Выбрать главу

— Авой, гэта ж ён нежывы! — крыкнула адна і адскочыла ад воза.

Разапрэлыя бабы раптам звялі, працверазелі і сціхлі. На возе ў палукашку, прутка выцягнуўшы ногі, ляжаў з адкрытымі невідушчымі вачыма сухі і скамянелы ў твары Кароль Нябожа. Шапка ў яго з’ехала — вецер перабіраў сівыя валасы...

***

Караля ў той дзень бачылі ў мястэчку: было гэта пад дванаццаць — ён стаяў з возам каля пераезду. Мільгаючы зялёнымі вагонамі, прайшоў прыгарадны цягнік, але шлагбаума яшчэ не падымалі.

— То адчыняй, чаго стаяцьму! — крыкнуў з воза Кароль. Ён сядзеў на анучах, натрамбаваных пад самыя драбінкі; яго востры і загнуты да губы нос глядзеў з-пад салявога мяшка, насунутага на самыя вочы: разышоўся той самы дождж, што рабаціў гладкае каменне на шашы і крапіў палеглую ад пылу траву ў канаве.

«Пераездчык» усміхнуўся, не адкрываючы, а толькі расцягваючы губы, заткнуў за халяву скручаны жоўты флажок і пайшоў паднімаць шлагбаум; на канце брыля ў яго дрыжалі дажджавыя кроплі.

Недзе на станцыі аціхаў цягніковы шум, а тут, на пераездзе, яшчэ ляскалі мокрыя рэйкі. За чорным насмаленым дахам доўгага склада вяла ўставаў густы, хоць ты па ім качайся, белы дым. А тут пырскаў, шапацеў, як што шукаў, дождж. Блішчала мокрая бляшаная страха на пераезднай будцы. Цвіў зялёным лішаём на другі бок чыгункі нізкі плот.

Кароль думаў, што вот мокнуць анучы і можа прыйдзецца варочацца дадому і што вот круціць — абы дождж — руку, а ён ад самае зімы ніяк не збярэцца да доктара.

— Эй, чаго заснуў!—ляпнуў дзвярыма «пераездчык» і схаваўся ў будцы.

Кароль тузануў за слізкія лейцы, конь уздрыгнуў мокраю скураю, натужыўся і пайшоў. На пераездзе падкінула і пачало трасці воз.

Мястэчка было мокрае, соннае: па гонце на стрэхах, па цёмным бэзе ў гародчыках холадна расіў дождж. Нізкія прысадзістыя яблыні хавалі ў сваім лісці дробныя, з курачае яйцо, яблыкі. За рогам высокага плота востра трашчаў і раптам глух нядужы матацыкл: там была аўтобусная станцыя — конь завярнуў туды; ён ведаў дарогу сам. Тут ціханька мок пусты, з адчыненымі дзверцамі аўтобус, а бабы сядзелі пад навесам і чакалі «свайго».

Прыпёршыся да слупка, стаяў мужчына з перавязаным вокам, на хустцы цямнела, запёкшыся, кроў.

— Ці не Восіп? — Кароль адхіліў ад вачэй салявы мяшок і пазнаў з свае вёскі колішняга брыгадзіра.— Хто ж гэта цябе так?

— Хто ж, як не свой! Швагер вунь... — чалавек падняў галаву.— У бальніцу іду, хай спраўку дадуць.

— Ага...— Кароль скіраваў у вулачку між глухою сцяной хаты і драцяною загараддзю ў дзве столкі. За ёю ўжо цвіла ліловым, як вылінялым, цветам ранняя картопля.— Б’юць? А табе і не вадзіць. Думаў — век будзеш цараваць? Прыйшло і на цябе...— Кароль ужо гаварыў сам сабе.

Колы шоргалі па пяску, ён браўся за шыны і адвальваўся ў каляіны сырым цестам.

За картоплямі, за драпяною загараддзю на голым дворышчы шэрхлі на дажджы козы: у аднае на шыі целяпалася качалка. Каза паднімала абедзве нагі разам і скакала да калючага дроту, у картоплі.

— Куды цябе нясе? — крыкнула і адлучылася ад шэрае сцяны блізкае хаты босая кабета без хусткі.

Кароль пазнаў дурнаватую Бортнікаву дачку — вярнулася хворая з Нямеччыны, так і не выздаравела. Бортнік памёр нагле на згоне зімы. Кароль так і застаўся вінен яму тры рублі — пазычыў яшчэ восенню.

— Тпру! — Кароль прыпыніўся і пачаў абмацваць на грудзях кішэньку — там меліся быць грошы.— «Трэба аддаць, аддаць хоць ёй. Чужога не спажывеш».

Прыпынілася і маладзіца. Яна была ў адной сукенцы на голае цела. У белых, роўных, як пруткі, валасах сядзеў грэбень. У руцэ яна трымала сукаваты, з сухое грушы, кіёк.

— Як жа цябе зваць? — абедзвюма рукамі Кароль зняў з галавы мяшок. За шыю пачаў церусіць халодны дождж.

— А ты не ведаеш, ці што? — маладзіца калупала сукаватым кійком пясок.

— Ведаю, таму і хачу аддаць табе грошы. Некалі быў пазычыў у бацькі,— Кароль разгладжваў скамечаныя паперкі.

Маладзіца глянула спадылба і не падняла галавы.

— Мяне не вельмі купіш...

I пайшла, ступаючы шырока, па-мужчынску, і б’ючы грушавым кійком па калючым дроце: дрот звінеў, з яго пырскала вада.

— Но-о, каб на цябе воўк! — Кароль махнуў рукою, прыпаднімаючыся і шукаючы пад сабою пугу.— Вот зачапі такую. Но-о-о!

Кароль круціў над галавою лейцы. Конь туліў вушы, адварочваўся ад дажджу. Кароль скіраваў на цвёрдую, уезджаную машынамі вуліцу — яна спадала ў лагчынку, і конь пабег сам — напіралі калёсы.

Радзеў, перасціхаючы, дождж. На нечым коміне асіпла ад крыку мокрая варона. Кароль пазнаў страху Красоцкага — загадчыка базы «Утыльсыравіны». За абвіслаю на плот чарэшняю жаўцела шалёўкаю сухая з гэтага боку сцяна.