На падворку было чуваць, як стракатала ў хаце швейная машына. У акне Мішка ўбачыў сястрын твар.
— Скора ж вы нешта? — спытала сястра, адчыніўшы дзверы і пастараніўшыся ад парога — першым у хату ішоў Самусь Дзедзіч.
— Доўга — умеючы...— сказаў швагер, распранаючыся і вешаючы на цвік салдацкі бушлат. На швагру была чырвоная ў белыя радкі паплінавая рубашка, тая самая, якую яшчэ аддаў яму Мішка, цяпер ужо з новым каўняром і ўточанымі рукавамі.
— Адзеўся б хоць,— сказала ціха сястра.— Нядзеля, каб гэтак хадзіць...
— Абыдзецца,— агрызнуўся швагер, убіраючы ў порткі чырвоную рубашку. Мішка ўбачыў, як у яго ад злосці пачало касіць правае вока, і Мішка падумаў, як сястра любіць яго, гэткага недалэнгага, малога, і як жыве з ім.
Сястра пачала ўпраўляцца каля стала. Мішка глядзеў на яе: сястра разбылася, твар папаўнеў, але быў маладжавы, толькі нейкая жаўтлявасць асталася ў ім: сястры, мусіць, яшчэ нездаровілася пасля родаў.
— А як жа ж Кася? — спытаў Мішка пра другую сястру, што завербавалася, як ён быў яшчэ малы.
— А ты, добранькі, каб хоць напісаў ёй...
Сястра адчыніла пограб, спусцілася туды і дастала на падлогу графін падкрашанае чарніцамі самагонкі.
Мішка прыгадаў, што сястра Кася, прыехаўшы хаваць маці, расказвала, як муж ходзіць да нейкае правадніцы, п’е з ёю і, вярнуўшыся дадому, соваецца біцца.
— Няхай бы развялася...— сказаў Мішка, сам не ведаючы, добра ён радзіць ці не.
Сястра зачыніла пограб і паставіла графін на стол:
— Адна з дваіма дзяцьмі? Усё ж такі ён бацька ім...
— Такі ўжо з яго бацька! — зноў са злосцю загаварыў швагер, прыціскаючы да грудзей круглы бохан і наразаючы тоўстымі лустамі хлеб.
— Каб маці жыва была, то хоць дзяцей забрала б, а я ж хіба адна ці дам ім рады?
Спомніўшы пра маці, сястра зашморгала носам, скрывілася і, выціраючыся хвартухом, пабегла за перагародку.
— Вось абы-што, і — слёзы...— пакасіўся на занавескі ў дзвярах швагер, наліваючы чаркі.
Самусь Дзедзіч абхапіў абедзвюма куксамі сваю, выпіў і абцёр губы.
— Дзеўка не гарэлка, не саромеючыся п’ецца.
Дзедзіч махаў галавою, адкусваючы звялае сала, сківіцы ў яго варушыліся. Ён быў вясёлы і зноў жартаваў. Мішка глядзеў на яго і думаў, што папраўдзе мала ўзяў за хату.
Сястра вярнулася з-за перагародкі, трымаючы на руках дзіця.
— Не быў бы то мужчына... Чуе нябось...— яна сіняватаю тонкаю ў запясці рукою папраўляла, падсоўваючы на галаве ў дзіцяці белую шапачку з карункамі.
Сястра села на лаве пры Мішку і, калі Дзедзіч загаварыўся са шваграм, ціхенька спытала:
— А колькі ж ён дае за хату?
Мішка сказаў.
— Малавата нешта,— сястра паднялася, і адвярнулася, расшпіляючы кофту і даючы дзіцяці грудзей.
Швагер адсунуўся ад Дзедзіча, закурыў. Закурыў Мішка, і Дзедзіч папрасіў папяросу, і ўсе сталі курыць, гаворачы зноў пра хату, пра раннюю вясну, пра тое, што раскрылася зямля, бо некаторага дня грымела, але на голыя лясы — знак, што будзе неўрадлівае лета.
Дзедзіч устаў з-за стала, скрывіўшы набок галаву, доўга нешта перабіраў у кішэні пад пінжаком, потым дастаў складзеныя напалам грошы — ліловыя, усе па дваццаць пяць — і падаў Мішку:
— Гэта задатак. А з астатняю ратаю мо пачакаеш...
Мішка, наслініўшы пальцы, перакладаў грошы з аднае рукі ў другую — ніколі раней не лічыў столькі — і ўсунуў у заднюю кішэню.
— О, глядзі, а то знойдзеш...— пакруціў галавою швагер, калі Мішка выходзіў услед за Дзедзічам з хаты.
Каля раўка Дзедзіч спыніўся, падаў куксу, сціснуўшы Мішкаву руку адным пальцам:
— А ты нікога не слухай. Згодная цана. Лепшых купцоў на хату не знойдзеш.
Дзедзіч спусціўся ў равок — было чуваць, як прутка трашчаў у яго пад кірзавымі ботамі леташні быльнік — і пайшоў раўком на балота, мінаючы вёску, пэўна, на кладку. Ішоў ён, ківаючыся, шырока расстаўляючы ногі, і галава яго ў белай кепцы махалася ў такт хадзе, ішоў ён цвёрда, нібыта адзін заўладзеў усім і нікому свайго не ўпусціць.
Мішка яшчэ пастаяў, гледзячы ўслед Дзедзічу, прыпомніў, як некалі ў такую пору ў раўку раставаў мурзаты курган і снег шыпеў на сонцы, як карбід у вадзе, як на ім выступаў шэры папяловы шум і ён, Мішка, выгнаўшы на пашу авечкі, разуваўся і бегаў разам з дзецьмі праз гэты курган — снег прысакам пёк у босыя ногі.
Мішку аж закалаціла ад таго даўняга холаду, і ён вярнуўся ў хату, думаючы, што трэба было б паслаць сястры ў Калінінград грошы.
Швагер шаптаўся з сястрою за перагародкаю.
— Ой, пусці! — задыхалася яна, мусіць, выцярэбліваючыся з яго рук. Нехта прыйшоў... Пусці!