч дахаты, перш чым не здабудзем цябе. Вось і здабылі…
— Хопіць, — сказаў я. — Слухаць брыдка. І хоць ты варты пятлі — мы не знішчым цябе. Мы далі слова. Пасля мы разбяромся і, калі ты будзеш вельмі вінен, перадамо цябе ў губернскі суд, а калі не — выпусцім.
Я не паспеў сказаць гэта, як Стахевіч раптам адштурхнуў двух мужыкоў, вырваўся і з надзвычайнай хуткасцю пабег да коней. Вартавому ён даў нагою ў жывот, ускінуў цела ў сядло і з месца ўзяў намётам. На хаду ён павярнуўся і здзекліва крыкнуў:
— Чакай яшчэ губернскага суда! Я зараз да Дубатоўка, ён на вас, хлопцы, усю шляхту ваколіцы падыме. Вас тут на месцы пакладуць. І табе, хамло сталічнае, не жыць, і шалаве тваёй таксама. А ты, дурны Міхал, ведай, гэта я твайго брата нядаўна стаптаў. Тое самае і табе будзе.
Міхал павёў у паветры руляй доўгай стрэльбы і, не цэлячыся, націснуў на спуск. Стахевіч моўчкі, быццам так трэба было, кульнуўся з сядла, абаранкам некалькі разоў перавярнуўся на зямлі і заціх.
Міхал падышоў да яго, узяў за аброць каня і стрэліў Стахевічу проста ў лоб. Пасля ён сурова сказаў мне:
— Ідзі наперад, атаман. Няўчасна ты з імі добры стаў. Дабрыню прэч. Абыдзецца без марцыпанаў цыганскае вяселле. Ідзі, мы цябе дагонім. Ідзі па дарозе, да Халоднай лагчыны. І не павяртайся.
Я пайшоў. І сапраўды, якое я меў права міндальнічаць з імі. Каб гэты здраднік дабраўся да Дубатоўка — яны б усё наваколле залілі крывёй. А Дубатоўка трэба хутчэй узяць. Трэба ўзяць сёння ж уначы.
Ззаду пачуліся стогны і лямант. Там дабівалі параненых. Я паспрабаваў павярнуцца — і не мог. Шчыпала ў глотцы. Але хіба яны не зрабілі б з намі яшчэ горшага?
Дагналі яны мяне на палове дарогі да лагчыны. Імчалі на дрыкгантах з віламі ў руках.
— Сядай, атаман, — дабрадушна сказаў мне Міхал. — З гэтымі скончылі. А прорва-матухна не раскажа нікому. Вось як з імі…
Я зусім спакойна адказаў:
— Ну і добра. А зараз хутчэй да Рыгора. Пасля, разам з ім, пойдзем на дом Дубатоўка.
Мы дамчалі да лагчыны ў вокамгненне і там таксама заспелі самы канец трагедыі. Рыгор і два дзесяткі мужыкоў збіліся ў лагчыне. Рыгор стрымаў слова, хоць са спайманымі ўдзельнікамі палявання не ўчынілі расправы, як з канакрадамі, а проста забілі. Перад Рыгорам ляжаў на спіне апошні з жывых: зусім маладзенькі шляхцюк. Я так і кінуўся да іх. А той, пазнаўшы па маёй вопратцы, што я не селянін, раптам закрычаў:
— Матулька! Матулька! Мяне забіваюць!
— Рыгор, — узмаліўся я. — Не трэба, ён зусім яшчэ малады:
І я ўчапіўся ў яго плячо, але тут мяне схапілі ззаду за рукі.
— Прэч! — гаркнуў Рыгор. — Бярыце яго! Боўдур! А яны дзяцей з Яркоў шкадавалі? Тыя з голаду здыхалі… з голаду! Чалавек есці, па-твойму, не мае права?! У яго матулька! А ў нас матулек няма?! А ў Міхалавага брата не было матулькі? А ў цябе яе няма, што ты такі добры?! Слюнцяй! А ты ведаеш, што гэты вось «хлопчык малады» сёння Сымона, Зосьчынага брата, застрэліў! Нічога, мы ім зараз учынім, як у песні, «Ваўкалакаву ноч».
І Рыгор, павярнуўшыся, з сілаю ўсадзіў вілы ў тое, што ляжала на зямлі.
Я адышоў убок і сеў на кукішкі. Мяне пачало ванітаваць. І я не адразу пачуў, як Рыгор, калі забітых пакідалі ўжо ў багну, падышоў і ўзяў мяне за плечы:
— Дурань ты, дурань… Ты думаешь, мне не шкада? Сэрца крывёю абліваецца. Спаць спакойна, здаецца, ніколі ў жыцці не змагу. Але цярпець дык цярпець, а калі пачалі ўжо — дык да канца. Каб ніводнага не пакінуць, каб толькі мы адны, пад кругавой парукай, ведалі. «Малады»! Ты думаеш, не вырасце з гэтага маладога стары гад? Вырасце. Асабліва пры ўспамінах аб гэтай ночы. Так будзе нашага брата, хлопа, шкадаваць, што дзіву дасіся… Пусці яго — суд сюды з'едзецца. Мяне з табою — у пятлю. Міхала і астатніх — на катаргу. Крывёю наваколле зальюць, шмагаць будуць так, што мяса з задніц шматкамі паляціць.