У ёй я быў усяго раз — спамінаецца — улетку, як пажалі жыта, пазвозілі з поля снапы і браліся касіць гарох. На нашым іржышчы паднялася трава, а ў Марціна яшчэ ўсё стаяў зажаты загон — жыта, пэўна, пераспела і асыпалася.
Я пасвіў тады на ржышчы карову, пільнуючыся, каб яна не ўскочыла ў Войнаву канюшыну, што ўжо густа закучаравілася на пакошы маладою атаваю: на другі бок нашае "дзялкі" было поле Клемуса Войны.
Клемуса я пабойваўся, бо аднаго разу, калі мая карова сцягнула з яго мэндля сноп-шапку, невядома адкуль узяўся гаспадар, трымаючы ў руцэ бізун з чорным плеценым дзяржальнем і чырвонымі кутасамі. Я гэта ўбачыў потым, а спярша ўчуў, як нешта раптоўна, нібы лінулі кіпятку, апякло маю шыю, потым плячо — на ім нешта з тыдзень не сходзіла, наліваючыся, што жоўцю, сінявата-цёмная пісяга.
Клемуса Войну недалюблівалі ўсе: у часе вайны ён загадваў бэнээсаўскім[1] складам, куды немцы звозілі яўрэйскае рыззё, і, казалі, набраўся золата. Не ведаю, праўда гэта ці не, але што ён неяк адразу пасля вайны прынёс дадому грама д фон — помню: кожнае нядзелі Клемус Война адчыняў акно, закідваў на вяровачку край фіранкі і заводзіў грамафон — мы, дзеці, сабраўшыся на вуліцы, бачылі толькі карычневую трубу, што вялікую засохлую кветку.
Седзячы на мяжы, я назіркам паглядаў на карову і пароў чмялёў — яны, вялікія, чорныя, з жоўтымі паскамі, ляцелі сюды і лезлі ў норку пад чубком сухаватае травы: пад мяжою было іхняе гняздо.
Я падняў галаву і ўбачыў: над мястэчкам стаяла цёмная хмара з папяловымі краямі — кругом зрабілася сцішана і жаўтавата, як на шарай гадзіне, і стаяла духата, як накінулі на цэлы свет радзюжку. Хмара, варочаючыся клубкамі, ішла сюды, проці ветру: над мястэчкам каля шашы ўставалі аж да неба жоўтыя косы пылу. Я ведаў, што папяловая хмара — на град. Раптам вецер сціх, зрабілася страшна — са сполаху цвыркнуў і нізка паляцеў над полем жаваранак. Косы жоўтага пылу пацягнуліся на поплаў, і нечакана дыхнула скразняком і холадам, аж палягчэла. Карова падняла галаву і стала трывожна нюхаць вецер. Рэдка, нібыта і не хацеў, пасыпаўся град. Буйныя, велічынёю з арэх, калівы граду зашасталі па сухім іржышчы, заскакалі па сцежцы, нібы хто кідаў іх, забаўляючыся. Карова згорбіла спіну, закруціла галавою — па вушах яе, мусіць, сек град — і пабегла пад Марцінаву хату. Туды, пад хату, бегла і Дзікуцёва дачка — вецер сарваў з яе галавы і панёс па полі белую хустку.
Хмара ішла пры самай зямлі — там нешта шумела, гуло, як гарачыя каменні ў дзежцы з вадою. Ужо не было відаць местачковых хат, алешніку на поплаве — там стаяла шэра-жоўтая сцяна. Толькі два галубы, кідаючыся ў бакі, ляцелі туды, дзе яшчэ, як радасць, сярод цёмных хмар яснела неба.
Холадам у мяне па спіне прабег страх — я кінуўся пад Марцінаву хату, а за мною вецер каціў па ржышчы бярэма скошанага гароху.
А там, пад мястэчкам, над поплавам грымела, раўло, нібы ламалася і падала на зямлю вялікімі крыгамі неба. Мне зрабілася страшна: я ўспомніў — казала маці,— што калі на зямлю ўпадзе хмара, то на тым месцы паўстане мора.
Град пабольшаў. Ён моцна сек мне па костачках, па пятах, і раптам па галаве востра трупнула, і было чуваць, як адскочыла вялікая, з курынае яйцо, градзіна — я аж спатыкнуўся і адчуў, як на галаве пякучай гарачынёю наліваецца гуз.
Я дабег да Марцінавай хаты і стаў пад страху: па сцяне грукацеў, нібы перавярнулі воз з каменнямі, сіняваты, што выліты са шкла, град. За вуглом стагнаў, аціхаючы, нібы клаўся там спаць, а потым тоненька скавытаў, як што яго раздзірала вялікімі кіпцюрамі, і недзе ляцеў, бэрсаўся са страшэнным свістам вецер.
Карова, панурыўшыся, стаяла пад страхою і тулілася задам да сцяны — яе даставаў град.
У Марцінавых сенцах нешта шкраблося па дзвярах, дзынкала клямкай — мусіць, яе лапамі даставалі сабакі; і раптам дзверы адчыніліся, аж я струпянеў — з сенцаў выткнуў галаву Марцін Дзікуць:
— Ідзі ў хату, страшна ж адному?..
Адганяючы сабак, Марцін упусціў мяне ў сенцы. Паклаў на маю шыю сваю руку — яна была цеплаватая і шорсткая, як тарка,— і падштурхнуў у хату.
— Ідзі, ідзі, не бойся...
У хаце яшчэ стаяла сухаватая, напараная сонцам духата і было цемнавата. I з гэтай цемнаты, з ложка на мяне цікавалі Марцінавы дзеці — вочы іх сцішана блішчалі. На калодзе сярод хаты сядзеў Клемус Война — сагнуўшыся, раскарачыўшы высокія калені; босыя ногі яго былі шырокія, як лапці. Ён маўчком, не паднімаючы галавы, зірнуў на мяне, і ў яго апечанай, з белымі лішаямі руцэ я ўбачыў бізун — той самы, з плеценым дзяржальнем і чырвонымі кутасамі.
— Гузоў не насадзіў, кажу, град? — спытаў Марцін, прымошчваючыся каленьмі на лаву і ўзіраючыся ў акно.
1
БНС — так званая беларуская народная самапомач; нацыяналістычная арганізацыя, якая дапамагае фашыстам.