Выбрать главу

— Я тут,— знарок моцна крыкнуў Мішка і паклікаў швагра.

Адлічыў яму грошай. Швагер зрабіўся вясёлы, сказаў, што, можа, яшчэ трэба было б па чарцы.

— Нашто заліваць вочы,— выйшла з-за перагародкі сястра, загладжваючы пад хустку валасы.— Няхай на вечарынку схадзіў бы.— На твары ў яе гарэла ружовасць.

— А ў каго яна? — спытаўся Мішка.

— Казалі, у Аўдолі будзе.

Мішка апрануўся і яшчэ доўга сядзеў на лаве пры акне, глядзеў, як заходзіла за чорную хмару сонца — кацілася, нібы вялікае чырвонае кола ў глыбокую ваду. Тонкім скрылікам лёду высока на небе раставаў месяц, і здавалася, з яго вось-вось закапае вада. Сіняваты рэдзенькі змрок церусіўся на зямлю, і ў ім гінулі далёкія грудкі. На балоце за садам завязваўся і гусцеў нерухомы туман, алешнік стаяў у ім, нібы ў паводцы.

Мішка выйшаў на двор. З балота цягнула вільгаццю. На вострую маладую траву нанізвалася раса. Кракталі на балоце жабы. Чмыхаў недзе ў мястэчку паравоз, усё скарэй і скарэй набіраючы разгон. Нудна, як муха, б’ючыся ў шкло, за вёскаю гула машына.

Перабегшы равок, Мішка пайшоў вуліцаю, насцярожваючы вушы, ці не чуваць барабана, але сярод вёскі, якраз там, дзе была Аўдоліна хата, крычалі дзеці,— таксама прымета, што ў вёсцы вечарынка. Яшчэ здалёк Мішка ўбачыў жоўтае глыбокае акно — у Аўдолі гарэла электрыка. Мішка прыпыніўся на падворку, заглядваючы ў хату, і ўвайшоў у адчыненыя сені. Стаў на парозе, угінаючы галаву, і паверх хустак — тут з прыходу ў хаце ціснуліся старыя бабы — убачыў: у кутку на лаве стаяла радыёла, на акне горбаю ляжалі пласцінкі. Нехта паставіў польку. Хлопцы пайшлі браць дзяўчат.

I Мішку зрабілася нязвыкла, што вечарынка пад радыёлу, што не сядзіць на лаве ў покуці музыкант, сагнуўшыся, паклаўшы на гармоню рукі, што няма барабана, таго старэнькага барабана з залатанаю з аднаго боку скураю, без аднае талеркі, па якім Мішка барабаніў. Ніхто лепш за Мішку не ўмеў барабаніць. I калі Мішка прыходзіў на вечарынку пазней, хто-небудзь са старшых хлопцаў, што сядзеў ужо за барабанам, усё роўна клікаў яго — ківаў сабе за плячо галавою: ідзі сюды. I Мішка ішоў. Браў у руку выслізганую цырымбалку, ставіў між ног барабан і біў па тугой скуры, цырымбалка лёгка адскоквала.

Хто-небудзь з хлопцаў, ужо расчырванелы, у шапцы з брылем на патыліцу, п’янаваты, крычаў Мішку:

— Давай, Міша! Давай!

I, абхапіўшы за плечы дзяўчыну і на міг спыніўшыся, тупаў з усяе моцы нагамі, аж прысядаў, і неяк крывіў набок галаву — слухаў, ці моцна грыміць падлога.

А цяпер было смешна, што соўгаліся маладыя хлопцы, як калекі, перастаўляючы ногі. I была пуставатая хата.

— Німа цяпер маладзёжы. Німа...— Міша пачуў у сябе за плячом голас і азірнуўся: каля яго стаяў Ладак Аўсянік — невысокі, булаваты мужчына. Ён сарамяжліва ўсміхаўся, усё торкаючы рукою і падсоўваючы вышэй на белы лоб пляскатую кепку.

— Во,— якія гэта хлопцы: націна.

Ладак быў самы дужы ў вёсцы чалавек — адзін за тоўсты камель паднімаў дзеравіну, а на вечарынках любіў разбараняць хлопцаў, насіў іх, п’яных, дадому або ўгаворваў у цемнаце каля плота. Але сам ніколі не біўся, быў ціхі і сарамяжлівы, як дзіця ў чужых.

— Раз’ехаліся ўсе, мала хто ў вёсцы астаўся,— Мішка хацеў патрапіць Ладаку.— А некалі сколькі было хлопцаў...

— Дзіва што! — Ладак зноў паторкаў кепку.

Мішку зрабілася шкада сябе, шкада Ладака, таго, што вечарынка без гармоні, што няма ў хаце п’яных, што ніхто не будзе біцца, што Ладаку не будзе каго разбараняць, угаворваць, валачы дадому, што няма тае весялосці, а нейкая туга, бо няма тых дзяўчат, што некалі спявалі — на лаве каля радыёлы сядзелі адныя маладзенькія, з вострымі тварыкамі, і, саромеючыся, паглядалі на Мішку. Толькі на ложку Мішка ўгледзеў Сабіну — састарэлую дзеўку з чырвоным носам. У яе, як і некалі, былі выкладзеныя высокімі фалдамі жоўтыя кучаравыя валасы. Сабіна трымала на каленях малое год трох, мусіць, братава дзіця. Каля Сабіны сядзела нямая Яніна — яе тонкі вастраваты твар быў чысты і прыгожы, як дзіцячы, толькі нерухомы, скамянелы,— на ім стаілася пакутлівасць і таямніца. П’янаваты з чужое вёскі хлопец з прышпіленай, каб не чаплялася за ланцуг у веласіпедзе, калашыной падышоў да Яніны, пакланіўся, запрашаючы на танец. Тая зачырванелася, адвярнула галаву і замахала абедзвюма рукамі. Хлопец злавіў яе за руку, яна закрычала — гэты крык быў, як крык жураўля восенню, моцны і смутны, і на твары ў нямое застыла хворая пакута. Хлопец адчапіўся.

На другім ложку, што стаяў пры акне, з высокімі, падбітымі падушкамі, сядзеў руды з тонкім носам і падцятымі вострымі губамі Іван Рэдзька, што жыў яшчэ на хутары і рабіў сторажам у мястэчку на пераездзе; праз яго людзі куплялі шыфер на перавалачнай базе, вугаль, старыя шпалы на чыгуначнай станцыі. Рэдзька на гэтым абжыўся, і ў вёсцы яго не любілі. Нехта, пэўна знарок, пусціў пагалоску, што яго жонка Люба качалася ў лубіне з учотчыкам. Раз, напіўшыся, Рэдзька біў сваю маладую жонку качалкаю, і казалі, што звярэдзіў ёй спіну — жонка яго доўга хварэла.