Да крыжа потым, чуючы нябожчыкаў, збягаліся і раўлі нюхаючы зямлю, усе каровы. Спярша раўла і бегла туды, угнуўшы галаву і круцячы рагамі, адна, а потым за ёй усе. Рабілася вусцішна.
Можа, праз месяц ці менш дзеда перавезлі на магілкі. А я ўсё доўга чуў віну перад ім за тыя два злоты, усё шкадаваў, што не вярнуў іх дзеду. Мне і па сённяшні дзень здаецца, што гэта былі яго грошы.
Праз месяцы тры, ужо з Баранавіч, куды перавезлі арыштаваных мужчын, мой бацька ўцёк дадому.
Хаты ў нас не было доўга, жылі мы ў падсуседзях, але ў мацерынай скрыні, якую бацька збіў заміж куфра, валяўся бардзюр — тая шырокая папяровая стужка ў кветачкі з выразанымі зубкамі.
Хату мы пабудавалі пасля вайны — тады было не да шпалераў. Так і па сённяшні дзень дома ў нас не прыбіты да сцяны гэты самы бардзюр. I я ўсё забываюся спытаць, ці хавае яго маці ў сваёй скрыні.
З цягам часу ўсё забываецца, але іншы раз самая нязначная і дробная рэч напомніць чалавеку нейкі далёкі кавалачак жыцця, якое-небудзь здарэнне, як напомніў мне ўсё гэта, што напісана ў апавяданні, абліты ружаватым заплеснелым сокам бярозавы пень.
Маці
Чалавеку заўсёды помніцца нешта нязвыклае. Некалі, едучы дадому, ужо за Наваградкам я ўбачыў зрэзаныя старыя бярэзіны — яны ляжалі каля шашы роўненька адна пры адной, так як яны і раслі, яшчэ з зялёным непрывялым веццем. Тут быў круты паварот — дарожнікі збіраліся выпраміць трохі і пашырыць шашу і зрэзалі гэтыя бярэзіны.
Але было нешта нязвыклае, што ты бачыш гэтыя старыя зялёныя дрэвы, тоўстыя ў камлях, ужо нежывыя, з нерухомым галлём, а там дзе яны нядаўна стаялі, асталіся нізкія, яшчэ свежыя белаватыя пні, было нязвыкла, што тут каля вёскі Шайбакова змяніўся і неяк пагалеў свет.
Прайшло год пяць, але кожны раз, калі я еду дамоў і мінаю вёску Шайбакова, мне спамінаюцца гэтыя зрэзаныя бярэзіны — зялёныя, яшчэ не звялыя, што ляжалі ўпокат на зямлі, на сподзе душы зварухнецца той даўнейшы ачахлы боль.
Гэтак іншы раз мне спамянецца старая кабета, якую я стрэў у тралейбусе колькі год назад, калі я раптам убачу чый-небудзь нязвыклы, непрыгожы твар.
Забыўся ў якую гэта было пару, але пэўна ў раннюю зіму ці ў познюю восень, бо на кабеце сядзеў трохі выцвілы сіні бушлат з жоўтымі бляшанымі гузікамі, а на галаве была суконная хустка, закручаная тоўстым рагом кругом шыі.
Кабета сядзела згорбіўшыся на пярэднім сядзенні — тварам да ўсіх. Яна неяк нерухома і зацята глядзела сабе пад ногі, старыя яе рукі з набраклымі сінімі жыламі накрыж ляжалі на каленях, палец адзін у яе быў заверчаны белым лапікам, усё роўна як парэзаны сярпом на жніве. I яна шавяліла гэтым заверчаным у белы лапік парэзаным пальцам, як варушыць пальцам хворы чалавек, лежачы на божай пасцелі і думаючы пра блізкую смерць.
Твар у кабеты быў сцяты ад нейкае злосці, спярэшчаны маршчынамі, чырванаваты з шырокім носам, і я, узіраючыся на гэты твар, думаў, што яна многа і даўно п’е і, пэўна, брыдка лаецца. У маёй душы рабілася нешта такое, як робіцца з чалавекам тады, калі ён глядзіць у стары занядбаны калодзеж забіты зверху, каб ніхто не ўваліўся, спарахнелымі дошкамі, і там блішчыць вада, але не той цёмнаю глыбокаю чысцінёю, а каламутнасцю; закіданая палкамі, зацярушаная брудам.
I пакуль я думаў гэтак пра кабету ў сінім злінялым бушлаце, у тоўстай суконнай хустцы, закручанай адным рогам кругом шыі, як там ужо стаяла кантралёр — маладая, занадта ўжо вёрткае і бойкае дзяўчо.
— Ваш талон,— спытала яна, працягнуўшы руку да кабеты, але ўзіраючыся не на яе, а недзе ў акно.
Кабета ні то не пачула, ні то не разабралася, што да яе гавораць, усё гэтаксама нерухома сядзела, угнуўшыся і варушачы заверчаным пальцам.
Маладое дзяўчо насупілася і спытала зноў, і ўжо цвёрда.
I мне, як і гэтаму, мусіць, дзяўчаці, што раптам сцялася, пачало здавацца, што кабета скажа нешта нядобрае, злое, скажа хрыпаватым тоўстым голасам, якім, бывае, гавораць старыя мужчыны, курцы.
Кабета падняла свой чырвоны, сцяты як ад злосці, нязычлівасці твар з шырокім носам, і я ўбачыў яе рудыя, трохі зеленаватыя выцвілыя вочы і здзівіўся, што яны былі такія самыя, як у маёй мацеры.
— А мае вы дзеткі, я ж давала гэтыя дваццаць капеек.
Голас у кабеты быў маладжавы, мяккі, сакаўны, і было нешта ласкавае, зычлівае ў гэтым голасе. I ён быў таксама падобны да голасу маёй мацеры.
З твару ў дзяўчаці збегла цвёрдасць, нейкае спалоханае дзіва бліснула ў яе вачах, дзяўчына адступілася ад кабеты і пайшла ўжо сюды, да нас. А недзе ззаду ў тралейбусе пачалі крычаць, што даўно ходзяць па руках нечыя талоны і чаму гэта ніхто не прызнаецца.