Назаўтра ў полудзень, якраз тады, калі я прыгнаў з поля карову, да нас у хату забег маладжавы цыган. На баку ў яго вісела зялёная картовая сумка, рыхтык такая, якую я знайшоў каля шашы ў канаве,— у ёй быў процівагаз. Цыган расшпіліў картовую сумку і дастаў складзены ў некалькі столак кавалак зялёнага сукна.
— Можа паесці далі б? — сказаў ён і паклаў на стол кавалак сукна.
— Нашто ж гэта мне, чалавеча? — беручыся за вілы і адчыняючы ў печы засланку, сказала маці.— Я і так вам крупніку налью.— Яна падважыла і выцягнула на прыпек чыгунок з белаватым накіпам на боку.— Божа, што на свеце робіцца? А мы во толькі хату паставілі. I абжыцца не паспелі... Бачыце, і пліту яшчэ не дакончылі.
Цыган паглядзеў на складзеную вышэй калена пліту, на скрыню з падсохлаю і пабялелаю ў ёй глінаю.
— Не, вы гэтае сукно забярэце. Цяпер нічога не спажывеш, каб хоць самыя жывы асталіся,— маці наліла і, забяліўшы, паставіла на стол гліняную міску з крупнікам.
Цыган расшпіліў каўнер у рубашцы і падсунуўся да стала. Маці адкінула абрус, якім накрывала хлеб, і адкроіла вялікую, на ўвесь бохан, лусту.
— А ці ж далёка той фронт? — спытала яна, сеўшы на заслон і гледзячы, як цыган есць.
— Ды кажуць, што немец ужо каля Слоніма.
— А мой во пацягнуўся ў мястэчка. I чаго, каб хто спытаў. Газу там вартуе. Ці, як кажуць цяпер, карасіну. Каму яна трэба цяпер, тая варта?..
Цыган, маўчучы, высербаў крупнік. Выцер губы, паклаў недаедзены акраец хлеба сабе ў картовую сумку і ўстаў з-за стала.
— Не, і сукно забярэце. Гэта ж грэх, каб я за міску крупніку ды адрэз сукна брала.
— Нічога, нічога. Спатрэбіцца калі-небудзь,— цыган абедзвюма рукамі адзеў на галаву шапку і адчыніў дзверы.
Маці паднялася з заслона, узяла са стала складзены ў некалькі столак кавалак зялёнага, як выцвілага, сукна, разгарнула яго і памацала пальцамі.
— Так добрае сукно,— сказала і засмяялася давольная.
Але ў сенях нехта зноў шлупаўся, ніяк не могучы адчыніць клямку,— не ведаў, што спярша трэба стукнуць у дзверы каленам, як раблю я.
Кінуўшы на куфар адрэз, дзверы памагла адчыніць маці.
За парогам стаяў той самы маладжавы цыган.
— Немцы! — сказаў ён як не сваім голасам. Твар у яго быў белы.— Страляюць па вёсцы,— і зноў выскачыў на двор.
Я кінуўся за ім. Чуваць было, як недзе нізка над вёскаю стракатаў самалёт.
— Куды ты? — адчыніўшы дзверы, закрычала маці, аж у яе, мусіць, перацяло ў горле.— Вярніся! Куды ты?
Я ўскочыў назад у хату.
— Лажыся,— маці схапіла мяне за каўнер, з усяе моцы прыціснула да зямлі, тут жа з прыходу, недалёка ад памялешніка, дзе стаяў вялікі чыгун — ад яго пахла кіслымі памыямі. Тады на коленках папаўзла да ложка, сцягнула, прынясла сюды, у памялешнік, падушку.
— На, хавай за яе галаву!
I раптоўна нешта моцна і суха, як пярун у камень, ляснула ў сенях. Грукнулі і расчыніліся, як пры вялікім ветры, дзверы. У коміне задзынкала аб край юшкі, пасыпалася на прыпек раскрышаная цэгла ці сажа. Нада мною загайдалася і заскрыпела прычэпленае на доўгім дроце да бэлькі вядро. За акном віўся жоўты, нібы з нашага коміна, калі палілі сырым ялаўцом, дым. З сяней цягнула смуродам.
— Сынок, хата гарыць,— маці схапілася з зямлі і зачыніла дзверы.
У хаце зрабілася сцішна. На страсе, чуваць было, шумела полымя — мякка і густа, як шуміць лес.
Маці падбегла да акна і доўга адшчапляла і ніяк не магла адшчапіць кручок.
— Скакай сюды, у гародчык,— маці адшчапіла кручок і папхнула туды, на вуліцу, абедзве палавіны акна.
Я скокнуў на нізкія і звялыя ад гарачыні памідоры. Ад іх горка пахла, як ад нарэзанага сырога картапляніку. Востра дзынкалі тут, каля сцяны, мухі.
Самалёта над вёскаю не было чуваць. Толькі над нашаю хатаю шумела, як з вялікага цёнгу, полымя і трашчалі латы, як трашчаць у печы і страляюць на хату сухія яловыя дровы. На чужой страсе, уючыся, поўз цень — гэта, мусіць, ад дыму з нашае хаты. Чуваць было, як нізка зафуркатаў снарад і бухнуў недзе там, за чужою хатаю,— каля плота закудахкалі і, з перапуду падлятаючы, пабеглі ў бэз куры. Стралялі з грудка, з шашы — раз за разам і моцна — недзе з гарматаў.
— Ах, божачка, чаго ты тут стаіш? — маці кінула праз акно сюды, на звялыя ад гарачыні памідоры, падушку і свой новы, што нядаўна шыла, з плюшавым каўняром сачык. I, зачапіўшыся недзе на акне за кручок спадніцаю, з’ехала з акна ў гародчык сама.— Бяжы ў картапляную яму! — крыкнула яна, паднімаючы падушку і свой новы сачык.
Я выскачыў за хату. Недзе каля мяне, як нешта злое і вострае — вось-вось уджаліць,— ціўкалі кулі.
— Хлопчык, лажыся! — пачуў я нечы голас і, азірнуўшыся, убачыў таго самага маладжавага цыгана, што еў у нас крупнік. Ён, прыгнуўшыся, бег да мяне.