Грыц пастаяў каля парога, сцягнуўшы з галавы сваю аблавухую шапку — у яго натапырыўся рэдзенькі чубок — і спытаў, убачыўшы Мішку, ці не тут жыве бацька таго Галубца, што кепска вучыцца.
— Тутака,— сказала маці, раптам зачырванеўшыся і выціраючы аб хвартух закасаныя да локцяў рукі,— яна мыла бялізну: сярод хаты стаяла балея з напараным лугам, з балеі вілася цёплая, удушлівая пара.— Хто ж горай вучыцца, як не наш! Толькі бацькі ў яго нямашака, не прыйшоў з вайны...
Грыц абвёў вачыма хату і ўздыхнуў: жылі яны тады ў хлевушку. У адной, большай, палавіне стаяла карова, а ў другой, меншай, адгароджанай сцяною, з акенцам у чатыры абалонкі, жылі яны.
— Як грыцца, што тут скажаш...— Грыц папярхнуўся параю і высунуўся задам з хаты, нічога так і не сказаўшы пра пазыку. А ў школе злавіў Мішку за плячо, калі той дзеразаваўся на калідоры,— тады была мода граць у «жучка»,— адвёў ад купы і сказаў:
— На добрае цябе няма, а на благое ты скрозь першы,— голас у Грыца быў тоўсты.— Чаму не вучышся? Няўжо думаеш і звекаваць у тым хляве? Прыходзь да мяне дахаты — памагу.
Але Мішка не пайшоў, пасля восьмага класа перавёўся ў вячэрнюю. Навукі там не было. З урокаў Мішка бегаў у местачковую лазню пад вокны глядзець на маладых настаўніц — там нехта знарок сашкроб на шыбе фарбу. Адным вокам, праз дзірачку велічынёю з грош, Мішка бачыў, як у жаўтаватай ад цьмянае лямпы пары мільгалі белым целам кабеты. Там стаяў гоман, піск, маладжавы смех, плёскалася, шумела некім вылітая вада, дзынкалі парожнія тазы — лазня гудзела, як увосень багаты і людны кірмаш. А Мішка ўсё цікаваў у той куток, дзе паходжвала спрытная, цвёрдая і круглатварая, як маладая рэпка, іхняя хімічка. Мішку было брыдка, сарамяжлівасць мяшалася з радасцю.
Ён ішоў дадому, а ў вачах ўсё стаяла яна, як стаіць сонца, нейкаю залаціста-зеленаватаю яснасцю, калі ты на яго глянуў.
А потым у Мішкі было ўжо другое: былі ў яго і дзяўчаты, і ён, здаецца, любіў іх, а помнілася ўсё яна, настаўніца.
Днём Мішка хадзіў на чыгуначную станцыю прызарабляць: насіў з вагонаў у склад скрынкі з гарэлкаю. Пасля работы загадчык базы наліваў грузчыкам з разбітых, без горлачка, бутэлек па паўшклянкі гарэлкі і выпісваў па дваццаць рублёў. Дадому Мішка вяртаўся «пад мухаю» і прыносіў скамечаныя ў спацелай руцэ грошы. Было не да вучобы. На другую восень Мішка ўзяў даведку за дзевяты клас і паехаў у мараходку.
— Ну, чаго ты там швэндаешся, як чорт па пекле! — крыкнуў з падворка швагер.
Мішка кінуў задачнік у куфэрак, падумаў, што трэба будзе сказаць сястры, каб пазабірала ўсё, і пачаў спускацца з гарышча.
Дзедзіч са шваграм пералазілі ўжо праз калючы дрот, якім быў адгароджаны ад вуліцы падворак.
Мішка замкнуў дзверы і выйшаў на вуліцу. Прыпарвала. Купкамі каля плота кучаравіўся малады сіваваты палын. За плотам у чужых гародчыках пукаўся, набрыняўшы, бэз. Пахла разварушаным смеццем — людзі падграбалі і мялі падворкі — і халоднаю чэрстваю зямлёю з перакапаных град: была поўня, сеялі расаду. На нечым акне ў скрыначцы густою шчоткаю зелянелі ўжо цемнаватыя памідоры. На частаколінах цвіў жоўты лішай і пах ужо плесняю і вясною.
Дзедзіч гаварыў швагру, што ў іхняй брыгадзе пасеялі авёс, а Мішка Галубец ішоў ззаду, слухаў, і яму прыпаміналася нейкае далёкае лета — як маці жала авёс і як ён насіў на поле скручаныя з жытняе саломы і вымачаныя ў вадзе перавяслы.
За вёскаю на полі ўжо акрыяла і зелянела маладое жыта. У лагчынцы яшчэ стаяла вада — здалёк выдавала, што ў зямлі адкрылася прорва. Над жытам вілася і кігікала кнігаўка, усё роўна як плакала па сваіх дзецях.
Шваграва хата была ў канцы вёскі. Ад хаты да балотца спускаўся садок, абгароджаны ў тры драціны. На балотцы за голым і сіняватым алешнікам цвіла слепата, і недзе там турчаў, як хто ў вуха, туркач — на цяпло. Каля парога сохла высыпаная з ямы картопля, стаяў кошык парэзанае ўжо на насенне.