Яна пастаяла сярод хаты, спамінаючы, што мелася рабіць, але не ўспомніла — думкі ўсе былі да гэтага пярэстага каня. За акном праз цёмна-карычняватае варухлівае галлё саду белаватым знакам шарэла страха суседняе ха-ты. Жоўтым мохам цвілі дошкі на нізкай страсе паграбка. Шастаў вецер за хатаю, і аб сцяну ляпаліся мокрыя анучы, што віселі на жэрдцы.
I нешта як незнарок пацягнула яе да акна: дваякае масці конь усё гэтаксама стаяў каля чужога плота, унурыўшы і завярнуўшы ад ветру галаву. I двое мужчын было цяпер каля воза: адзін, з доўгімі, абвіслымі кудзеляю вусамі, у выцвілай фуфайцы, у салдацкіх портках, збіраў у мяшок растрэсенае канём сена; другі, высокі, мусіць, малодшы, у чорным шынялі, уціскаў рублём снапы цягнуў вяроўку, упёршыся ботам у воз. Было чуваць, я скрыпела аб рубель сухая вяроўка.
"Божа, няўжо гэта ён, той самы паліцыянт Ёда?" — яна аж адхіснулася ад акна.
Ёда быў у чорным і тады, калі застрэліў хлопчыка. Застрэліў улетку па другі год вайны, за немцамі. Палавела ўжо жыта, і гарачыя восы абсядалі сопкія патрэсканыя папяроўкі.
Яна хадзіла тады зажынаць жыта. Пасля полудню, выправіўшы свайго меншага з каровамі на шашу. А ён адтуль і пабег у мястэчка.
У жыце нехта навязаў куклаў, многа — аж яе ахапіў страх. I яна, як чула бяду, вярнулася назад, бегла дахаты, не чуючы пад сабою ног. На дарозе ўжо напаткала пастухоў. Самы меншы, задыханы, ззелянелы ад страху, і сказаў:
— Цётачка, паліцыянт Петрыка застрэліў! — і заплакаў.
Яна не помніць, як асунулася на зямлю і колькі ляжала. Астатняе мільгаціць як у сне: бегла жытам, маладымі картоплямі, згубіўшы недзе хустку, бегла наўпраста ў мястэчка, дзе якраз на грудку па шашы, там яшчэ і цяперака расце бярэзіна, ляжаў ён — ніцма, раскінуўшы ручкі і яшчэ ўсё трымаючы ў адной тую нямецкую лапатку з кароткім чаранком.
Яна і цяпер млее і адыходзіць ад памяці, убачыўшы на грудку перад мястэчкам тую бярэзіну. I кожны раз перахварэе, калі, бывае, нясе па кірмаш курыцу ці якое паўкапы яец, каб купіць сабе корту або паркалю.
Божа літасцівы! Як у яе тады не разарвалася сэрца: схапіла яго на рукі, а ён ужо быў халодненькі — на шашы цёмнаю лужынаю стыла кроў — і панясла дадому, цалуючы ў зжоўклы скамянелы тварык.
Яна і не помніць, як гэты самы Ёда страляў у яе. Пра гэта ўжо казалі пасля, казалі, што недзе каля склада дзеці набралі нямецкіх лапатак.
Божачка, і за гэтую нямецкую лапатку ён забіў дзіця! А потым страляў у яе: ледзьве помніць, што каля таго крайняга з мястэчка склада, дзе цяпер кожнае восені прымаюць картоплі, нехта хадзіў у чорным. Ён, мусіць, страляў адтуль — у яе была разарваная як калючым дротам спадніца, яна ўжо агледзела на другі ці па трэці дзель.
"Дык няўжо ж гэта ён, той самы Ёда?"
Ногі ў яе зрабіліся як не свае. Яна адышлася ад акна, чуючы, як адымаюцца ногі і слабее ў грудзях. Хацела дайсці да ложка, але спалохалася, што не дойдзе — далекавата, бліжай было да лавы,— і яна села.
На сцяне шаптала чорная скрыпачка: кожны раз у ветраны дзень "радзіва" пачынае шаптаць — недзе скручваўся дрот. Маўчалі ходзікі, і ёй падумалася, што ад страху яна недачувае. Але ўбачыла, што ніжняя гіра дастала да лавы і ходзікі сталі. Не, яна чуе. Чуе, як ляпаюць мокрыя анучы, што вісяць на жэрдцы, як шоргае і звініць дрот, як грукаюць веснікі і нехта тупае надворкам. I раптам схамянулася: "А мо/ка, ідзе ён, той самы Ёда?" У яе аж забалела ў скронях і сціснула, як абручом, галаву. Па лаве яна падсунулася да акна: нечая спіна мільганула за сцяну, туды, да дзвярэй.
"Хоць бы прымкнуць дзверы". Яна схапілася з лавы, але нехта быў ужо ў сенцах, шукаў у цемнаце клямку — рукі шасцелі па дзвярах, як мышы ў саломе. Яна, здранцвелая, стаяла і глядзела па чорныя паточаныя шашалем дзверы і на абслізганы, аж белы, язычок клямкі — ён пазвоньваў і варушыўся. I раптам моцна дзынкнуў, аж яна здрыганулася, і дзверы адчыніліся. У хату ўвайшоў той драбнейшы, стары ў выцвілай фуфайцы, з абвіслымі вусамі. На шапку яму нацерушылася дробная сцёртая салома. На рыжаватым, трохі закручаным кончыку вусоў целяпаўся асцюк. Вусы заварушыліся, і асцюк адарваўся:
— Дзень добры!
Яна адступілася назад. "Няхай крые бог, няўжо тыя Ёды з Вялікага Груда? I ён прыйшоў у хату?.." Засуканыя да локцяў, ссохлыя рукі яе калаціліся.
— Пагарэльцы мы, просіма, можа, знойдзецца снапок саломы.
Яна ведала, што пагарэльцы яшчэ здавён жабравалі па вёсках салому. Пасля вайны яна жабравала і сама. Хату спалілі немцы, тады яны стаялі ў іхняй вёсцы. Накідалі шпалаў у печ — збіраліся пячы хлеб. Шпалы гарэлі аж па прыпеку — ад іх і ўхапіўся пажар. Пасля вайны ўжо, як будавалася хата нанова, не хапіла акалоту дакрыць страху. Прыйшлося па вёсках збіраць салому. і людзі выносілі: хто па снапку, хто па два, а хто мацнейшы — то і тры.