Выбрать главу

Хата з белым атынкаваным шчытом, у якім блішчала, нібы зашклёнае слюдою, акенца, была асаднікава: туды цераз Азярышча каля гразкіх лаваў, дзе некалі, казалі, тапіліся каровы, ішла грэбля, па ёй на шасцерыку ездзіў пан — там быў калісьці фальварак з броварам, з сажалкамі, з паперняю недзе каля рэчачкі. Цяпер грэблю размыла, фальварак перайшоў да асаднікаў: за хатаю з белым шчытом былі відаць яшчэ будынкі, расло высокае разложыстае дрэва.

На гэты бок Азярышча стаяла толькі адна дзедава хата.

Перабіраючыся на хутар, дзед яе перасыпаў: паклаў новыя падваліны і ўставіў па мацнейшай дзеравіне пад вокны, астатняе дзерава было старое, сточанае шашалем, у чорных глыбокіх, здавалася — аж навылёт, дзірачках з жоўтаю парахнёю. Яна сыпалася з гэтых дзірачак, чапляючыся за павучыну. Адтуль вылазілі дробныя жоўценькія і перашчыкнутыя ў поясе восы.

Перад вялікаднем дзед бяліў хату: у старым дзіравым, заточаным лапікам, вядры разводзіў мел, рабіў з саломы пэндзаль і дзеля блізіру пэцкаў знадворку сцены. Быў такі загад з гміны: бяліць платы, хаты і каміны.

Плота, балазе, у дзеда не было — ад дарогі, дзе сядзелі, выпусціўшы дробнае лісце, і ніяк не маглі акрыяць перакопаныя з вёскі яблыні, дзед нацягнуў між калкоў у дзве столкі калючы дрот. За яго, ідучы блізенька і махаючы хвастом, чаплялася карова і вырывала з хваста пучок доўгае валасні.

З плотам у дзеда клопату не было. Але каб «паляк» не аштрафаваў, дзед мусіў бяліць комін. Паставіўшы на падворку вядро, мачаў у разведзены мел анучу і, прыжмурыўшы адно вока, цаляў ёю ў комін. Ануча ляцела на той бок хаты.

— Ух, паляк, каб табе вочы засляпіла! — плягаў дзед і выпраўляў мяне шукаць анучу.

«Паляка» дзед не любіў. Прайшла камасацыя: скасаваўшы шнуры, каморнік падзяліў поле на дзялкі. Людзі з вёскі перабіраліся на хутары. Грошай дзед не меў, каб прыплаціць за лепшы надзел, і яму прыйшлося тры гектары нішчымнага пяску: зямля на гэты бок Азярышча ялавела і не ўраблялася гадамі, на ёй нават не хацеў расці ялавец — у канцы дзедавага поля сядзела тры прысадзістыя кусты. У маладое лета на жаўтлявых, загнутых, што ягнячы хвосцік, вяршках гайдалася і ціўкала шэрая пташка — янчык: у густым кусце было звітае з пырніку і выкладзенае конскаю валаснёю яе гняздо, у ім ляжала сем нябеснага колеру яечак.

Каля ялаўцовых кустоў рос шэра-зеленаваты мох — сухі і калючы, як жарства, у гарачыню, сыры і мяккі, хоць да раны прыкладай, у дажджлівы дзень.

Увесну на ялавіне купінкамі зелянеў малады сушнік — шорсткі і пруткі, як пэндзаль. Карова, чмыхаючы ноздрамі, зжынала яго зеленаватым ад травы языком, як сярпом. Тут, на дзедавай ялавіне, я пасвіў сваю Чарнавуху; вушы ў яе папраўдзе былі чорныя, і дзве чорныя плямы, велічынёю з авечыя аўчыны, былі на скабах. Пастухі казалі на яе — бык: Чарнавуха, калі я гнаў яе на пашу ў Азярышча, пускаючы сліну, ляцела за чужымі каровамі і чаплялася на каторую — яна бегалася за весну ўжо трэці раз.

У дзеда каровы не было, толькі руды і сыты, аж паліскалася на ім поўсць, кот Мар’ян. Ён хадзіў па полі, палюючы на мышэй, і падкрадваўся да пташак — поўз разораю, выгнуўшы спіну і варушачы хвастом. Перад ім, наставіўшы чубок і цвіркаючы, бег, адводзіў ад свайго гнязда, жаваранак. Мар’ян, выцягнуўшы ўперад дзве лапы, скакаў на яго — жаваранак, жаласна цвіркнуўшы, пырхаў убок і нізка і далёка ляцеў над полем, падаючы ў маладое, што не выпусціла яшчэ коласа, жыта. Кот, аблізваючыся і атрасаючы лапы, нібы ступаў у ваду, ішоў роснаю разораю далей: жывот у яго быў мокры, поўсць зліплася, нібы аблезла.

Аднаго разу ён валок зайца, трымаючы яго зубамі за голаў. Я прыпусціўся за Мар’янам, але ён не ўцякаў — кінуўшы зайца, сеў і замяўкаў. Заяц быў яшчэ цёплы, пад адкрытымі, але нежывымі вачыма з дзвюх дзірачак, што кот працяў зубамі, сачылася кроў.

Я паклікаў ката, але ён не ішоў — яму, мусіць, абрыдла цягаць гэтага зайца, што ён задушыў недзе каля мяжы, калі той спаў, усё гэтак пазіраючы сваімі невідушчымі вачыма.

Каля гэтых ялаўцовых кустоў, дзе на нішчымным сушніку я пасвіў карову, ішла і дзялілася, як ніткі ў нічальніцах, мінаючы лысы, гладкі камень, што сядзеў напалавіну ў зямлі, цвёрдая, выплесканая босымі нагамі сцежка: ратамцы, каб не рабіць круг дарогаю, хадзілі наўскасяк цераз дзедава поле.

Я любіў гэты грудок: з яго былі відаць далёкі лес, сіні, як у дыме ад тытуню, Папушчына, куды з нашае вёскі ездзілі па белы мох, калі трэба было мшыць хаты, было відаць мястэчка — чырвоны касцёл з дзвюма вежамі.

Мяне як магнэзам цягнула глядзець туды, дзе было мястэчка,— там быў кірмаш, адтуль дзед прыносіў мне маскаля — салодкі падмалёваны пернік; туды, у мястэчка, нарваўшы кошык салаты і нашчыпаўшы маладога пер’я цыбулі, хадзіла мая маці; туды ішлі і ратамскія бабы — гаварылі на ўсё поле. Яшчэ іх не відаць за жытам, а я ўжо чую іхні гоман, маладжавы смех, а потым ужо бачу іхнія хусткі, што пакажуцца над сіваватазялёным жытам. Бабы ідуць, прыбраўшыся ў чорныя даўгаватыя і вузкія ў таліі сачыкі, у доўгія гранатовыя, зялёныя, бурачковыя суконныя спадніцы з чорнымі шлякамі, у белыя фартухі з карункамі; ідуць босыя, несучы ў руках туфлі, чаравікі з доўгімі халяўкамі, каб перад самым мястэчкам, сеўшы дзе-небудзь у цяньку, пераабуцца. Нясуць зеленаватыя, з сырое лазы, кошыкі, карзіны, плеценыя з шырокіх лучын з ружовым паскам, завязаныя старымі вылінялымі хусткамі,— нясуць, мусіць, у тых кошыках курэй, яйкі ў мякіне, кружок масла, укручаны ў карабаты ліст ад хрэну. I, мусіць, як мая маці, варочаюцца дадому ўжо з торбачкаю солі, з запалкамі, з кавалкамі корту ці паркалю. Кошыкі і карзіны сталі ўжо лягчэйшыя, і яны нясуць іх на сагнутай у локці руцэ. Ідуць па адной, па дзве і ціхія — не кожнай, пэўна, удаўся торг.