Выбрать главу

— Лажыся, кажу табе, лажыся! — ён схапіў мяне за руку і моцна, як робяць у жарт рукавіцу, сціснуўшы за костачку, павалок у нашу, што так і асталася незасыпаная, картапляную яму: тут мы капалі пад берагам свежы пясок, калі трэба было пасыпаць у нядзелю хату і надворак.

У яме пахла нагрэтым пяском, валяліся чорныя асколкі шкла ад разбітых бутэлек, каменне, смецце, якое насыпаў бацька, падграбаючы і метучы падворак. Я вызірнуў з ямы, углядаючыся, дзе маці. Цягнучы за адзін рог падушку, яна бегла ўжо сюды.

— Ах, божа, гэта ж з хлява каровы не выпусціла,— маці задыхалася і цяжка сапла.— Згарыць карова.

— Не хадзіце,— сказаў цыган, не паднімаючы голас. Ён ляжаў скурчыўшыся. З берага яму на шапку нацерушыўся пясок.

— Куды ж я цяперака пайду,— стаўшы на коленкі, маці пачала грабці з-пад сябе пясок.

— Во лажыся сюды,— і яна накрыла мне галаву падушкаю. Пад ёю не было чуваць, як страляюць.

Я высунуў галаву. Высока ў неба паднімаўся жоўты напроці сонца дым. У ім мільгала, вілася ўгору і лётала, як чорны які снег, перагарэлая салома. Вецер зносіў яе недзе ўбок. Свет зрабіўся жоўты, як перад зацьменнем.

I раптам зараўла наша карова — моцна, як раўла яна аднаго разу каля крыжа за вёскаю; там, казалі, яшчэ ў тую вайну з немцамі хавалі бежанцаў, што памерлі ад гішпанкі. I недзе трашчала, пэўна абвальваючыся, хата — угору ляцелі і віліся цэлым снапом іскры.

Маці паднялася і зірнула з ямы.

— Ах, божачка, гарыць наш хлеў! — губы ў яе задрыжалі і пачалі крывіцца.

Цыган маўчаў. Рукі ў яго калаціліся.

— Ах, божачка, а дзе наш бацька? — маці завяла голасам, але недзе з грудка, з шашы, зноў, бо былі перасталі, пачалі страляць — уразнабой і глуха, мусіць з вінтовак, і яна сціхла, прыгнулася і стала выцірацца рогам хусткі.

Недалёка ад ямы, чуваць было, загаварылі, а потым нехта заенчыў немым голасам, што па нябожчыку. Але ўжо не стралялі. Цыган выглянуў з ямы і схаваўся зноў. Твар у яго пачаў бялець. Ён сцяўся ўвесь і, скрывіўшы набок галаву, пачаў услухоўвацца: недалёка ад ямы як тупалі нечыя ногі. Я павярнуўся і ўбачыў немца — спярша яго галаву ў зялёнай пілотцы і з круглай кукардаю, потым грудзі — зялёны фрэнч з арлом вышай кішэнькі, потым закасаныя да локцяў белыя, што, пэўна, ніколі не бачылі сонца, рукі. Немец ішоў сюды, да нас, трымаючы перад сабою кароткі чорны аўтамат.

Цыган заварушыўся. Немец, стоячы з краю ямы, махнуў аўтаматам — даваў знак байцу, што трэба вылазіць. Цыган падняўся, атрасаючы з сябе пясок, азірнуўся на нас і пачаў распяразваць, як нежывымі рукамі, палатняны рэмень. Немец зноў махнуў аўтаматам, і ноздры ў яго раздзьмуліся ад злосці. Цыган вылез з ямы і пайшоў паперадзе немца, трымаючы ў руцэ гэты палатняны рэмень.

Немец падбег да яго і, схапіўшы за шлейку, сцягнуў цераз галаву ў яго вайсковую сумку, паглядзеў у яе і, пэўна, убачыўшы той самы акраец хлеба, засмяяўся. Потым раскруціў яе за шлейку і шпурнуў ад сябе.

Мы падняліся з ямы. Нашае хаты ўжо не было: на чорным, што яшчэ курэла асмалкамі, пажарышчы стаяла белая печ з кароткім, па юшку, комінам. На прыпеку, за бокам, астаўся цэлы той самы чыгунок з крупнікам. Быў відаць абгараны і пагібаны жалезны ложак, што бацька купіў з паўгода назад.

Гэтакія белыя печы стаялі скрозь, з чорных пажарышчаў цягнуўся сіні дым; здаецца, стаяў туман, як стаіць ён у пагодную раніцу — нізкі, рэдзенькі, перамешаны з дымам, што ўецца з комінаў і коціцца па стрэхах.

Было далёка відаць — не заміналі будынкі,— і рабілася нязвыкла. У нас каля бэзу яшчэ гарэў і абвальваўся плот. На чужым падворку стаяла абгарэлая бярэзіна, толькі на вяршку асталося звялае, паскручванае ў трубку лісце. Нехта стаяў каля свайго пажарышча і разварушваў яго доўгаю палкаю — мусіць, нешта шукаў.

Збіраліся і выходзілі на вуліцу людзі — ціха, як збіраюцца глядзець нябожчыка. Смярдзела паленым гноем, анучамі, мясам, як прыгарыць яно ў гаршку.

Там, дзе была наша падпаветка, дзе стаяла Чарнавуха, якую маці з гарачкі забылася выпусціць з хлява, я ўбачыў чорную асмаленую галаву з адным скручаным рогам, з заплюшчанымі вачыма, з высалапленым і сцятым дзяснамі языком. Чарнавуха, відаць, выбіла ў падпаветцы рагамі аконца і высунула на двор галаву. Тады яна і раўла, як гарэла падпаветка. Далей на пажарышчы была толькі вялікая, абсыпаная чорным попелам горба — ляжала каровіна тулава.

— Божа ж мой, божа, як жа ж будзем жыць? — трымаючы пад пахаю падушку і свой новы, з плюшавым каўнерыкам сачык, маці падышла да закрытае картаплянае ямы, куды надоечы насіла са свайго куфра палатно і адзежу, укленчыла і адкінула з дзіркі ржавую бляху. Зверху на скіданай адзежы я ўбачыў бардзюр.