Ён даў каня назад — задзіраючы галаву і спатыкаючыся на парозе, аж асядаючы на воз, конь задам выйшаў з хлява.
Маладзіца зачыніла хлеў і пайшла наперадзе каня; каля ганка, каля місы нагнулася, узяла жменю вады і абмыла з лыткі гразь.
Кароль выехаў з надворка і спыніўся за мастком на вуліцы — зачыніць браму.
— Не мардуйцеся, я сама...— сказала маладзіца, ідучы да брамы.
— То добра,— крыкнуў Кароль, усаджваючыся ў палукашку на мяшок.— Скажыце свайму, што на днях прыеду.
— Ну ле, скажу,— яна стаяла ў расчыненай браме. Пад нагамі ў яе, як нанава адскочыла, зелянела трава.
Кароль ад’ехаўся і аглянуўся: яна яшчэ ўсё не ішла ў хату, каля чорнага плота была знаць яе белая хустка.
Свежаю шалёўкаю здалёк жаўцела сухая сцяна Красоцкавай хаты.
Стары Кароль думаў пра маладую Красоцкаву жонку і пра тое, што яна рыхтык тая бежанка.
Скрозь у хатах сохлі запацелыя вокны. На пустым дворышчы валтузіліся дзеці, білі нагамі мячык, што, мусіць, паляжаў на гарачай печы — бок у яго ўваліўся. Бортнікавай дачкі з козамі не было. I Каралю зноў успамянуліся тыя пазычаныя тры рублі. Падумаў, што грэх адзін — прапіць, і не скіраваў на дворышча, паехаў вуліцаю: так бліжай было да сталоўкі.
Конь плюхаў па лужынах: вуліцаю з грудка яшчэ сачылася вада, у калдобіне, дзе яе назбіралася многа, круцілася пена і плавала леташняя салома. З каня ішла пара, ён яшчэ добра не высах.
Перад вачыма ў Караля ўстаў Бортнік.
Было шкада, што Бортніка нямашака на свеце,— як шкада дрэва, што расце пры дарозе і яго зрэжуць.
За дворышчам стаялі новыя хаты, і Кароль ужо не ведаў чые,— людзі будаваліся хто адкуль і хто як мог. Хаты былі са шпуру, з новага і старога дзерава. На шэрай абмошанай сцяне з жоўтымі шуфлядамі ў вокнах яшчэ без рам былі знаць крэскі ад сіняе крэйды — нехта перавозіў і перасыпаў стары будынак.
Хаты стаўлялі ўжо і на тым месцы, дзе за польскім часам быў свіны рынак, а вайною вучыліся нямецкія салдаты: джаламі на ружжах блішчалі шырокія багнеты. У Караля тады аж адарвалася ўсё ў грудзях — ён ледзве не насунуўся на гэтакі багнет. Перад ім стаяў немец, маладзенькі, і зубы белыя і роўныя, як не свае,— ён рагатаў, наставіўшы на Караля ружжо. Кароль ішоў глядзець Хоневу хату. Яна стаяла ў канцы свінога рынку: яшчэ новая, дзеравіна ў дзеравіну — адна смаліна.
Немец кіўнуў галавою — паказаў ісці назад, але Кароль не паспеў адысціся: ніжэй паясніцы ў мякаць упіўся і аж, здаецца, застаўся там сядзець багнет. Салдатня душылася ад смеху.
Рана гаілася доўга, бытта ўкусіў сабака. Кароль і прыкладваў яе дзіваннай — лякарствам ад шалёных сабак — зеллем, што расце на выгарах у лесе: жоўтыя кветкі на тоўстым стрымбулі і шырокае, як у лопуха, лісце.
У Хоневу хату ён не перабраўся, хоць свае не меў — згарэла, як немцы палілі вёску. Жыў у мястэчку: пуставалі казённыя дамы.
Сюды да яго і прыходзіў Хоня. Прыцемкам адлучыўшыся ад купы, калі яўрэяў гналі ўжо з работы з тартака назад у «гету». Хоня і казаў тады Каралю, каб пераходзіў да яго ў хату: «Жыў буду — змірымся, памру — табе астанецца».
Твар у Хоні быў жоўты і як набрынялы — чалавек пух ад голаду. Кароль насыпаў яму торбу грэцкае мукі, але ад хаты адкаснуўся: баяўся немцаў. I цяпер яна стаяла як новая, на два канцы, з высокімі, у тры шыбы вокнамі і накрытая бляхаю. Каля коміна ўжо завязвалася ржа — зімою тут грэўся і раставаў снег.
«Не свая, нікому не абыходзіць»,— Кароль заварушыўся ў палукашку: пачала муляць торба і недзе казыталася салома. Кароль укленчыў, перавярнуў торбу на другі бок, сеў на яе і зноў пачаў думаць пра Хоневу хату. Яна была яму як свая, і яго брала радасць, што Хоня нікому, а яму аддаваў гэтую хату. I ён нават убачыў, як жыў бы тут з бежанкаю і як яна цвёрда ступала б босымі нагамі па чырвонай падлозе. I Каралёвы думкі набеглі зноў на ўсё брыдкае і маладое. Сонца даймала праз фуфайку, нібы хто прыклаў да спіны нагрэтую і закручаную ў анучу цэглу. Кароль расшпіліўся, але фуфайкі не зняў. Прыпякала, і зноў як на дождж.
Кароль завярнуў у вузкую, двум вазам не абмінуцца, папярочку і выехаў на шашу.
Конь пайшоў барзджэй. Тут быў асфальт, яшчэ мяккаваты і тлусты — днямі залілі. Вада збягалася на ім, бытта на патэльні. Бабы, што ўжо варочаліся дадому з пустымі бітонамі, закручанымі ў белыя радзюжкі за плячыма, ішлі сярэдзінаю шашы, ляпалі босымі нагамі па тлустай смале. Ногі ў іх запырскаліся аж да каленяў.