Выбрать главу

— Я касцюм, Сюзана, сабраўся купляць…

— Касцюм? Тройку?

— Ды не, куды там, просты… Штаны, пінжак. У палоску такі…

Грыша працаваў сківіцамі, слухаў з паблажлівасцю чалавека, у якога ўсё задалося і для якога такіх праблем не можа існаваць у прынцыпе.

— Запомні, — пракаўтнуўшы, сказаў ён, — не ў касцюмах шчасце. Я магу тры касцюмы купіць. А толку?

— Ну, ты мяне з сабой раўняеш…

— А Валя біцца не будзе? — пацікавілася Сюзана.

— А я і пытаць не буду. Пастаўлю перад фактам!

— Герой. Я ўсялякіх наглядзеўся… І ў касцюмах і без касцюмаў. У нас вунь таксама адзін. Прыязджае з горада ў цэх у касцюме, пераапранаецца ў робу і абапалкі пад дыск падпіхвае. Дык мы яму апілак у кішэні насыплем — выграбай…

Сюзана засмяялася. Паўнаватая, з павольнымі рухамі, вельмі прыгожая. Маладосць і свежасць так і выпіралі з яе. Толькі крыху дзіўна было, як яна, гарадская дзеўка, сімпатычная, добрая характарам, упісалася сюды, як ужывацца сярод гэтага рэзруху, ды яшчэ так глядзіць за сабой. Ці, можа, наадварот, гэта на фоне ўбогасці і рэзруху яна так выгодна адцянялася?

— А вазьмі майго бацьку — светлай памяці Ігната, — важна сказаў Грыгор. — У адной кашулі век прахадзіў, а разумнейшы за ўсіх быў!

Цяпер ён не саромеўся свайго бацькі, а пры кожным выпадку падкрэсліваў, што, хоць і запознена, а, канешне ж, спрацавалі бацькавы чары — інакш хіба быў бы ён, Грыгор, такі ўдачлівы?

VIIІ

З палучкі Пятро купіў у горадзе касцюм, дваццаць пачкаў «Прымы». Пералічыў рэшту. Застаўся такі мізэр, што яму стала сумна. А трэба яму быў той касцюм, паміраў ён без яго, ці што? Захацелася нават вярнуцца і папрасіць, каб забралі назад. Але сорамна было. Вось купі кепска, і не купі тое ж.

Зайшоў у сталовую, выпіў вінца, занюхаў рукавом — апошнім часам ён зусім перастаў закусваць, не лезла нічога. Да станцыі паехаў дызелем. Сонейка вераснёвае грэла, мухі зумерылі каля мутнага шкла. Закалыхала, развезла Пятра. На станцыі пачаў пераходзіць рэйкі, запляліся ногі, грымнуўся, як стаяў — уперад, пераноссем на стальную рэйку. Кроў так лінулася, што пакунак з касцюмам стаў мокры, а «Прыма» ў сетцы з чырвона-белай ператварылася ўся ў чырвоную. У бальніцы паглядзелі, што п’яны, бедна адзеты, ніхто нічога не выпраўляў, сяк-так на хуткую руку зашылі, як шавец цыруе дзіравы бот… Так і зраслося. Пераносіцы не стала зусім. Замест роўнага сімпатычнага носа цяпер тырчэла паміж шчок качыная пляскатая дзюбка, а на тым месцы, дзе была пераносіца, сярод праваленых зморшчын, свяцілі дзве маленькія, як іголкай праткнутыя, дзірачкі. Калі Пятро курыў, дым ішоў праз рот, праз ноздры і струменіўся праз гэтыя дзірачкі. Яшчэ яны пасвіствалі. Пятро скажа слова — свісь! На спачуванні — маўляў, чэрці, не маглі зашыць па-людску, адказваў:

— Такая ўжо кабеціна была дабрачая (свісь дзірачкамі!)… Ад душы!

— Яна ж цябе знявечыла!

А ён сваё:

— Каб не мая, я б з ёю яшчэ (свісь!)…

Ён яшчэ не да канца разумеў, што здарылася, думаў, ён па-ранейшаму Кветка. Неяк прыйшоў да Махновачкі.

— Дай машынку, Сюзана падстрыгчы абяцала.

— Пятро, — сказала Махновачка, дастаючы з шуфляды прадаўгаваты футаральчык, стараючыся быць строгай. — Ты ж глядзі… Людзі без рук, без ног чапляюцца… Ну што ж гэта — шклянка і папіроса… Ты ж раней неяк так не піў моцна… Пачакай, на цукерак Сюзане…

Сюзана прарэзала дзірку ў газеце, адзела Пятру на галаву, застрыкала каля вуха машынкаю.

— А чаго вы касцюм не носіце?

— Ён мне ў плячах шыракаваты, — Пятро асцярожна павярнуўся пад газетай каб паказаць, і свіснуў носам.

— А не сварылася?

— Не.

— Ну, правільна… Раўнавала. А цяпер каму вы трэба?

— Грыша, што там стрыкае? — капрызнічаў голас за печчу. — Чаго тут людзі? Я баюся!..

Грыгор нешта думаў, пазіраючы на Пятра.

— Слухай, — сказаў ён, — я не магу на цябе глядзець без смеху. — Зняў са сцяны прадаўгаватае люстэрка з утыркнутай у раму навагодняй паштоўкай. — На сам паглядзі. Ну які ты Кветка? У нас адзін быў такі, на цябе падобны, дык мы яго дражнілі Носар. Я цябе цяпер таксама буду зваць Носар, добра?

Так пакрысе Пятру пачало адкрывацца, што ён ужо не той, якім быў да 11 верасня. Цяжка было змірыцца з гэтым. Канешне, прывык чалавек да прыгожай знешнасці, думаў, яна вечна з ім будзе. Піў ён па-ранейшаму — да таго, што Валя ўжо махнула рукой і нават біць перастала, ды і без толку гэта, ён усё роўна не адчуваў болю.

Прайшла восень, настала зіма, мінуў снежань, а ў студзені Пятро ўзяў касцюм пад паху і панёс па хатах прадаваць. Ніхто не купіў. Затое напаілі так, што ўвечары Пятро ўпаў на падлогу, з рота ў яго паказаўся сіні агеньчык, як з газавай камфаркі. На гэты раз усур’ёз спалоханая Валя разаслала дочак ва ўсе канцы: Любу — па Махновачку, Веру — да Маслоўскага, выклікаць «хуткую», Надзю — да Сюзаны, бо трэба ў такіх выпадках, калі п’яніца «гарыць», каб маладзіца памачылася ў рот. Сюзана накінула паліто, без хусткі, пакуль дабегла — Валя з Махновачкаю ўжо галасілі на ўсю вуліцу.