Выбрать главу

— І чаю не кінула шчопаці?

— Не кінула.

Махновачка млела ад задавальнення.

— І мала ёй усё, мала… У Маслоўскага, крычыць, поўная хата дабра. Дык Маслоўскі ж крадзе ў калгасе. І я б краў…

— То сяго, то таго…

— А што я з пуці прынясу? Балта ў кішэні? Гайку?

Кулініч, які скончыў галіцца і выціраўся ручніком, успрыняў гэта як намёк. Канешне, ён даўно мог бы прыляпіць брата да лясніцтва. Але не рабіў гэтага, баючыся кампраметацыі.

— Э-х, — толькі крэкнуў ён і выйшаў з хаты.

— Кажу, касцюм трэба купляць. Як падняла крык! А ў мяне адзін касцюм, і на работу, і на выхад. Вось гэты самы. Распісваўся ў ім колісь.

— Не дае?

— Слухаць не хоча.

— Гэта так баіцца, каб прыгожы не быў, — скумекала здагадлівая Махновачка. — Каб на жабрака быў падобны. А надзенеш касцюм, ды пабрыешся…

— Я ўсё адно куплю.

— А і купі!

— Я ўжо нагледзеў у горадзе ў «Прамтаварах». Дабрачы такі… У сівенькую палоску. Нават мераў — як па мне шыты.

— А і купі!

— Я і куплю.

— Пастаў перад фактам. Ну, пакрычыць, паб’е трохі, мо не пасячэ, не спаліць…

— Я так і зраблю. Яна дачакаецца.

— А і зрабі!

— Куплю з палучкі — і ўсё.

Выгаварыўшыся, выліўшы душу, Пятро падымаўся ды цягнуўся да Грышы Ігнатавага.

Грыгор за гэты час паспеў другі раз адсядзець у турме і другі раз ажаніцца. Першая яго жонка з дзіцёнкам жыла ў горадзе, а другая — Сюзана, пакуль з ім.

Да хаты вёў вузкі доўгі двор. Сама хата стаяла далёка ад вуліцы, нібы хавалася, саромеючыся свайго выгляду. Гэта была маленькая дарэвалюцыйная халупа. Пры тым, што Грыша працаваў на лесапільні і пры жаданні мог бы выпісаць любыя матэрыялы, ці хоць накрасці, і выбудаваць церам з балконамі. Але ў хаце не было нават драўлянай падлогі, а гліняная. Калі Пятро пераступіў парог, Сюзана гатавала вячэру на газавай пліце. У хаце стаяў прыемны пах смажанага мяса. Шланг ад балона з надпісам «Прапан» да пліты быў даўжынёю ўсяго паўметра. Балон прыткнуўся так блізка, што яго бок даставалі агеньчыкі камфаркі, і фарба там пачарнела і крышку аблупілася. Акрамя смажаніны, таксама пахла сырой глінай і хворым чалавекам. Закутак за печчу завешаны быў капай. Там жыла Грышына маці. Яшчэ пры жывым Ігнаце яна пашкодзілася розумам і перастала выходзіць на вуліцу. Калі твой чалавек вядзьмак, дык ты аўтаматычна ведзьма, тут ужо нічога не зробіш. Так і жыла за печчу, там ела, спала, а пра тое, што яшчэ не канец свету, ведала ад сына з нявесткаю.

Звычайна, калі заходзіў Пятро — а ён адзін і заходзіў, людзі па-ранейшаму пазбягалі Грыгора, ды і сам ён не надта любіў чужых, а Пятра прымаў, можа, толькі таму, што захавалася ў памяці, як некалі яго, затурканага звярка, Пятро пашкадаваў на касьбе, — калі Пятро стукаў дзвярыма, уваходзячы, заўсёды паўтаралася адно й тое ж. З-за печы чуўся старэчы голас з капрызнымі інтанацыямі малой дзяўчынкі.

«Грыша, нехта прыйшоў!» — «То што?» — «Я баюся!» — «Чаго ты баішся?» — «Людзей!»

— Дык памірай, — адказваў сын. — Цяпер не зіма, яму выкапаем.

Грыгор у чаканні вячэры сядзеў у покуце, склаўшы на стале рукі, як школьнік за партай. Галава сям’і, мужчына, гаспадар. З першай жонкай ён таксама не парываў; яна працавала на мясакамбінаце, і Грыгор мінімум раз на тыдзень ездзіў у горад і вяртаўся з сумкай бясплатнага свежага мяса.

Гэта быў ужо не зацюканы апостал часоў Дзікага Лугу. І знаку не засталося ад яго сарамлівасці. Ён памажнеў, памужнеў, выцягнуўся ў рост, рукі прыйшлі ў норму, не кароткія і не доўгія, а звычайныя — мускулістыя, мужчынскія. Татуіровак на іх паболела: на адной з’явілася русалка, на другой — чарка на тонкай ножцы, аплеценая гадзюкай з каронаю на галаве, і ў кароне лічбы — нумары калоній. Ён даўно не чырванее — цяпер турма ў вёсках не рэдкасць; стульваецца толькі тады, калі на ветры прыкурвае, а так глядзіць адкрыта людзям у вочы. Грудзі распраўленыя: зухаваты, нахабны, разумны, дзвюма жонкамі дагледжаны, на мясе адкормлены — мардаты, гладкі мужчына. Гаварыць ён пачаў заўсёды з іроніяй: гы-гы, хі-хі, ха-ха… Нібы ён адзін ведае нешта такое, пра што іншыя і не здагадваюцца.

Пятро прыляпіўся за сталом з краю. Сюзана па-свойску падштурхнула яго бліжэй да патэльні і выпіўкі. Пятро піць не стаў, а накрыў сваю чарачку дрыготкай, з сінімі венамі і ўсё адно не вясковай, далікатнай далонню. Яму хацелася пагаварыць. Грыгор сам выпіў, падкалоў на відэлец кавалак духмянага мяса з падрумянена-залацістай скарыначкай сала.