I мне зрабілася тужліва, што няма хаты, раптоўнага брэху сабак, старое алешыны — усяго таго, што было памяткаю малых год. Я заплюшчыў вочы і, здаецца, зноў убачыў Марцінаву хату, купіны зялёнага сыраватага моху на страсе, кошык на шчытку для галубоў, і, здаецца, учуў, як зайшліся ад злосці і недзе з-за вугла пакаціліся да мяне сабакі. I неяк раптам ціха, нібы баючыся, іх паклікаў Марцін:
— Цю-цю-на-а, цю-цю-на-а.
Я адкрыў вочы, пастаяў яшчэ колькі і пайшоў.
Халаднаватасць вечара кралася на балота — цень ад мяне быў доўгі і доўгі цень ад алешніку. Недзе далёка на полі надрываўся і раптам глух трактар. За алешнікам, на шашы, з ляскам страляла машына, потым нізка і густа гула, нібы пад зямлёю. З гвалтам ляцелі, расцягнуўшыся, гракі — астатні крычаў, усё роўна як ікаў. Зашарахцела грамадка шпакоў, і даўгахвостая тоненькая пташачка ціліўкала, даганяючы іх.
Адсвечвалі чырванню вокны ў нашай вёсцы — там яснелі галасы, рыкала недзе ў гародах каля вёскі цяля.
Я аглянуўся на Марцінаў хутар: сонца стаяла нізка — баба качаргой дастане — якраз над тым грудком, дзе была калісь Марцінава хата. На балоце, як хто накінуў вялікую сетку, блішчала танюсенькае павуцінне.
I мне зноў падалося, як недзе там, на грудку Марцін клікаў сваіх сабак:
— Цю-цю на-а, цю-цю на-а!
Я, здаецца, выразна чуў яго голас.
Кароль Нябожа
Летась на «рускага Пятра» (яго рэдка дзе цяпер святкуюць у нашым баку) малодшыя ў вёсцы бабы спраўлялі «велькую гарэлку» — пілі цэлым звяном, балазе кончылі палоць лён.
Пасля шчырага дажджу, полуднем, вецер сушыў купіны зялёнага моху на страсе і вымытую ўдзень даёнку на плоце. Толькі на вішні, перад акном, матляхала яшчэ сыраватымі рукавамі зношаная, з вырваным плячом, рубашка — страшыдла ад сарок і шпакоў — і на лічаннях капусты, што расла ў гародчыку і не бралася яшчэ ў галоўкі, дрыжала растопленым волавам тлустая вада.
Перад парогам у пустым карыце чубіліся біцца, натапырваючы мокрае пер’е, бясхвостыя пеўнікі, і на прыгуменні мыкала, закруціўшыся вяроўкаю за калок, пярэстае цяля.
Але ў хаце не чулі. П’яныя бабы ўставалі з цвёрдае лавы, адпіхалі жыватамі стол і выходзілі на сярэдзіну хаты. Пабраўшыся ў пары, шоргалі босымі нагамі па чорствым гліняным таку; па жоўтых сухаватых лытках матляліся чорныя паркалёвыя спадніцы, і ў вокны віўся клубкамі пыл — горкі, ад яго пяршыла ў роце.
Толькі адна, каторая не мела пары, сядзела на покуце, выцінала языком польку і біла па стале счарнелаю дзеравянаю лыжкаю; на край ехалі шчарбатыя алюміневыя відэльцы, а ў шклянцы калыхалася і, здаецца, аж курылася сівая, як туман, недапітая на палец самагонка.
Бабы прытупвалі сухімі патрэсканымі нагамі і падспёўвалі: «Цягнуў ногу на дарогу, як выцягнуў, так пайшоў». Хусткі ў іх з’язджалі на патыліцы, і было відаць, як трасліся дробныя, сабраныя з рэдкіх пасечаных валасоў, іхнія куклы.
Змогшыся, бабы пападалі на ложак і там ужо аддыхваліся, падцягвалі на клубах спадніцы, убіралі за пояс кофты і папраўлялі валасы. Шчокі ў іх раз’ятрана гарэлі. Толькі тая, чарнявая, дробная ў твары, што сядзела на покуце і выцінала языком польку, была спакойная і, падсунуўшыся цяпер да акна, глядзела на двор: з вуліцы ў надворак заварочвала фурманка. Вялікі гняды конь з сытымі персямі раптам тузануўся і стаў — зачапіўся задняю воссю за рог плота. На частаколіне заварушылася даёнка, і з перапуду, махнуўшы голымі крыллямі, ад карыта адскочылі цыбатыя кураняты.
— Ці не стары Кароль Нябожа прыехаў? — спытала чарнявая маладзіца, не азіраючыся на хату.
— Дзе? — бабы пасхопліваліся з ложка і павіслі перад акном адна адной на плечы.
— Нос у яго велькі, дальбог, пачуў гарэлку,— сказала некаторая з тых, што глядзелі праз другое акно.
— Гэты нос і так ужо набраўся.
Конь пацягнуўся да травы, і на вочы яму пасыпалася скалмачаная, у шышках ад дзядоўніку, грыва. Зноў затрашчаў плот.
— Дальбог, загарадзь паломіць! — забедавала вялікая бялявая гаспадыня, кінулася ў сені і не зачыніла за сабою дзверы.
Счакаўшы, за ёю выбеглі ўсе. Узяўшыся за цуглі, бялявая заварочвала каня: воз крута вярнуўся набок, аб драбінку шоргала пярэдняе кола.
— Назад, назад трохі дай,— крычалі ад парога бабы,— бо, дальбог, выкінецца чалавек з воза.— I беглі брацца за дышаль, каб адцягнуць воз назад.