Выбрать главу

А куды ехаць — ад свайго не ўцячэш. Кажуць, добра там, дзе нас няма.

— Ну, кудэю ж ты едзеш?

Кароль падняў галаву: конь ішоў каля самага плота, знайшоў мякчэйшае сам — не наравіў брук.

Чалавек з новаю касою, абкручанаю анучаю, сышоў з ходніка на сярэдзіну вуліцы. Кароль тузануў левую лейчыну, конь спатыкнуўся і збіўся з хады. Воз затросся на бруку. У Караля нешта павярнулася ў грудзях, парнула, што швайкаю, і не адпусціла. «Трэба паказацца дохтару»,— Кароль сагнуўся, прыціснуў рукамі грудзі і падкурчыў ногі. Трохі адлягло.

За пераездам кончыўся брук: па драбінках сек шротам сыры пясок. Воз перастала трасці — Каралю палепшала. Пах жвір з пустое вуліцы і аднекуль дым, моцны і горкі. Мусіць, недзе на вакзале тлеў вугаль. I гудзеў матавоз, як вецер у пустую бутэльку,— ціха, аж не чуваць, бо далекавата.

Кароль быў ужо ў канцы мястэчка.

Хаты стаялі на адзін бок вуліцы, і ў некага на надворку зелянеў загон позняга жыта — выплываў толькі колас. Нехта сеяў ярыцу.

Вуліца звузела, як хто яе чым перавязаў. Мястэчка кончылася, толькі слупы пабеглі далей, сценкаю між аўсом і нізкім жоўтым лубінам.

Сценка ішла на груд. Было відаць хату — саламяны лоб страхі, як крылі даўней і не рабілі шчыта. Там недзе яхкаў сабака. Пачыналіся Ятранскія хутары — да вёскі была яшчэ добрая вярста. Крычала ўжо кнігаўка, падала ў адное месца над лубінам — за хатаю было балотца. Рыпелі гужы на аглоблях, як сухастоіна ў лесе, шоргала рэхва на задняй восі аб калодку, мякка ступаў конь, але Кароль не чуў — яму зноў спамянуўся Восіп. Тае пары, як ён, Кароль, стаў конюхам, а Восіп — брыгадзірам.

Кароль тады быў адзін на дзесяцёра коней і даглядаў не горш як цяперашнія ўдвох — конюх з памочнікам. Тады ў Ятры і канюшні не было — коні стаялі ў Каралёвым гумне.

Зіма ў той год лягла на пакровы. Пасля каляд мароз стаяў, як звер, не адпускала нешта да самага благавешчання. Коні пасля ночы стаялі ссівераўшы, што ссыпаныя снегам. Адзін і зайшоўся, маладзенькі: кашляў і чах даўно. Кароль нат гарнікам[3] яго паіў. Казаў і Восіпу, каб выпатрабаваў з раёна ветэрынара — мо паглядзеў бы. Але Восіп усё мок у гарэлцы.

А тады прывёў старшыню з участковым і кажа: «Тарасавіч, не карміў, глядзеў толькі свайго». А гэты Тарасавіч быў старшынёю (цяпер недзе ў раён пераехаў), аднекуль з-пад Гомеля ці што, і ўсё маўчаў, як гэта не да яго. Хоць папраўдзе Кароль «свайму» даваў больш: жарабок ад тае бельгійскае кабылы быў як гара, хіба ж яму дасі менш. Але тады злыдзень пад’юшчыў: як трымаў Кароль вобруць у руках, так і сперазаў Восіпу па галаве — на брыве ў таго нахапіўся гуз велічынёю з арэх.

Можа, судзілі б, ды ўважылі па гадах — знялі толькі з конюха. А жарабка прадалі сюды, да Красоцкага. Восіп не папусціўся. Дома стала не ўседзець. Балазе Красоцкаму трэба быў яшчэ адзін анучнік — падраіў і замовіў слова Бортнік. А на конюха Восіп прывёў свайго швагра з Літаварцаў. А цяпер б’ецца з ім — нешта не падзялілі. Яшчэ і ў турму аддасць — на руках мае спраўку.

У Караля зноў пацяжэла ў грудзях, у роце сушыла, млявіла ўсяго, як ад гарачыні. Сонца стаяла жоўтае, у смузе. Падпарвала — яшчэ раз на дождж. Сценка ішла картоплямі: у глыбокіх разорах гуслі, што кісель, лужыны.

Паказалася вёска — першыя на грудках хаты і цёмныя напроці сонца дрэвы. Было знаць жыта, белае перад вёскаю — падгарэла. У гародах, нагнуўшыся, стаялі бабы: палолі зелле, кожная ў сваім, але Кароль іх ужо недабачваў.

Сценка спусцілася з груда, і было відаць балотца: гнуліся ў адзін бок і густа блішчалі сівізною вербы. Вецер хіліў асаку, як хто вялікі па ёй качаўся.

Над сценкаю снавалі ластаўкі, кідаліся над Каралём угору і, здаецца, сціналіся ў камяк ад вострага піску.

Конь слізгаўся па кіслай гразі, гразь пухкала і цягнулася за капытамі, як выхаджанае цеста. Пачалася лагчынка.

Пад жыта было сушэй, ад пяску, што нанясло ўвесну; па ім займалася рэдкая, без соку, што ў картаплянай яме, трава. Пры жыце за калючым дротам нехта выйшаў пракос, прэла нерастрэсенае сена. У жыце яшчэ трымалася раса, зіхацела зеленаватай чырванню на падпаленых асцюках і сухаватым пер’і.

За атосы чапляліся каласы, сцябло пэнкала, аж звінела — каласы падляталі ўгору і падалі на каня. Конь туліў вушы і касіў галавою назад. Жыта стаяла лаваю — высокае, тоўстае ў сцябле, што троснік, хоць барану стаўляй. Дзе-нідзе палягло.

Кароль выцягнуў руку, злавіў саломіну, у кулаку астаўся колас — сашмаргнуўся. Колас пах блышчыцаю — мусіць, сядзела на ім. Кароль вылушчыў зерне, укінуў у рот і доўга лавіў на зуб. Зерне было мяккае і саладжавае — з малаком.

«Яшчэ не налілося, а тыдні два будзе спець. Яшчэ не скора жаць»,— падумаў Кароль, узіраючыся на жыта, далей ад балотца ўжо нізкае і рэдкае, зблізку жоўтае ад румянку. Вецер хадзіў перагонамі, жыта шумела — паднімалася і аціхала. Варушыліся толькі каласы. Жыта было як вада ў рэчцы: не слухаеш — не чуваць. I каля жыта рабілася свежа на душы, як каля вады.

вернуться

3

Лекавая трава, купальнік.