Выбрать главу

Ён поўз да яе, угнуўшы галаву, засланяючыся рукою. Яна размахнулася, на нейкі міг падумаўшы: «Божа, што я раблю?», але салодкая, злая сіла павяла яе руку,— яна аж заплюшчыла вочы, пачуўшы трэск, гэтакі самы, як трашчыць бручка, калі секануць па ёй чым вострым.

Ён ціха і мякка, што мяшок, ткнуўся тварам у зямлю.

Яна падхапілася і выбегла з жыта. Каля брамы азірнулася: з жыта былі відаць толькі ногі, жыта было там збэрсана.

Яна ўскочыла ў падворак. Каля плота ляжала карова, цяжка ўздыхаючы і жуючы жуйку. Сабака драмаў у цяньку каля бязносае нямецкае машыны. Яна паглядзела на гэтую доўгую чорную машыну, і яе ахапіў страх. Подбегам яна прайшла падворак і ўскочыла ў хату.

Паліцыянт, звесіўшы руку, спаў на ложку,— у ботах, не разутыя яго ногі ляжалі на біле. Перад покуцем, перад счарнелым абразом, дзе сохла жменя зажатага жыта, жагналася старая: «От вшэго злэго, выбаў нас пане! Од гжэху каждэго, од гневу твэго!..» Дзеці, натапыраныя, сцішаныя, глядзелі на яе. У большага на шчацэ блішчала, не засохшы яшчэ, буйная, што гарошына сляза.

— Ідзём, дзеткі. Ідзём...— маладзіца схапіла меншага за руку.

На ложку захроп і перавярнуўся на другі бок сухарлявы паліцыянт, ногі яго з’ехалі з біла на радзюжку.

Старая азірнулася.

— А куды ж вы? — і, адставіўшы назад рукі, сагнуўшыся, нібы несла на сабе цяжар, пасунулася ўслед за маладзіцаю з хаты.

— Я забіла яго,— сказала маладзіца, адкручваючы з рог у каровы вяроўку. Рукі яе яшчэ ўсё дрыжалі.

— Няхай крые бог...— старая спатыкнулася і пляснула рукамі.— Няўжо?

— Вунь, на сцежцы,— сказала маладзіца, не гледзячы ў той бок і тузаючы вяроўкаю карову — кіравала яе ў браму.

Старая задзірала галаву, жмурачы ад сонца адно вока і крывячы рот, і раптам жахнулася:

— Вой, дальбог, праўда!

Маладзіца вывела карову з надворка і, б’ючы яе рукою па шыі, завярнула ў жыта, каб абысці паліцыянта. Карова чмыхала, круціла галавою, хватаючы каласы. Дзеці беглі следам, бэрсаліся ў жыце, разводзячы яго рукамі — ім у твар секлі зярняты, што пырскалі з сухіх каласоў. Яны так і не бачылі, хто ляжаў на сцежцы.

— Ах, божачка, уцякайце! Сцеражэцеся хаця...— скрыжаваўшы худыя, скарчанелыя рукі, старая ўсё прыціскала іх да грудзей.— Яны ж цяпер нікога не пашкадуюць,— і яна падетупалася туды, дзе ляжаў паліцыянт.— Ах, божачка, божачка! Можа, ён яшчэ жывы?..

Маладзіца вывела карову з жыта і азірнулася на хутар — за жытам, на сцежцы, было відаць, яшчэ ўсё стаяла старая,— і ёй пачало здавацца, што яна як і не заходзіла сюды, не стрэла мужа, п’янага, у гэтай паліцэйскай пілотцы, разбэшчанага, што дайшоў бог ведае да чаго, не было нічога: ні гэтага крыку дзяцей, ні капача, ні гэтага трэску, як трашчыць сырая бручка... Ні гэтага збэрсанага жыта... А той муж, якога яна ўсё бачыла перад вачыма ўсе гэтыя тры гады, той, якога яна любіла і дзень пры дні чакала дадому, недзе жыве далёка ад яе, што ён гэтакі, як і ўсе людзі, і што яна думацьме пра яго і, пэўна, любіцьме.

— А дзе наш бацька? — спытаў меншы, забегшы наперад і задраўшы галаву, каб глянуць ёй у вочы.

— Там, на хутары...— сказаў большы.

— Дзеткі, наш бацька на вайне, на фронце,— сказала яна, і яе сухія, зеленаватыя вочы набеглі слязьмі.

— А я думаў...— і большы пасаромеўся сказаць, што ён думаў.

Яны зноў ішлі на ўсход сонца. Разасланым палатном перад імі ляжала шаша, звужваючыся і прападаючы за глухім паваротам. Неба там было ліловае, як акаліна на астылым жалезе: дзень хіліўся да вечара.

I за імі бег, невядома адкуль узяўшыся, той самы худы сабака.

Хата

Мішка Галубец прадаваў хату. Купляў яе Самусь Дзедзіч — каваль з суседняе вёскі, што адмарозіў пальцы: некаторае зімы ішоў з запоін дадому і заснуў на ганку. Заснуў сярод ночы, а жонка, устаўшы, агледзела яго пад раніцу. Пальцы адціралі, але адцерлі толькі два вялікія.

Цяпер Дзедзіч трымаў у куксах, прыціскаючы гэтымі двума пальцамі, жоўты складаны метр і прыкладваў яго да сцяны — мераў хату.

Мішка Галубец, без шапкі, у белай нейлонавай рубашцы, у модных, як носяць цяпер, з шырокім поясам і вузкаватых у сцёгнах штанах, і яго швагер — нізенькі, вастраносы, у даўгаватым, па калені, бушлаце,— стаялі сярод падворка, глядзелі, што робіць Дзедзіч, маўчком курылі.

На падворку сохла зацягнутая плесняю леташняя перапрэлая трава, і па ёй рэдзенькаю атаваю ўжо выпстрыкнула маладая. З-пад пляскатага каменя, што быў каля парога замест сходняў, ачуняўшы, лезла крапіва — яе тут ніхто не таптаў: хата пуставала ад пазалеташняе зімы, як памерла Мішкава маці.

У гародчыку ляжаў, скруціўшыся адным канцом, адрэзаны ад слупа электрычны дрот. Там, на няўскопаных градах, звінелі сухімі галоўкамі стрымбулі высокіх кветак, што сеяліся самі па сабе і цвілі да позняе восені: па іх у гэтую пору лазілі дробныя маладыя чмялі. Каля плота пачынаў зелянець чорны куст агрэсту. Толькі прысадзістая яблыня была яшчэ голаю: на вяршку трапяталіся скручаныя ў трубку леташнія лісцікі і вісеў зморшчаны, гнілы яблык. Пад яблыняю граблася чужая курыца; вецер раздуваў у яе каля хваста пух. На частаколіне сядзеў верабей, трымаючы ў дзюбцы белую перыну.