Дзікі голуб: апавяданні
Рэдактар А. Масарэнка.
Мастак Г. Грак.
Мастацкі рэдактар I. Славянін.
Тэхнічны рэдактар Г. Федарук.
Карэктар А. Глушчанка.
Дзікі голуб
Гэта было год дваццаць назад...
Але раскажу спярша, што было летась.
Я ехаў дадому, не — спярша ляцеў. Жаўтаваты "АН-2" (у аэрапорце, дзе грэліся на сонцы, нібы шчупакі каля плыткага берага, доўгія "ТУ", ён здаўся мне бог ведае якою старызнаю) доўга вісеў, што лёгкі камар, над чорнымі палеткамі ўжо зааранага на зіму ржышча, над блішчастымі, вузенькімі і ў адных петлях рэчкамі — здаецца, наступі нагою — і запыніш, над маленькімі, хоць збяры ў жменю, вёскамі, над лесам: зверху выдавала — гэта не лес, а растрэсены мох. З моху курыўся сіні дымок, як тлела папяроса: недзе быў пажар.
Лес там-сям быў жаўтаваты — на асінах і бярэзінах чэзла лісце. Стаяла восень — чорствая, сухаватая — ужо капалі картоплі. Каля Наваградка, калі самалёт пачаў зніжацца, даганяючы свой цень, кабеты з гародаў, абапёршыся на капачы, узіраліся на нас, мусіць, як на лялек у кругленькіх вокнах-ілюмінатарах.
Самалёт дагнаў свой цень, цвёрда стукнуўся, аж скрыпнуўшы ад злосці, і заскакаў па зялёным аблогу; траву гнуў, усё роўна як падлізваў, вецер ад прапелера.
Не верылася, што ўжо Наваградак: жоўтыя вяргіні млеюць ад цеснаты ў гародчыках і хіляцца на плот, чырванеюць буйныя яблыкі ў дробных садках, таўкатня каля аўтобуса на станцыі — і праз якое паўгадзіны ты будзеш дома.
А кругом, як другое царства — старадаўняе, бо ў аўтобус зайшоў чалавек у суконным фрэнчы з кішэнькамі на грудзях, з прыклееным да губы білецікам, каб бачылі ўсе, і яму крычыць бялявая, шырокая ў крыжы кабета, ставячы на сядзенне кошык з капачамі:
— Міхалко, ці ж узёў мне білет?
Аж ёкае сэрца ад нейкае дзікаватае, нязвыклае радасці — гэта ўжо наша гутарка.
— Хібо не бачыш...
I доўга гуркоча, як нешта там у яго саржавела, і ніяк не заводзіцца аўтобус — круглы, кароценькі, з тонкаю рэйкаю на падлозе — мусіць, пасля рамонту. Я помню, такія аўтобусы хадзілі ў Мінску год пятнаццаць назад недзе ўсё на край горада — то на Грушаўскі пасёлак, то на цагельню.
— Садзіся, чаго стаіш,— сапе, не аддыхаўшыся, кабета і здымае з сядзення кошык з капачамі.
— На тым тыдні сядзеў, на гэтым пастаю,— разам з губою варушыцца ружовы білецік.
Шафёр, малады, няголены хлапец у стракатай кепцы, за доўгую блішчастую ручку зачыняе дзверцы — нарэшце паедзем: аўтобус дрыжыць, востра дзынкаюць шыбы; каля мяне адна "ўтоплена", і ніяк яе не падкруціш угору: зламалася ручка.
— Пачакай, браток, дочачка асталася тамака,— схамянуўся чалавек і чапіў шафёра за плячо.
— Цьфу, каб ты не даждоў разам з ёю! — нагінае галаву і адварочваецца кабета.
Толькі цяпер я ўспомніў, што каля аўтобуса дробненька круцілася, усё хаваючыся за нечыя ногі, чорная сучачка.
Шафёр абярнуўся, падняў брыво і пацягнуў за доўгую ручку.
Чалавек зняў з губы білецік, высунуўся з аўтобуса і паклікаў:
— Мушка, цю-цю-на! Мушка...
Сучачка скочыла ў аўтобус і палахліва задрыжала, затрапяталася ў чалавека каля ног. Ён узяў яе на рукі і ўмасціўся на сядзенне каля дзверцаў — мы паехалі: застракацелі запыленыя платы, вішні — жоўта-чырванаватае ў прамежку з зялёным лісцем, вокны з белымі ліштвамі, і ў некага на падаконніку я ўбачыў памідоры. I нешта зашчымела ў грудзях: падумалася пра дом, пра памідоры, што некалі таксама спялілі на сонцы, на цёплым акне. Як гэта даўно было! Колькі ж я не жыву дома?! I ўжо як счужэла ўсё тут, і гутарка, і шаша, і мне было трохі нязвыкла, што няма бруку, а шарэе асфальт, дзе на трэшчынах заліты тлустаю смалою. Гэта адтуль, з дому, ідуць машыны і гудуць, як вялікія чмялі, мінаючыся з аўтобусам. I недзе туды бяжыць бензавоз — пад ім матляецца ланцужок, нібы пупавіна ў ягняці. Фыркае халодны вецер праз адчыненае акно і студзіць, што аблівае халоднаю вадою, маё плячо.
— Сцішылася, як дзіцятко,— кажа нейкая маладзіца ў плюшавым сачыку, прыглядаючыся да сучачкі.
А мне пачынае здавацца, што я недзе бачыў гэтую маладзіцу, гэты чырванаваты круглы твар і нават помню яе голас. Толькі дзе, калі? I не магу ўспомніць...
— Балазе знайшоў сабе забаўку,— усё скоса паглядае на свайго чалавека дзябёлая бялявая кабета з кошыкам і капачамі.
Чалавек адварочваецца, як не да яго гавораць, і маўчыць. Сучачка дрэмле ў яго на каленях і раптам палахліва ўздрыгвае, адкрываючы вочы, і пільна глядзіць на маладзіцу ў плюшавым сачыку.