Выбрать главу

А мой бацька вярнуўся, клікнуў мяне, каб паказаць, дзе будзе наш гектар.

— О, зямля тут тлустая,— ён паправіў на галаве, падбіў уверх кепку.— Як пад Любчаю... Радзіць будзе... Што казаць...— і ступіў нагою ў мяккі папар.— Там, на грудку, каля каменя, такая нішчымная, як у нас, пясчуга.— Ён прымружыў вока, цікуючы туды на груд, дзе шарэла каменне і выдавала здалёк, што ляжаць авечкі...

Пазычыўшы ў вёсцы каня, некаторага дня бацька прыехаў у Азярышча сеяць жыта. Прайшоў раз па завораным лубіне бараною, выпраг з яе каня, павесіўшы яму на галаву торбу з аўсом, і закруціў за драбінку лейцы. А сам завязаў палатняны фартух, насыпаў у яго з мяшка жыта і стаў у канцы загона. Зняўшы шапку, перахрысціўся.

— Радзі божа! — сказаў ён і, узяўшы з фартуха жменю жыта, шырока ступіў праваю нагою, аднёс руку і з размаху сыпнуў жыта — мільгануўшы, зярняткі дробненька зашапацелі спорным дажджом, заскакалі ў раўках па зямлі, спаласаванай бараною.

— Ідзі каля мяне, вучыся! — гукнуў бацька, не азіраючыся і ўсё гэтак, пад правую нагу, далёка понізу рассыпаючы жыта.

Вецер варушыў яго мяккія рэдзенькія валасы. Лоб у бацькі і дзве вострыя залысіны, што глыбока ўядаліся ў валасы, былі белыя — бацька ўсё лета не скідаў з галавы шапку.

Жыта баранаваў я сам, бацька ішоў з другога боку, нагінаючыся, паднімаў барану, калі набіралася шмат пырніку, зграбаў яго рукамі і нёс на замежак.

Ужо ў глухую восень, калі камянела зямля, а трава на азярыскім балоце рабілася рудая, трохі нейкая бурачковая (кончыкі пер’я ў яе адсыхалі і чырванелі), я прыганяў сюды на сівую ад марозу рунь сваю карову.

Запыняць яе не трэба было: сшэрхшы ад холаду, яна хадзіла тут па руні, а я бег у дзедаву хату грэцца.

— Уга, хто прыйшоў! — дзед уставаў з калодкі — ён шчапаў ад яловага палена лучыну; тры тоўстыя, звязаныя вяровачкаю пукі ўжо ляжалі на падлозе.— Можа, папалуднаваў бы? Нябось, вымерзся? — і даставаў з печы, ставіў на стол забеленую сачыўку.— А я вот захварэў, недамагаю нешта.— Ён браў з паліцы, дзе віселі дзеравяныя счарнелыя лыжкі і вялікі з загнутым чаранком апалонік, бутэльку зеленаватай газы, наліваў у чарку і піў.— Бачыш — вы паліце, а я п’ю. Ого, найпершае лякарства ад горла?

Але газа дзеду не памагла — якраз перад калядамі ён захварэў на запаленне, і маці, папрасіўшы ў вёсцы фурманку, прывезла яго да нас.

Паіць і карміць яго карову мы хадзілі ў Азярышча з мацераю — два разы на дзень.

Зіма ў той год стаяла халодная і злая, як звер. Дзед праляжаў у нашай хаце да самага цяпла. Але вясною, калі сышоў снег і ў лагчынках ад яго асталася толькі сівая, як павуціна, плесня, калі зазелянела дробная, як расіца на завоіне, дзяцеліна і мы пачалі будаваць хату — спярша прывёзшы з поля, адтуль, з асаднікавае зямлі, чатыры камені, дзед ужо прыходзіў з хутара памагаць бацьку: сядзеў на дзеравіне, як на кані, звесіўшы ногі, і востраю, наведзенаю на бруску сякераю падчэсваў яе.

— А бардзюр ты не згубіў? — пытаўся ён у мяне.— У новую хату якраз спатрэбіцца.

— Не, не згубіў, ляжыць недзе ў куфры,— сказала за мяне маці. Яна прыходзіла сюды, пад зруб, збіраць у прыпол большыя трэскі.

Пад самую восень мы перабраліся ў новую хату, а ў падпаветцы, раскідаўшы печ, паставілі карову.

Новая хата пахла распаранаю глінай, як пахне сухі, гарачы пясок, калі пачынае накрапваць ціхі дождж: у куце, напроці акна, стаяла сырая печ з белымі, як выцвілымі, падсохлымі плямамі каля пячорак. Сыраватая была і ўтрамбаваная на зямлі гліна; на ёй значыліся круглыя ўмяціны ад калодкі.

Усю зіму і восень макрэлі вокны — на шуфлядзе збіралася вада. Маці клала туды анучу і падстаўляла чыгун — сярод ночы ў яго, сабраўшыся, цурком лілася вада: дзын-дзын-дзын.

— Нічога, як-небудзь перазімуем, а налета зробім пліту, будзе цяплей,— казаў бацька.

Але пліту ў новай хаце мы зрабіць не паспелі. Скласці яе падмеўся дзед. Сярод хаты стаяла пазычаная ў Лявосі скрыня — адна, мусіць, на цэлую вёску, і яе бралі ўсе, каму трэба было рабіць печ ці пліту. Дзед лапатаю насіў у хату гліну, што яшчэ з леташняга года ляжала ў нас каля вугла, сыпаў у скрыню і, падліваючы вады, размешваў. Я бегаў у нашую яму, што ўвярнулася на згоне зімы, калі выбіралі картоплі,— аб’ехала збоку цэлая глыба, ледзьве не завярнуўшы бацьку,— па жоўты пясок. Дзед добра размешваў яго з глінаю, завязаўшы хвартух, станавіўся на коленкі, чэрпаў кельмаю рошчыну, выбіраў дзе які каменьчык і ляпаў яе на ток, клаў на сярэдзіну разбітыя, а з краю цалейшыя цэглы, стукаў па іх, раўняючы ручкаю кельмы,— выкладваў спод.