Выбрать главу

Іншы раз сюды, на грудок, да мяне прыходзіў дзед, каб пераняць і вярнуць са сцежкі на дарогу ратамскіх баб. Вялікі, гарбаты ў плячах, ён, заступіўшы ім дарогу і не паднімаючы галавы, пытаўся:

— I кудэю ж вы йдзяце? Ці вам дарогі німашука? — голас у дзеда быў глухаваты і тоўсты.

— Няўжо ж, дзядзька, і біціся будзяце? — гаварыла каторая з іх, старэйшая, і абыходзіла дзеда.— Вот, бачымо, сцежка — і йдзямо. Ці ж мы нарочно?

Ратамцы гаварылі на «о»: мамо, тато, і імёны ў іх былі на «о» — Ганно, Міхалко. Мне было смешна, што яны гэтак гавораць, нібы не ўмеюць добра гаварыць. I мянушка на іх была смешная — махоркі. I людзі там меншыя, як у нас. Я ўспамінаю тое, што казала маці: «Якія там мужчыны, пад гаршком малацілі б»,— і гляджу на ратамскіх баб і дзіву даюся, што яны гэтакія самыя, як і ў нашай вёсцы, а адна з іх, дзяўчо, з карычняватай бародавачкай на верхняй губе — харошая, бялявая з твару і з роўненькім носам — у паркалёвай сукенцы з кароценькімі рукавамі, у запыленых туфлях, трымае на голай руцэ сачык шэраю блішчастаю падкладкаю ўверх.

— Так пусцеце, дзядзько, дальбуг, боляй не пойдзям сюдэю. Ці ж ужо варочацца блізкі свет? — азіраецца тая самая, старэйшая: колькі ж трэба ісці, каб мінуць дзедаву дзялку.

— Каб першы і астатні раз,— кажа дзед і ўжо бубніць сам сабе, але ўсё роўна, каб чулі ратамскія бабы: — Нарабілі тут дарог — не ўгарэш.

Але тыя ці чуюць? Адышоўшыся, зноў моцна гавораць і молада смяюцца.

А тым часам за жытам ляскаюць, недзе трапіўшы на камень, калёсы; відаць спярша чырвоную дугу, потым чорную канёву галаву з доўгаю, нястрыжанаю, як у жарабца, грываю, што сыплецца каню на вочы, хамут з чорным скураным кутасікам, а потым ужо гладкую канёву спіну з кульбачкаю, з набэдрыкамі — едзе фурманка. Стаўшы каленкамі на мяшок, на возе сядзіць мужчына з чорнаю, даўно не голенаю барадою, у кепцы з пераломаным і скрыўленым брылём.

Фурманка кіруе сюды, на сцежку, на дзедава поле.

Дзед бярэ ў мяне з рук пугу, пераварочвае таўсцейшым канцом пужальна і ідзе настрэчу фурманцы.

— Кудэю ж цябе ліха гоніць? Ці дарогі не бачыш? — крычыць дзед, трасучы пужальнам.— Заварочвай назад!

Але фурман, падняўшы недзе з воза, з-пад сваіх ног, доўгую стусіну з чырвоным кутасом, шлёгкае каню па гладкім крыжы, цмокае языком і, ухапіўшыся адною рукою за драбінкі, другою тузае лейцы.

Конь, фыркнуўшы, задзірае галаву, стрыжэ вушамі і, абарочваючы назад галаву, каб вачэй не засланяла грыва, ляціць з усіх чатырох ног — ляскацяць, трасуцца калёсы.

Дзед адступаецца з дарогі і круціцца, азіраючыся кругом сябе, каб знайсці які камень, але не знаходзіць і, хапіўшы жменю пяску, сыпле на фурманку, як сыплюць пясок, каб асадзіць пчаліны рой.

Мужчына з пераломаным брылём азіраецца і выскаляе чорныя дуплявыя зубы.

Спалохаўшыся гэтага ляскату, гухкае і адскокваецца ўбок карова і, не паднімаючы галавы, касавурыцца на фурманку адным вокам — з краю яго відаць бялок.

— Ну, махорка! — дзед трасе кулаком.— Ты ў мяне папомніш!

Потым абарочваецца і глядзіць зверху на мяне:

— Схадзі, Чэзік, прынясі лапату. Трэба перакапаць дарогу. Лапата недзе ў сенях, адчыніш дзверы і ўбачыш з прыходу ў кутку. Скокні, карову я папільную.

— Сёння ж нядзеля, ці можна капаць? — кажу я, рады, што падлавіў дзеда.

— Ніц! Бог жа бачыць, што яны маю зямлю топчуць. Чаго ж я так сабе капоў бы...

Я прыношу лапату. Дзед адводзіць ёю ўпоперак дарогі шнурок, потым другі, рысуе спярша даўгаватую з чатырма куткамі яму, ставіць лапату, націскае босаю нагою на загнутае крыло, каб глыбей увайшла лапата, і пачынае капаць. Потым ужо, выкапаўшы упоперак сцежкі неглыбокі, усяго па калена, равок, убівае ў зямлю лапату і, не выходзячы з яго, садзіцца на бераг, засыпаны вільготным жоўтым пяском, з якога добра лепяцца галкі, і дастае свой капшук, крэсіва — кавалак ужо збітага аб крэмень блішчастага з аднаго боку напільніка і баначку ад ваксы, дзе ён хавае трут — падпалены на лаве і прытушаны халодным жалязкам, каб не сатлеў саўсім, паркалёвы лапік.