Назаўтра была нядзеля, быў пагодны дзень з вастраватым ветрам. Толькі ў зацішку, дзе за вугламі прыгравала сонца, была астатняя, трохі пякучая яго ласка, як у немаладое кабеты. I я хадзіў у мястэчка — гэта таксама наш даўнейшы звычай нядзеляю ці святам хадзіць у мястэчка, хадзіць так сабе, дзеля размаітасці, дзеля весялосці таптацца купкаю на рынку, стаяць ля крам.
Цяпер здавалася смешнаю і дзікаватаю гэтая весялосць, было ўжо дзіўна, што цяпер гэтаксама, як некалі, маладзіцы з вёсак мераюць, дастаўшы з кошыка, адломаным ад дзеркача дубчыкам чаравікі для дзяцей, а дзядзька, успёршыся на прылавак, панура глядзіць на хамуты — на ніжняй губе ў яго вісіць, прыклеіўшыся, папяроса, дым заходзіць у вока, і ён жмурыць яго.
На вуліцы каля плота стаялі кабеты: каля ног у іх валтузіліся ў мяшках парасяты — мусіць, уставалі на ногі і тыцкаліся лычамі, паднімаючы мяшок. П’яны чалавек з рудым, спечаным на сонцы тварам, з расхрыстанаю белай грудзінай крычаў маладым хлопцам, пэўна, са свае вёскі:
— Каму даць у морду?
— Усім, дзядзька. Пачынай па парадку,— азваўся баявейшы з іх.
I чалавек, падышоўшы да хлопцаў, стараўся абняць за плечы ўсіх.
Гэта быў таксама наш звычай. I гэтаксама, як і некалі, быў кірмашовы дзень: за высокім плотам з адламанымі дошкамі, са сцежкамі праз нечыя картоплі да гэтых дзірак стаяла некалькі вазоў, параспраганыя коні ў аглоблях, а на вазах цэбры са слівамі, скрынкі з грушамі, але іх мала хто купляў, людзі — адны кабеты — збіліся пад навесам, дзе прадавалася адзежа. Чырвонае маладое дзяўчо мерала зялёнае паліто.
— Дальбог, сядзіць як уліта.
— Як на яе і шылі...
— Дзіва што, каб за такія грошы не пашыць,— сказаў нейкі чалавек, і зноў у суконным фрэнчы і суконных галіфэ, падступаючыся на камень, каб бачыць, што там робіцца.
Бабы азірнуліся, і я ўчуў, як некаторая з іх сказала, ужо пра мяне:
— А во, Бронін прыехаў.
Мне зрабілася ніякавата, і я пайшоў і, здаецца, доўга чуў на спіне іх вострыя позіркі, пайшоў дадому — не шашою, а сцежкаю, што адлучылася ад шашы пад рэчку. Сышоўшы на рудаватае выпасенае балотца з вяночкамі зялёнае травы, адчуў лёгкую радасць, што я адзін, што дыхае тугаваты востры ветрык і паднімае крылы пінжака, халодзіць грудзі і недзе пад пахамі цячэ за плечы, што раптоўна шуміць і раптоўна сціхае алешнік — яшчэ зялёны здалёк, а зблізку лісце ўсё ў дзірках і спаднізу карычняватае, і наападала яго многа, і яно суха шасціць пад нагамі.
А калі ўлягаўся вецер, было чуваць, як ціхенька пляскалася вада ў рэчцы, нібы там купалася маладое дзяўчо і баялася, каб хто яго не ўбачыў.
Я пайшоў берагам: на вадзе бліскала, пералівалася і сляпіла ў вочы разарванае сонца — рабаватыя палоскіцені беглі па пяску на дне, і перакочваўся там-сям счарнелы альховы ліст-тапелец. Зялёнаю шапкаю водарасцяў выглядалі з рэчкі купіны. Пры беразе хісталася высокая, збэрсаная павуціннем мятліца і варушыліся дзе падсохлая крапіва і карычняваты шчаўюк.
Я падышоў да грудка, дзе некалі стаяла Марцінава хата, і здзівіўся, што няма тае высокае старое алешыны, што рэчка падмыла груд — сярод вады ляжаў пень, тоўстымі счарнелымі карэннямі ўгору, каля яго віравала вада, круцілася, плавала жаўтаватая шапка шумавіння, лазовы дубчык матляўся і выводзіў на вадзе глыбокі равок — здавалася, корч плыў проці вады і цягнуў яго за сабою.
Я перайшоў кладкаю на другі бераг. Яна ледзьве ліпела: нехта клаў на ёй агонь — павыпальваў жэрдкі. На другім беразе цягнуліся каровы, шукалі лепшае травы, адмахваючыся галовамі ад куслівых асенніх мух. Адна, бязрогая, рабая, тупавата глядзела з высокага берага ў рэчку — мусіць, хацела піць.
I балотца каля грудка здалося мне чужым і голым — і я ўспомніў, што тут павысякалі малады алешнік: на купінах каля корчыкаў рос марны хвошч, сохлі кучкамі жаўтаватыя воўчыя грыбы на танюсенькіх ножках. Толькі адзінока сумаваў разложысты кусцік старое шыпшыны, і на ім чырванелі спелыя ягады.
Я падняўся на грудок, і нейкаю жальбою агарнула маю душу. Там, дзе некалі былі хвоечкі, цяпер маўкліва цямнеў сіваваты малады лясок, пасеяны год дзесяць назад, ужо не пры мне. Высока над ляском, і не было відаць дзе, драў горла крумкач — расцяжна і счакаўшы — крум-крум. А тут, дзе стаяла некалі хата, горбаю ляжала патрушчаная цэгла, між яе выбілася трава і паднялася ўжо высокая бярэзінка; каля круглага каменя пераспела і хісталася сухая крапіва, а там, дзе быў якраз покуць, цвіло ліловым цветам каліва смакатухі. Сярод двара, недалёка ад котлішча, зелянела таўставатая ліпка з адламаным вяршком — я ўжо і не помню, ці расла яна тут.