Выбрать главу

— Калі вінаваты, то не,— яна адвярнула ад яго галаву.

— Я ў пляну быў... Ды нават за тое, што я ў гэтай форме.

— Відаць, як цябе трымаюць, што нават дадому не прыходзіш...

— Не хацеў паказвацца.

— Вядома: тут можна вытвараць, што хочаш. Балазе, чужыя людзі, не ведаюць...

— А ты хацела б, каб я жывы не астаўся?

— Вып’ем, га — сухарлявы трымаў медную конаўку, разліваючы сабе на пальцы самагон.— Вып’ем, і ўсё праясніцца, як божы дзень.

— Садзіся за стол,— чарнявы ўзяў яе за руку вышэй локця.

— Адчапіся! — яна вырвала сваю руку.

Чарнявы выпіў і, хукаючы ў далонь, сказаў:

— Налі ёй.

— Я не хачу.

Сухарлявы наліў яшчэ конаўку. Яна адвярнулася. Чарнявы выпіў і не скрывіўся. I асалавеў — неяк скора: вочы ў яго наліліся каламутнасцю і заблішчалі. Ён абняў яе за плечы — ад яго зноў нясло гарэлкаю і нейкім едкім потам.

— Адыдзі, не чапіся! — яна выкруцілася з яго рук.— Схадзі да тае вунь, што мужыка хацеў застрэліць.

— Туды далекавата. Сёння ты бліжэй,— ён зноў схапіў яе за руку.

— Не прыставай! — яна хацела вырваць руку, але не здужала.

— Ты глядзі, не падступіцца...— твар у яго наліўся крывёю.— Вунь колькі байструкоў... А ты думаеш, я не ведаў? Ведаў, таму і не прыйшоў.

Яна ўспомніла, як аднаго разу стараста прывёў нанач нейкага валацугу. Намякаў сам: «Як жа ты адна, маладая, без мужыка? Нябось збедавалася...» Яна тады плюнула яму ў твар. А потым ён прывёў валацугу. Той і прысунуўся на ложак, як толькі задрамалі дзеці. Але яна не спала — схапілася з пасцелі, трымаючы нагатове сякеру (паклала яе пад падушку, бо як чула, што, пэўна, спатрэбіцца). I ён адступіўся, вярнуўся на лаву, дзе ляжаў, і раптам захроп, прыкінуўся, што спіць, быдта нічога і не было. А раніцою гаварыў, што спаў, як забіты, і дзякаваў усё...

Можа, і гэты таксама соваўся да другіх...

— Поскудзь ты! — сказала яна ўголас і пхнула яго ў грудзі.

Ён пахіснуўся, але ўстояў на нагах:

— Ну, ну, не давай волю рукам!

— А мамачка! — закрычаў меншы ссоўваючыся з лавы.

Большы сядзеў, адвярнуўшыся, і румзаў.

— Ды што ж тут робіцца!..— старая ўбегла ў хату, не зачыніўшы за сабою дзвярэй і выплюхваючы з даёнкі малако.

— Тваё дзела — старана! — крыкнуў сухарлявы, выціраючы рукавом губы — гарэлка блішчэла ў яго на барадзе.— Гэта — яго жонка.

— Пабойцеся бога, што вы робіце, ды пры дзецях шчэ! — яна схапіла чарнамазага за плячо.

Ён варухнуў плячом і скінуў яе руку.

— Не лезь! — ужо раз’юшыўшыся, крыкнуў бялявы і пхнуў, адстараняючы ўбок, маці: тая спатыкнулася, махнуўшы даёнкаю — на падлогу плюхнула і зашумела малако.

Чарнамазы схапіў маладзіцу пад пахі, адарваў ад падлогі і, чырванеючы, наліваючыся крывёю, пхнуў у сені. Яна яшчэ ўбачыла, як, пакаўзнуўшыся ў лужыне малака, упала старая, як з немым крыкам кінуліся да парога дзеці, як сухарлявы, пераняўшы іх, зачыняў дзверы.

— Не чапай! Поскудзь ты! — крыкнула яна ўжо яму, мужу, у сенях.

— То во — адгулялася. Цвёрдзенькая...— ён засопся і выпусціў яе з рук.

— Не падыходзь! — сказала яна, схапіўшы капач, што стаяў якраз пры вушаку.

— Кінь, гавару,— ён расставіў рукі, каб зноў злавіць яе.

— Не падыходзь! Дальбог, засяку! — яна збялела, мяняючыся з твару, і выскачыла з сяней.

Ён выбег за ёю, задыхаючыся і расстаўляючы рукі, каб злавіць яе. З надворка яна скіравала на сцежку, ужо адчуваючы, што нейкая спакуса пад’юшчвае яе абярнуцца і секануць яму капачом па твары.

— Не лезь да мяне! А то праўда — засяку! — сказала яна не яму, а сабе, баючыся ўжо, што зробіць гэта.

Ён зарагатаў недзе блізка за спіною, і ад яго запахла гарэлкаю і нейкім едкім, як авечым, потам.

Яна абярнулася і ўбачыла яго застылы твар, яго каламутныя, налітыя крывёю вочы, і ёй зрабілася брыдка, што яна любіла яго, сніла і ўсё чакала дадому.

— Не чапіся! А то, дальбог, саграшу...— яна спынілася і раптам спалохалася, што не ўтрывае, не саўладае з сабою і секане яму па гэтым азызлым твары — хай будзе, што будзе.

— Тут жа ўсё відаць... Ідзі туды, во... у жыта,— зашаптаў ён, забягаючы наперад.

«Ой, які ён гадкі! Ды яшчэ... у гэтай пілотцы!..»— падумала яна, адступаючыся. Але ён дагнаў яе, схапіў за плечы і, сцяўшы зубы і наліваючыся ў вачах крывёю, кінуў ніцма на зямлю.

— Пусці, злыдух! — застагнала яна, выкручваючыся з-пад яго, блытаючыся ў жыце і ўсё не выпускаючы капача.

— Нікуды не дзенешся!..— ён аж захроп ад злосці, злавіўшы яе за руку, сціснуўшы, як жалезам, і сілком цягнучы да сябе.

— Пусці! — крыкнула яна, устаўшы на калені і паднімаючы капач.