Выбрать главу

— Як жа ж твае там? — маці глядзіць на мяне, а я думаю, які ў яе ўжо зморшчаны твар і як ужо выцвілі і сталі жаўтлявымі вочы, і каля губ знайшліся шнары, толькі, здаецца, голас у яе трымаецца той самы. Дзіўна, але старэйшых людзей у вёсцы я пазнаваў здалёк не па твары, не па выгляду, а па голасу.

— Чаму ж, я кажу, не прывёз? Няхай бы пабегалі тут. Болыны як быў, во бабы на полі хвалілі.

— Во, зраўняла,— бацька смяецца, і мне трохі дзіўна, што ён ужо шчарбаты і трохі свішча,— яго — гарадскі, а тут што: ходзяць смаркатыя ды без портак.

— Як чыё і як да дзіцяці. Вунь Ладкаў, каб бачыў, які спрытны. У мястэчку ў клубе ўсё спявае. I да работы... Каня вунь сёння запрог, як Клемуса хавалі... Гэта ж ці чуў? — маці зноў паварочваецца да мяне.— Клемус Война памёр.

— Чуў,— ківаю я галавою,— бацька гаварыў.

— Ды нейкаю наглаю смерцю... Пайшоў да ветру на сметнік і не ўстаў... Ёсцека бог на свеце. Гэта ж, ці помніш, Дзікуця некалі забіў. Таго Дзікуця, што каля нашае дзялкі жыў, што сабак усё трымаў. Ці, можа, ты ўжо і забыўся...

— Чаму, мама, я забыўся,— кажу я, і мне спамінаецца, як пустую Дзікуцеву хату з забітымі вокнамі — дзяцей ужо забралі ў дзетдом — пільнавалі сабакі. Яны ўсе трое сядзелі пры дарозе каля круглага каменя, соваючыся да кожнага, калі хто хацеў падысці пад хату. Двое пасля недзе прапалі ці сышлі — па ялавіне бегаў толькі адзін — белы, з перахлябленым худым азадкам. I я помню, як яго забілі. Ужо на маладое жыта пускалі авечкі — зямлю ўкаваў мароз, а Клемус Война прыганяў нават сваіх двое спутаных коней. I тады нечае ягня схапіў Марцінаў сабака. Дагналі яго каля хаты. Ды ён нікуды не ўцякаў, ён лёг каля круглага каменя, наставіўшы поўсць, шчэрыў зубы, гыркаў і падграбаў пярэднімі лапамі пад сябе ўжо нежывое ягня.

— Чаго гледзіце? — крыкнуў Война.— Ён шалёны,— і, азіраючыся кругом сябе, знайшоў вялікі, як падняць, камень.

Сабака прыціснуўся да зямлі, вочы яго закаціліся недзе пад лоб, але не ўцякаў.

— Бі, хлопцы! — Клемус размахнуўся і з-за вуха кінуў цяжкі камень — пацэліў сабаку ў спіну.

Сабака заскавытаў, выцягнуўся і папоўз, трымаючы ў зубах ягня.

— Не пускай, не давай уцячы! — крычаў Война.

Сабака падняўся на ногі, але нечы камень адскочыў ад яго галавы. Сабака ткнуўся мызаю ў зямлю і выпусціў ягня.

— Пераймай, не давай яму апомніцца,— Война скінуў з сябе доўгі кажух.— Жывушчы, але я яго ўбяру, быць не можа...

Сабаку перанялі за маладымі хвоечкамі — ён ужо цягнуў перабіты азадак, неяк усё гэльцаючы пярэднімі лапамі.

Война кінуўся пад хату і сарваў з акна дошку.

— У-у, я зараз... У мяне, брат, толькі дробненька з...іш і богу душу аддасі.

Пастухі зарагаталі.

Сабака ўжо не поўз, а толькі неяк бокам круціўся на месцы — яго па галаве кантам дошкі біў Клемус Война. Мы, дзеці, адышліся — глядзелі здалёк. Война плюнуў, шпурнуў у хвоечкі дошку і падняў з зямлі кажух, накінуў сабе на адно плячо.

— Нічога, патрапечацца і дойдзе. А жывушчы, ядры яго палку...— Война рукавом выцер змакрэлы лоб.

Мы пайшлі пільнаваць авечкі, аглядаючыся ўсё на сабаку: ён, лежачы на спіне, трэпаў задняю нагою — даходзіў.

Назаўтра мы бачылі, як ён ляжаў недалёка ад тых самых хвоечак, уткнуўшыся акрываўленаю мызаю ў пясок і выцягнуўшы спруцянелыя ногі. На ім, як і на ягняці, шарэў мароз...

— Некатарага году хлопец яго прыязджаў,— маці зноў гаворыць пра Дзікуця.— Каб бачыў, які хлопец,— выкачаўся, выліняў... Тут усе дзеўкі за ім... Кажуць, вывучыўся на нейкага голага.

— Мо геолага?

— А ці ж я, сынок, ведаю.

— Каб жыў Дзікуць,— бацька ап’янеў, расчырванеўся, нібы паздаравеў, і яго сінія вочы заблішчалі, як у маладога,— то і хлопец гэтак хадзіў бы: адзін лапаць, адзін бот...

— Ты ўжо выдумляеш...

— Думаеш, маню. Каб не бачыў — сам веры не даў бы. Едзе на возе, звесіў ногі праз драбінкі — адна абута ў хадак, а другая ў бот,— бацька смяецца да мяне, і я бачу яго шчарбаты рот і зноў думаю, як ён скора састарэў.— А што, сынку, думаеш — за польскаю добра жылося?

I гутарка пайшла пра даўнейшае і пра тое, як жывуць цяпер.

А потым маці вадзіла мяне ў хлеў паказваць, якую яна купіла авечку — маладую, з чубам — і якая ў яе доўгая воўна.

Заходзіла сонца — хавалася, як тонкі грош у шчыліну, між хмар і выязджала зноў. А са страхі каля вугла спускаўся на невідочнай павуціне дагары нагамі вялікі павук. Над сцежкаю ад хлява да хаты таўклі камары мак. I мне пачало здавацца, што я нідзе не быў, што я кожан вечар бачыў, як гоняць з пашы каровы, як далёка ззаду за імі цягнуцца пастухі, як ціха сакочуць куры — просяцца на седала, збіраючыся каля парога, як скрыпяць вазы, шоргае аб камень кола і нукаюць на коней — возяць з поля картоплі.