За першы дзень ён зрабіў печку толькі да люфаў. Назаўтра была нядзеля, і дзед, пэўна, пайшоў у мястэчка да тае самае служанкі, а пасля полудня над нашай вёскай ляцелі самалёты, чужыя, з чорнымі крыжамі, і, спусціўшыся над маяком, што стаяў на гары за вёскаю, глуха стралялі з кулямётаў: бух, бух, бух — нібы сыпаліся ў пустую глыбокую яму з мяшка картоплі. Потым недзе грымела, як грыміць далёкі пярун, калі адыдзецца хмара і аглянецца сонца.
Прыйшоўшы з мястэчка, дзе ён вартаваў газу, бацька сказаў, што пачалася вайна. А ў нашай вёсцы было ціха. На падворку ціўкалі, збягаючыся да курыцы, жоўтыя нядужыя кураняты, і недзе за вёскаю ў алешніку крычалі рудыя з жоўтымі дзюбамі шпакі, і старыя, чорныя, мусіць, яшчэ насілі ім і кідалі ў разяўлены рот чарвей.
У панядзелак дзед прыйшоў рабіць пліту. Але маці сказала:
— Пачакаем, тата, печка нідзе не дзенецца. Вайна... каб дзе што прыпратаць,— і пачала насіць у пустую картапляную яму ўсё са свайго куфра.
Я ўжо не пагнаў карову на асадніцкае балота — пасвіў каля дзедавай хаты. Цяпер ужо кожны дзень дарогаю з мястэчка ішлі людзі — чужыя, задыханыя, ішлі не разбіраючы дарогі, усё туды, недзе пад Ратамшчыну; ехалі машыны з кабетамі, з дзецьмі — на дарозе ўставаў і цягнуўся на нізкі, яшчэ жаўтлявы ячмень мяккі сухі пыл, ад яго пяршыла ў роце. Пачалі ісці салдаты — спярша грамадкамі, потым па адным, па два — як хто, заходзілі пад дзедаву хату, сядзелі ў цяньку, пераабуваліся, кідаючы старыя анучы, шынялі, і ішлі далей. Аднаго разу тут, каля дзедава гарода, стрэліла маторам і заглухла машына з чатырохствольным, што стаяў у кузаве, кулямётам. Трое байцоў пастаялі каля яе і, павесіўшы на плечы вінтоўкі, пайшлі ў нізкі, жаўтлявы ад маладых і высокіх, як свечкі, вяршкоў хвойнік.
Пад вечар, калі зрабілася зеленаватым неба, дзе заходзіла сонца, а на поўдні стаў відаць месяц, што браўся на поўню, сюды, на дзедаў хутар, прыйшлі падазроныя людзі. Мы з дзедам убачылі іх яшчэ на балоце, калі яны звярнулі з грэблі. Іх было чацвёра. Недзе з-пад іхніх ног паднялася і закрычала, нізка лётаючы над балотам, кнігаўка. Мы з дзедам стаялі і глядзелі, як праз жоўтую слепату, што заглушыла дзедаву сенажаць, яны ішлі сюды, да нас. Мы спярша думалі, што гэта нашы байцы,— адзетыя яны былі ва ўсё вайсковае і з вінтоўкамі.
— Мусіць, хочуць вады,— сказаў дзед, азіраючыся на мяне.— Скокні прынясі.
Па ваду трэба было схадзіць у крыніцу да бочкі, якую дзед укапаў на лагчынцы каля гарода.
Я пабег у хату і вынес пустое вядро. На падворак прыйшлі ўжо байцы. Я стаяў, чакаючы, што яны будуць гаварыць.
— Нех бэндзе похвалёны,— зняўшы пілотку, сказаў адзін з іх, высокі, з белаватымі вачыма.
— Здрастуйце,— сказаў дзед, пільна цікуючы на байцоў. На боты, на галіфэ ў іх наліплі жоўтыя лісткі ад мокрае слепаты.
На балоце выпала раса, і далёка за грэбляю, каля асаднікавае хаты, вісеў белаваты, як дым ад сырога алешніку, туман.
— Пан не ве, як пшэйсць до Ліды? — гаварыў усё той, з белаватымі вачыма, астатнія маўчалі. Шыя ў яго была чырвоная, чырвань налівалася і за вушамі.
— Ліда ў тым боку,— дзед падняў руку з папяросаю і паказаў туды, дзе праз рэдзенькую ў палосы хмару глядзела чырвонае, велічынёю з века ад дзежкі, сонца.
Я глянуў на яго, і ў вачах асталіся спярша залаціста-зялёныя, а потым сінія і цёмныя кропкі.
— Спасіба,— сказаў той самы баец з чырванню за вушамі. Астатнія трое маўчалі. Адзін расшпіліў зялёную палатняную сумку і даў мне грудку цукру.
Яны паправілі, падтрасаючы на плячах, вінтоўкі і памалу пайшлі дарогаю. Каля цёмна-сіняватага, што ўжо выпусціла колас, жыта звярнулі на сцежку.
— Гэта ж, пэўна, пераадзетыя нямцэ,— папярхнуўся дымам дзед.— Бо чаго ж на ноч гледзячы ідуць пад Ліду? Да сваіх, недзе...— Дзед папляваў на папяросу і атрос яе з пальцаў.— Недзе ўжо блізка хронт, раз яны ходзяць не баючыся.— Ён яшчэ паўзіраўся туды, дзе каля жыта стаялі, апраўляючыся, пераадзетыя немцы, і пайшоў у хату.
Я адлучыў ад дзедавай сваю карову і пагнаў яе на дарогу. Сонца ўжо закацілася, толькі неба на захадзе асталося ружовае — знак, што заўтра зноў будзе гэтакі сухі і ветраны, як сёння, дзень. Ціш ляжала над светам. I недзе трапятаўся ўгары жаваранак. Адзін на ўсё поле. Пахла зялёным сырым жытам. Вільгатнеў пясок на дарозе. Чмыхала карова. З губы ў яе цягнулася доўгая і тонкая, як павуціна, блішчастая сліна.
Высока на поўдні паяснеў месяц. Шашою ляскала, траслася фурманка. I недзе страляла і глухла машына. Выгнаўшы на груд, я ўбачыў, як шашою за нашу вёску на ўсход сонца ішлі і ішлі байцы...