— Я разумею, — адказаў я. — Трэба, каб ніводны з іх не ўцёк. Я толькі што Свеціловіча ўспомніў. Трэба, браце, падавацца да апошняга з жывых, да Дубатоўка.
— Добра, — ласкава прабурчаў Рыгор. — Вядзі.
І атрад рушыў за мною ў бок дома Дубатоўка. Мы ляцелі намётам, і коні імчалі так, як быццам за намі гналіся ваўкі. Месяц цьмяна асвятляў нашу кавалькаду: кажухі мужыкоў, вілы, змрочныя твары, пудзілы на некаторых конях. Нам давялося агінаць балота вакол Яноўскай пушчы. Мы даволі доўгі час марудзілі там, пакуль перада мною не ўзніклі верхавіны ліп ля дома Дубатоўка. Месяц заліваў іх мярцвячым святлом, і, нягледзячы на позні час, пад ліпамі міргалі тры ружовыя агеньчыкі.
Я загадаў людзям спешыцца сажнях у пяцідзесяці ад дома і акружыць яго плотным колам. Паходні трымаць у руках і быць гатовымі па сігналу запаліць іх. Загад выканалі моўчкі. Сам я пералез праз нізенькую агароджу ў сад і пайшоў між радамі амаль ужо голых яблынь, залітых мігатлівым святлом месяца.
— Хто з коньмі? — спытаў я ў Рыгора, які ішоў за мною.
— Хлопец адзін. Ён, у выпадку чаго, сігнал нам дасць. Свішча надта ўжо добра. Проста салавей-разбойнік: коні на калені падаюць.
Мы краліся далей, і боты нашы мякка ступалі па мокрай, ільснянай, як мак, зямлі. Я падышоў да акна: Дубатоўк быў у пакоі і нервова хадзіў з кута ў кут, часта пазіраючы на вісячы гадзіннік.
Я ніколі не бачыў такога твару. Гэта быў другі Дубатоўк, і тут, сам-насам з сабою, вядома, сапраўдны. Куды падзеліся дабрыня, памяркоўнасць, ружовы твар каляднага дзеда. Гэты твар быў жоўты, з моцна апушчанымі кутамі рота, з рэзкімі зморшчынамі ля носа. Вочы запалі, глядзелі мёртва і змрочна. Я жахнуўся, пабачыўшы яго, як жахаецца чалавек, які праспаў ноч у ложку і толькі ранкам знайшоў у ім змяю, якая залезла туды для цеплыні.
«Як я мог быць такім бестурботным?» — з жахам падумаў я.
Не, з ім трэба было канчаць. Ён сам — больш небяспечны, чым дзесяць дзікіх паляванняў. Добра, што я пазбавіў яго тады на некаторы час магчымасці ездзіць верхам, іначай мы б не выкруціліся. Ён бы не паехаў проста на кулі, ён бы не драбніў атрад, ён бы раздушыў нас з Рыгорам, як кацянят, капытамі сваіх коней, і зараз мы ляжалі б недзе на дне прорвы з выкалатымі вачыма.
— Дасылай сюды, Рыгор, чалавек сем. Яны будуць выбіваць дзверы тут, вы — з параднага ўвахода, а я паспрабую ададраць дошку ў імшаніку і кінуцца на яго. Толькі ўсім адразу.
— А можа, паспрабаваць выдаць сябе за паляванне, пастукаць у акно і, калі адчыніць, схапіць. Сваякоў ён на гэтую ноч адаслаў, сам у доме, — прапанаваў Рыгор.
— Нічога не атрымаецца. Гэта хітры ліс.
— А ўсё ж паспрабуем. Разумееш, крыві шкада…
— Глядзі, хлопча, каб горш не было, — пакруціў я галавою.
Коней падвялі да дома. Людзі мае загаманілі. Я з радасцю пабачыў у акно, што твар пана Рыгора прасвятлеў, як быццам ён дачакаўся нарэшце. Ён пайшоў са свечкаю да дзвярэй, але раптам спыніўся, непаразуменне адбілася на яго твары. У той самы момант ён дзьмухнуў на свечку, і пакой патануў у цемры. Справа зрывалася.
— Хлопцы! — крыкнуў я. — Акружайце дом.
Пачуўся тупат бягучых ног, воклікі. З двух бакоў пачалі ламаць дзверы, біць у іх цяжкім. А з мезаніна адначасова прагучаў стрэл.
І адразу за стрэлам пачуўся з вышыні нялюдскі ад ярасці голас:
— Абклалі, сабакі. Чакайце! Шляхта так не здаецца!… З другога акна мезаніна вылецеў сноп агню. Дубатоўк, відаць, перабягаў ад акна да акна, страляючы ва ўсе бакі па падступаючых людзях.
— Ого, ды ў яго там цэлы арсенал, — ціха сказаў Рыгор.
Словы яго перарваў яшчэ адзін стрэл. Малады хлопец поруч са мною пакаціўся па зямлі з прабітай галавою. Дубатоўк страляў лепш за лепшага паляўнічага-палешука. Яшчэ стрэл.
— Прыціскайцеся да сцен! — крыкнуў я. — Там кулі не дастануць.
Кулі нашых хлопцаў, што стаялі за дрэвамі, адбівалі трэскі ад бярвенняў мезаніна, пырскалі атынкоўкай. Але зразумець, у якім акне з'явіцца Дубатоўк, было нельга. Перамога наша абяцала быць Піравай.
— Андрэй! — грымеў голас Дубатоўка. — Ты таксама атрымаеш сваё. Па маю душу прыйшлі, д'яблы — аддасцё свае душы!
— Паходні паліце, — крыкнуў я. — Кідайце іх на дах. У той самы момант палыхнулі вакол дома тры дзесяткі агнёў. Некаторыя з іх, апісаўшы ў паветры паўкола, падалі на дах і, распырскваючы вакол сябе смалу, паступова пачыналі працягваць языкі полымя да акон мезаніна. У адказ на гэта пачуўся роў.
— Сорак на аднаго! Ды і то агнём карыстаецеся! Высакароднасць!…
— Маўчы! — крыкнуў я. — А на адну дзяўчыну дваццаць коннікаў выпускаць высакародна?! Унь яны, твае коннікі, зараз у багне ляжаць. І ты там будзеш.
У адказ ля маёй галавы цокнула аб атынкоўку куля.
Дом Дубатоўка палаў. Жадаючы быць далей ад сценкі, я мятнуўся да дрэў і ледзь не ўпаў: куля караля Стаха праспявала ля майго вуха. Нават валасы заварушыліся.
Полымя ахапіла мезанін. Я ўскінуў рэвальвер і адначасова стрэліў.
Дубатоўк дзіка завыў.
Полымя заглядвала ў мезанін, і там, у агні, самі пачыналі страляць загадзя зараджаныя стрэльбы. Мы супакоіліся і зусім былі адышлі ад дома, які ператварыўся ў суцэльную свечку, калі раптам голас хлопца ля коней устрывожыў нас. Мы глянулі ў той бок і ўбачылі Дубатоўка, які вылез з закінутага сутарэння сажняў у пяцідзесяці ад дома.
— А-ах, — прарыпеў зубамі Рыгор. — Забылі, што ў лісіцы ў нары заўжды другі ход ёсць.
А Дубатоўк, пятляючы, бег у напрамку да Волагавай прорвы. Правая рука яго вісела. Відаць, я ўсё ж пачаставаў яго.
Ён бег з хуткасцю, нечаканай для яго таўшчыні. Я стрэліў з рэвальвера — далёка. Цэлы залп вырваўся са стрэльбаў маіх людзей — хоць бы што. Дубатоўк прабег невялікі паплавок, з маху кінуўся ў балота і пачаў скакаць па купінах, як коннік, з такой хуткасцю, што ў вачах мільгацела. Апынуўшыся на бяспечнай адлегласці,ён пагразіў нам кулаком.
— Трымайцеся, пацукі!… — даляцеў да нас ягоны страшны голас. — Ніводнаму з вас не жыць. Шляхецтвам, імем, крывёю сваёй клянуся — выражу вас разам з дзецьмі.
Мы былі ўражаны. Але ў гэты момант свіст такой сілы, што ў мяне забалела ў вушах, аддаўся над балотамі. Я глянуў у той бок і пры святле пажара ўбачыў, як хлопец торкнуў аднаму каню проста пад хвост калючы сухі бадзяк. Зноў свіст…
Статак дзіка гігатаў. Коні ставалі дыбам. Зразумеўшы план гэтага юнака, мы кінуліся да дрыкгантаў і пачалі сцябаць іх. У наступны момант ахоплены панікаю статак памчаў да Волатавай прорвы. На некаторых конях яшчэ сядзелі постаці фальшывых паляўнічых.
Дзікі пошчак капытоў раздзёр ноч. Коні імчалі як шалёныя. Дубатоўк, відаць таксама зразумеў, чым гэта пахне, і, азваўшыся шалёным крыкам, пабег з хуткасцю роспачы балотнай сцежкай. Ён бег, а коні за ім, прывучаныя да гэтага тым, хто зараз уцякаў ад іх.
Мы бачылі, што шалёна імчала дзікае паляванне караля Стаха, пазбаўленае коннікаў. Развяваліся ў паветры грывы, твань ляцела з-пад капытоў, і зорка гарэла над галовамі коней.
Бліжэй! Бліжэй! Адлегласць паміж Дубатоўкам і шалёнымі коньмі змяншалася. У адчаі ён збочыў са сцежкі, але звар'яцелыя коні збочылі таксама.
Крык, споўнены смяротнага жаху, даляцеў да нас:
— Ратуйце! О, кароль Стах!…
У той самы момант ногі ягоныя з маху ўскочылі ў бездань, а коні наздагналі яго і пачалі правальвацца. Першы дрыкгант змяў яго капытамі, уціснуў глыбей у смярдзючую багну і загігатаў. Забулькацела, загаварыла дрыгва.
— Кароль Стах!… — даляцела да нас.
Пасля нешта вялізнае заварочалася ў глыбіні, глытаючы ваду.
Пасля коні і чалавек зніклі, і толькі вялікія булькі засіпелі на паверхні.
Як свечка, палаў палац апошняга «рыцара», рыцара начных разбояў і воўчага сонца. Мужыкі ў вывернутых кажухах і з віламі ў руках стаялі вакол дома, залітыя чырвоным трывожным святлом.
РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ
Я з'явіўся дадому брудны, стомлены і, калі вартаўнік адчыніў мне дзверы, адразу прайшоў да сябе. Нарэшце ўсё было скончана, нарэшце раздушылі чыгунную дзікую сілу. Я быў такі выснажаны, што, запаліўшы свечку, ледзь не заснуў на ложку, напалову сцягнуўшы адзін бот. А калі я лёг, усё паплыло перад маімі вачыма: балоты, полымя над домам Дубатоўка, мерны пошчак капытоў, коннікі, жудасныя крыкі, твар Рыгора, які апускае цяжкія габлі-трайчаткі. І толькі потым цяжкі сон зваліўся на мяне, уціснуў галаву ў падушку, як конь капытом галаву Дубатоўка. Нават у сне я жыў падзеямі ночы: бег, страляў, скакаў і адчуваў сам, што ногі мае рухаюцца, бягуць у сне.