Выбрать главу

— Куды ж ты, сынок, пойдзеш з голымі рукамі? Гэта ж табе не воўк, што настрашыў — і ён уцячэ.

Мужчыны з хлопцамі пабеглі ў Азярышча, калі мы з мацераю сказалі, што там ранілі чалавека і што туды клічуць на помач. А Лявося скоранька запрагла каня, стала на воз і, круцячы над галавою лейцы, пагнала каня, як гэта робяць мужчыны, калі недзе на балоце ляжыць сухое, як порах, у копах сена, а тут ужо грыміць і з поўдня ўстае, займаючы паўнеба, папяловая хмара, дыхае холадам вецер, гонячы пясок і круцячы ўгары салому — вось-вось пойдзе дождж.

Казалі, што быў там Лявосін сыновец — стрыечнага брата сын, што сядзеў у польскай турме за палітыку і цяпер вярнуўся дадому. Бегаў туды і мой бацька. Маці ўсё бедавала:

— Ці раскажаш яму — ён як малы. Падаткне дзе галаву...

Бацька вярнуўся пад вечар. На грудзях у яго была прышпілена чырвоная стужка. Маці плакала і сварылася.

— Куды ты сунешся? Яны руж’я пабралі, то начальнікамі будуць — яны граматныя. А ты, цёмны, як біў на шашы каменне, то і біцьмеш.

— Вот сціхні,— зазлаваў бацька, але адпусціўся і расказаў, што было ў Азярышчы.

Асаднікаў дом яны абкружылі, але даступіцца блізка не маглі: з гарышча пачалі страляць, там сабраліся паліцыянты з пастарунка і ўланы, што ўцякалі з граніцы. Яны ранілі яшчэ нейкага Новака з мястэчка... Але гэты будзе жыць... А Лявосін сыновец сплыў крывёю, сканаў дарогаю.

На другі дзень яшчэ раненька, яшчэ толькі ў хаце зашарэўся дзень, маці разбудзіла мяне:

— Уставай, вунь Саветы прыйшлі.

Я адкрыў вочы. На дварэ нешта моцна гуло, нібы там ламалася і з грукатам падала ў нейкую прорву зямля. У акне ўсё дрыжала і дзынкала слабка прыбітая цвічкамі шыба.

Што гэта?

— Чолгі ідуць. Што там робіцца на шашы, каб ты бачыў!

Апрануўшыся, я скоранька выбег на двор — з шашы чуваць быў моцны, аж угіналася зямля, перамяшаны з лязгатам, грукат. Выскокваючы з хат і на хаду апранаючыся, цераз чужыя падворкі беглі да шашы людзі. Я кінуўся туды. Там ужо стаяла ледзьве не ўся вёска. Мужчыны махалі шапкамі, а бабы, склаўшы на жываце рукі, моўчкі глядзелі, як ішлі, выставіўшы наперад гарматы, зялёныя, як прыхопленая марозам трава, танкі. На іх сядзелі закурэлыя ад пылу салдаты ў касках з зашпіленымі пад барадою папружкамі. Грукат ад танкаў закладваў вушы.

Я глядзеў, як клалася, здаецца, аж угінаючыся, пад танкі шаша, глядзеў і не мог разабраць, чаму яны гэтак едуць: гусеніцы ляжаць пад танкам, не круцяцца, а ён ідзе.

Потым ехаў абоз: вазы з будамі, з нацягнутымі на іх антэнамі; па чацвёра коней цягнулі цяжкія гарматы; ішлі самаходы-грузавікі з байцамі. Упрэжаны конь цягнуў вялікі чорны бак — кухню; ад яе пахла ядою, бярозавымі дрывамі.

Пасля таго дня я ўжо болей не пасвіў сваю Чарнавуху на дзедавым полі — гнаў у грамаду, на асадніцкае балота.

Дзверы ў асаднікавай хаце нехта забіў накрыж дзвюма дошкамі — казалі, што асаднік уцёк.

Большыя пастухі раскалыхалі і вывернулі антэну — тыя два высокія шасты з дротам, на якім блішчаў белы ізалятар.

Вялікае, на двое дзвярэй, асаднікава гумно было адчынена: мы залазілі на бэлькі і скакалі на складзенае ў торп і не змалочанае яшчэ жыта, набіраючы на адзежу, за каўнер вострых асцюкоў, яны потым казыталіся пад сарочкаю на спіне.

Каля хлява ляжалі сарваныя з петляў дзверы — ён быў пусты: асаднікаву скаціну камбед параздаваў людзям. Чырвоная сытая карова з вялікімі і вострымі, як вілы, рагамі, што калола ў нашай вёсцы ўсё быдла, прыйшлася майму дзеду.

Я пасвіў яе разам з Чарнавухаю тут, на асадніцкім балоце. Яна ўцякала дадому, у гэты пусты хлеў з выламанымі дзвярыма — асаднік, пэўна, падкормліваў яе канюшынай, каб падбаўляла малака.

— Бачыш, ніяк усё не адвыкне ад свайго хлява. Ты пугай ёй пекані, пугай! — крычалі мужчыны, што сабраліся сюды дзяліць асаднікаву зямлю.

Быў тут і мой бацька — ён насіў збітую з трох тычак мерку. Мужчыны, сышоўшыся ў грамаду, узіраліся ў нейкую паперу, нешта абмаўлялі, і тады мой бацька ішоў цераз папар, перастаўляючы гэтую мерку, як цыркуль, адлічваў метры і спыняўся — да яго з сякерай у руцэ, з белымі калочкамі пад пахай бег мужчына.

На асадніцкім, здратаваным нашымі каровамі ржышчы стаяла ўжо многа наўбіваных калочкаў.

Падзяліўшы гэта здратаванае каровамі ржышча і чорны папар, з якога дзе-нідзе выглядваў не прывалены лустамі зямлі лубін, мужчыны выйшлі на грудок, дзе ляжалі шэрыя камяні, пасядзелі на іх і пайшлі, часам прыпыняючыся, чакаючы адзін аднаго; за грудом яшчэ доўга былі відаць іхнія шапкі.