Мішка глядзеў на вераб’я — яму спомнілася, што вераб’і кожнае вясны вяліся ў акне за ліштвою, і Мішку стала шкада вераб’інага гнязда, хаты, гародчыка з прысадзістаю яблыняю; падумалася, што ён астанецца, як чужы, у сваёй вёсцы, калі разбяруць хату. Яму нават убачылася, як будуць раскрываць страху, як будуць кідаць сюды, на падворак, счарнелую гонту, і будзе трохі нязвыкла, што відаць увесь комін, як што жывое і голае.
А здаецца, саўсім нядаўна якраз тут, дзе цяпер стаіць Мішка, ляжалі ачэсаныя дзеравіны, пад іх хаваліся белыя з чырвонымі вачыма ангорскія трусы і Мішка выпорваў іх адтуль, а пасля стаяў зруб, Мішка разам з дзецьмі бегаў па бэльках — тады зваліўся Косця Палусін і зламаў сабе руку.
— Так, восем на дзесяць,— сказаў Самусь Дзедзіч, хаваючы ў кішэнь жоўты складаны метр.
— То можа паглядзімо ў сярэдзіне,— Мішкаў швагер адамкнуў дзверы.
— Таргаваць — не купляць, можна і пашчупаць,— сказаў Дзедзіч, заходзячы ў сені.
Мішка прытаптаў акурак і нехаця пасунуўся за мужчынамі.
У хаце пахла сухім гліняным токам і збуцвелаю саломаю,— за грубкаю стаяў стары драўляны ложак. Над ім вісела, адклеіўшыся, на адным ражку, вокладка ад польскага «Экрана», тая самая, што некалі, прыехаўшы з Кранштата, павесіў Мішка.
Дзедзіч падышоў бліжэй, прыжмурыўся, і ў яго адвісла ад цікавасці ніжняя губа:
— Ого, яе лытка, праўда што нікому не гідка! — сказаў ён, усё ўзіраючыся на здымак: з яго на Дзедзіча глядзела, павярнуўшыся трохі бокам і прыкрываючы рукамі грудзі, голая, у чым маці радзіла, Брыжыт Бардо.
— От свет настаў! — Мішкаў швагер сарваў са сцяны вокладку.
— Кажаш, свет настаў, што ні палажы, ні пастаў? — Дзедзіч закруціўся на адным месцы, аглядаючы хату. У ёй было гола. У сцяне сядзелі цвікі, дзе некалі вісела рамка з картачкамі і цьмянае з падцёкамі люстэрка — Мішкава сястра пазабірала ўсё да сябе. Толькі ў покуці астаўся абраз і за ім пучок закуранага зелля з сухімі жоўтымі галоўкамі, мусіць, піжмы, і на акне стаяла бутэлька ад рому, які купляў Мішка знарок для маці — пакаштаваць, але яна выпіла паўчаркі, папярхнулася, сказала, што надта моцны, што забівае дух, і схавала сабе на лякарства, а потым прызналася, што націрала ромам ногі і ён вельмі ж добра памагаў ёй.
— Ну, як і дагаварыліся,— сказаў Дзедзіч, задраўшы галаву і гледзячы недзе на столь,— тры з палавінаю...
— Ланна,— махнуў рукою Мішка.
Швагер, схаваўшыся Дзедзічу за спіну, заплюшчыў вочы і закруціў галавою: не згаджайся!
Мішка знарок, быдта і не бачыў, што яму маргае швагер, адвярнуўся ў другі бок.
— Я табе скажу, хлопец,— загаварыў Дзедзіч, махаючы куксаю: адзін вялікі палец тырчаў на руцэ, усё роўна як сук на абсечаным камлі,— якая тут хата: падчапі на верацяно і растрасеш, як кудзелю.
— Ты ўжо, дзядзька, тань, але тавару не гань,— умяшаўся Мішкаў швагер.
— А болей ніхто і не дасць,— Дзедзіч піхнуў плячом дзверы, выходзячы з хаты,— дзерава маладое — год-два і струхлела, гэта не тое, што смаліна, на якое і зносу нямашака.
Мішка выйшаў у сені, пастаяў, падумаў, што вот астатні раз стаіць у сваёй хаце, паглядзеў на цёмную дзірку ў столі, зняў з прабояў кароценькія драбінцы, прыставіў да сцяны і палез на гарышча.
— А ты лепшае не адзеў бы, каб пэцкацца ў пыл? — спытаўся, крыкнуўшы з падворка, швагер.
— Няхай паглядзіць. Чаго ты? Можа, і ў яго двайны шчыт, як у таго Мухі,— тоненька, як бабскім голасам, засмяяўся Самусь Дзедзіч.
З гарышча Мішка чуў, як Дзедзіч расказваў швагру пра нейкага Муху, што ў шчыце хаваў мануфактуру — было гэта вайною,— і ён, Дзедзіч, разбіраючы Мухаву хату немцам на дровы, прынёс сабе кавалак сукна аж на тры каптаны.
Праз малюсенькае, у адну абалонку, акенца на гарышча свяціла сонца, у яго жаўтаватым слупку клубкамі віўся пыл — Мішка хадзіў па гарышчы, столь рыпела ў яго пад нагамі, і яму спомнілася, што яна гэтак рыпела заўсёды, калі хто хадзіў па гарышчы, і ў хату са столі парушыўся пясок.
На гарышчы ўсё было, як і некалі: пад латамі тырчэлі старыя капачы, лапатка з кароткім, рашчэпленым чаранком, чачотка сухіх рабін, тонкія, мусіць, ад нічальніц, арэхавыя пруты, каля коміна стаяла матчына прасніца, скрыначка з рашпілем, абцугамі і цалёвымі ржавымі цвікамі, і зялёны з абшморганымі ражкамі куфэрак, у які Мішка каліта складваў свае кнігі. Мішка адчыніў вечка — зверху ляжаў задачнік па геаметрыі, і ён узяў яго ў рукі, пагартаў; на другі бок жоўтае тонкае вокладкі ўбачыў свой роспіс — «Галубец». I Мішку зрабілася смешна, што ён гэтак распісваўся, спомніўся і здаўся смешным цяпер настаўнік матэматыкі, што замазваў чарнілам пазбіваныя ў туфлях перады і да самага цяпла насіў зімовую шапку, у ёй заўсёды стаяла і целяпалася «вуха»; спомнілася і яго мянушка — Грыц, якую яму далі дзеці: перад кожным словам настаўнік устаўляў «як грыцца». Спомнілася Мішку, як Грыц аднаго разу зайшоў да іх у хату — настаўнікаў тады пасылалі падпісваць людзей на пазыку.