Заіграў аркестр — было чуваць звон талерак і грукат барабана. 3-за сталоў пачалі ўставаць мужчыны, беручы за голы локаць жанчын.
— Віктар, я хачу танцаваць.
Не ведаю чаму, але я падняўся. Мы выйшлі туды, дзе перад аркестрам збіліся пары. Мне стала горача. Я зусім не трапляў у такт музыцы, ногі мае не слухаліся...
На эстраду выйшла сытая дзябёлая маладзіца — пачуўся глухі, нізкі, але моцны праз мікрафон голас.
— Кеня, выбачай, але я не магу...
Мы вярнуліся і селі за свой столік. Падышоў афіцыянт, паклаўшы на стол «заказ». Я разлічыўся, і мы пайшлі ў нумар.
— Позна, Кеня... Табе пара дадому... А да мяне яшчэ маецца прыйсці таварыш,— змахляваў я.
Яна адвярнулася і заплакала.
Я маўчаў. Тупы боль сціснуў галаву — я не ведаў, што гаварыць, як суцяшаць.
Яна паціху стала апранацца і ўжо спакойна, калі мы выйшлі на вуліцу, калі я падняў руку, каб спынілася таксі, загаварыла:
— А я прыехала на цэлую ноч да цябе... Я ляцела сюды як звар’яцелая. Я забылася пра ўсё... А ты мне напомніў, што ёсць жыццё. Божа, можа, так і трэба...
Я маўчаў, і мяне ела брыдкасць, сорам, крыўда... Я маўчаў. Я не хацеў гаварыць, што я яе не люблю, што я люблю яе выдуманую... Ды нашто было гаварыць — яна ведала і чула душою сама.
Яна стаяла ўся знябожаная, яе сэрца, пэўна, сціскала страшэнная, вялікая мука. Мне было яе шкада. Але чым я мог памагчы...
Я ведаў, што, калі пачну лгаць, будзе горай і для мяне, і для яе.
Падышла машына, свецячы зялёным вочкам і дыхаючы цяплом. Яна сцішана падалася да яе. Мяне нешта гняло. Я забег наперад і, узяўшы абедзвюма рукамі яе за плечы, пацалаваў у мокрыя вочы. Яна стаяла ўгнуўшы галаву, плечы яе то паднімаліся, то апускаліся, дрыжалі. Шафёр адчыніў дзверцы. Зялёнае вочка патухла, і суха затрашчаў лічыльнік. Машына ціха ад’ехала, дзверцы былі яшчэ ўсё незачыненыя... Востра, аж балелі вочы, гарэлі на ёй агні стопсігналаў. Дзверцы глуха ляпнулі, і машына пачала набіраць скорасць.
Нейкі салодкі боль апаліў мне грудзі. Я ўсё стаяў і глядзеў, як аддаляліся два ружовыя агні стопсігналаў. I мне думалася, каб я не бачыў яе дзесяць, дваццаць год, сэрца маё трапяталася б гэтаксама і гэтаксама я шукаў бы яе, але праз які час я з ёю не стрэўся б, маё сэрца працяў бы боль, я ўсё роўна, гэтаксама разышоўся б з ёю.
— Гэта ўжо заблытаная філасофія,— сказаў нехта з нас.
Петраш схамянуўся, падняў голаў — і твар яго, здаецца, зноў памаладзеў.
— А вы помніце чэхаўскую «Пані з сабачкам»? — ён неяк востра паглядзеў на нас.— Ды што я пытаю, вядома, помніце. Там напісана праўда, дзе Гураў шукае яе, у тэатры. I яна здалася яму тады нікчэмнай з гэтай самай ларнеткай.
А далей Чэхаў выдумаў. Бо і ў Гурава павінна было гэтаксама скончыцца каханне, як у мяне. Выдумаў...
Мы насцярожыліся.
— Бо два жыцці ў чалавека не бывае. А калі чалавек і хавае што, то хавае для некага, каб расказаць пра яго.
— М-да,— уздыхнуў хтось.
Мы выйшлі на вуліцу. Прэсная сырасць, як ад рэчкі, дыхнула на нас. Блішчаў мокры асфальт. Недзе з-за хмар азірнулася нізкае сонца, і асфальт зрабіўся чырвоны. Мы звярнулі ў скверык. На жвірыстую сцежку вецер нарваў зялёнага лісця. А калі ападае лісце, заўсёды думаеш, што блізка восень, што мінуў год, што шмат чалавекам перажыта і шмат перадумана.
Два злоты
У гэтую весну каля нечае хаты, што стаяла пры самай вуліцы, высунуўшыся адным вуглом на тратуар, я ўбачыў бярозавы пень — высокі, роўны з плотам — у чорнай струпаватай кары. Гэтыя струпы здаліся мне падобныя да шышак, што растуць у каня на пярэдніх нагах.
Пень быў свежы і ўвесь абліўся сокам.
Кожны раз, едучы ці варочаючыся з работы, я наравіў стаць, а то і сесці, калі выпадала слабоднае месца, каля акна ў тралейбусе, каб убачыць гэтую нізкую хату з закурэлаю ватаю ў падвойных вокнах, гэты абліты сокам бярозавы пень каля мокрага спаднізу плота. На надворку стаяла лужына, і нехта паклаў ад тратуара да парога на чырвоныя цагліны дзве вузкія дошкі.
Далей за хатаю пачыналася пустое дворышча з старымі, мусіць здзічалымі, яблынямі — іхнія голыя абветраныя лапы блішчалі шараю сухою карою.
Недалёка ад яблынь стаяла помпа: павесіўшы на загнуты кончык трубы вядро, маладзіцы з голымі рукамі, у лёгкіх сукенках, у гумовых ботах, што не сыходзіліся на поўных лытках, бралі ваду, азіраючыся на тралейбус.
Канчаўся марац. Каля плота раставаў сцукраваны і чорны, як абсыпаны сажаю, снег.