Выбрать главу

Каб абысці гэтую гразь, ратамскія бабы лезуць пад дрот, якім дзед абгарадзіў свой гарод, і ідуць разораю між высокіх град, дзе ў выціснутых кулаком ямках сядзіць капусная расада, трымаючы на сівавата-зялёных, нібы тлустых, лістах скалкі вады.

Між трох столак дроту дзед насаджвае лазовых дубцоў — густа, нібы выплятае пляцень. Гэтая лаза нават пачынае прымацца — пускае зялёныя пасынкі.

Тады ратамскія бабы ходзяць на другі бок лужыны, па дзедавай сенажаці. Хоць якая там у дзеда сенажаць — адно куп’ё, ці, як ён кажа, купешкі. Меншыя купешкі дзед таўчэ, убівае ў грунт трамбоўкаю — таўставатым паленам з драўлянаю ручкаю на канцы. Большыя зразае лапатаю і носіць да лужыны, выкладае тут мяжу — вузкую грэблю, каб было як прайсці ратамскім бабам.

На сенажаць з кароваю мяне дзед не пускае, і я пасу сваю Чарнавуху, прывязаўшы ёй за рогі вяроўку, на дарозе, усыпанай белымі галоўкамі дзяцеліны. Нізка над дарогаю снуе ластаўка, а потым, затрапятаўшыся над лужынаю, садзіцца каля вады, бярэ ў дзюбу гразі і ляціць на дзедаў хутар — там у гумне, высока пад самаю кладкаю, дзе кроква сыходзіцца з латаю, яна лепіць сваё гняздо. Можна нават пазнаць, колькі яна зрабіла за дзень, бо край гнязда чорны — яшчэ не паспела высахнуць гразь.

Тут пры дарозе, каля нізкага ялаўцовага куста, дзе расце зялёны мох з малюсенькімі каўпачкамі на карычняватых тычачках, грэюцца яшчарыцы. Яны шыюцца ў куст, недзе ў нору, шапочучы сухою травою, калі падыдзеш блізка.

Аднаго разу, забыўшыся, што тым, чым біў яшчарыцу, нельга біць карову, бо не будзе даваць малака, я парнуў пужальнам у сухую траву, куды мільгануў шары хвост. Яшчарыца выскачыла на другі бок ялаўцовага куста і вёртка пабегла па сухім сушніку. Дагнаўшы, я зноў тыцнуў у яе пужальнам. Хвост у яшчарыцы адваліўся, варушачыся і выкручваючыся, як жывы, а яна, кароткая, таўставатая, пашылася між купак сушніку аж на дарсгу і шмыганула ў аброслую травою каляіну. Я нагнуўся шукаць яшчарыцу і ўбачыў хустачку: у яе было завязана нешта круглае, як жалезныя грошы.

Падняўшы хустачку, я ўчуў, што ў руцэ нешта Еажыць, і ўжо з нейкай радасцю, што працінала ўсяго мяне, развязаў яе — у хустачцы ляжалі два жалезныя злоты. На рэшцы стаяла лічба адзін, з другога боку быў арол з каронай на галаве і разяўленай дзюбай, падобны да пеўня, што ўзляцеў на жэрдку і растапырыў крылле, каб заспяваць.

Я закруціў карове на рогі вяроўку і пабег да дзеда. Ён сядзеў на трамбоўцы, выцягнуўшы адну нагу,— даставаў з кішэні свой капшук.

— Нашто кінуў карову, вунь зараз у капусту ўваб’ецца,— дзед развязаў капшук і двума большымі пальцамі выцягнуў адтуль паперу.

— Во, паглядзі, дзед,— я расшчапіў руку, паказваючы на далоні тыя два злоты.

Дзед выцягнуў шыю, аж схаваўся ў яго зарослы сівою шчацінай кадык.

— Грошы,— сказаў я, не паверыўшы, што дзед бачыць сам.

— Го, і проўда ж,— ён узяў адзін злоты з мае далоні.— А дзе ж ты ўзёў?

— Знайшоў вунь на дарозе... У хустачку ўкручаныя былі...— і мне тут раптоўна ўспомнілася, што ў дзеда гэтаксама былі завязаныя ў хустачку грошы.

Дзед насупіўся і пачаў абмацваць свае кішэні.

— Дзед, а гэта не твае? — спытаў я, чуючы, што брыдка, калі не спытаю, і баючыся, што дзед папраўдзе скажа, што гэта яго грошы.

— Не... Нашто ж мне... Вам будавацца трэба,— дзед выняў з кішэні баначку ад ваксы, у якой быў трут.— Нясі дадому, глядзі толькі не згубі.

Я, падскокваючы, пабег заварочваць ад капусты карову: яна, усунуўшы між дроту галаву, там, дзе раз’ехаліся лазовыя дубцы, скубла, дастаючы з гарода, траву. Убачыўшы мяне, тыцнулася назад, зачапілася рогам за дрот і закруціла галавою.

Я падняў драціну, карова задам адышлася ад гарода і, махаючы назад галавою, каб сагнаць са спіны чырвоных ад крыві мух і сівых, з блішчастымі зеленаватымі вачыма слепакоў, завярнула на скрыжаванне. Потым падняла галаву і, трасучы вушамі, прыпусцілася бягом, нібыта дома ў яе асталося цяля. Я не пераймаў — ведаў, што яна бяжыць да радзюжкі з зеллем.

Вяроўка раскруцілася ў яе на рагах і цягнулася па зямлі, карова наступала на яе і, згінаючы галаву, спатыкалася.

— Чаго ж так рана? — спытала маці, стоячы каля гумна і трымаючы пад фартухом рукі: яна, мусіць, здалёку яшчэ на дарозе ўбачыла карову і выйшла страчаць мяне.— Ды каб хоць вяроўку закруціў.

Вяроўка ўлезла карове ў капыт, і яна ішла як стрыножаная.

— Можа ізноў Лявося паздзекавалася? — спытала, смеючыся, маці.

Лявося — гэта была перастарэлая дзеўка з нашае вёскі. Яна жыла з хвораю на сухоты сястрою і ўсю мужчынскую работу дома рабіла сама: сама касіла, арала, і гэтак, як мужчына, стоячы на возе і круцячы над галавою лейцамі, падганяла каня, калі ехала на поле, і гэтак хадзіла, як мужчыны, шырока расстаўляючы ногі і размахваючы рукамі.