Хавалі Пятра ў мароз. Дрэвы стаялі ў белым інеі. Мікалай Мірон у кажусе, у тоўстых рукавіцах, у шапцы з апушчанымі вушамі на могілках глядзеў, як капаюць яму, і даваў парады.
— Яно толькі здаецца, што мароз, а ў мароз зямля не цвёрдая… Так, зверху, сантыметраў дваццаць пяць — трыццаць, — здымаў рукавіцу, нагінаўся, мацаў, а зямля і праўда чым глыбей, тым цяплей была.
На памінкі Кулініч прывёз аднекуль ласінае сцягно. Махновачка нарабіла катлет, наварыла застудзіны. Зрэшты, і так усяго хапала, бо тады яшчэ была традыцыя абавязкова несці на памінкі кісель, бутэльку, міску з вінегрэтам, курыцу ці кавалак мяса.
Састаўленыя сталы перасякалі ўсю хату. Але месца ўсё роўна ўсім не хапала, бо людзей на могілках было многа. Вырашылі памінаць зменамі: хто выйдзе — другі зойме яго месца.
— Колісь так — калі сеў, то сеў, — успамінаў Мікалай Мірон. — А падняўся, больш не сядзеш. А цяпер жа кураць. Выйшаў, пакурыў, зноў вярнуўся…
З чужых прыехалі з горада далёкія сваякі па Валінай лініі, муж з жонкаю. Жонка была мясцовая, яе ведалі, а мужа першы раз бачылі. Сціпленькі, культурненькі, у касцюмчыку-гальштучку, маленькага росту, акуратна падстрыжаны, падобны на вучонага ці на настаўніка матэматыкі. Ён не курыў і ад спіртнога адмовіўся катэгарычна, кіўнуўшы ў бок могілак: «Свежы прыклад!» Яго адразу запаважалі.
Толькі пачалі ўсаджвацца, як раптам Сюзана наўзрыд заплакала:
— Я вінаватая!.. Каб хутчэй паспела… Жыў бы!
Валя вусны падціснула, упарта глядзела ў талерку перад сабой. Увесь яе выгляд паказваў — так, вінаватая. І ты, і ўсе за гэтым сталом, толькі не я.
Махновачка аж рукамі пляснула:
— Яшчэ што выдумай! Табе тут зусім быць не трэба! (Сюзана была цяжарная.)
І павяла яе дамоў. А за сталом выйшла новая замінка. Людзі пераглядваліся, перашэптваліся. Трэба было нешта сказаць, і так сказаць, каб не пакрыўдзіць удаву, а гэта практычна было немагчыма. Любыя словы ўспрымуцца як абвінавачванне Валі. Напрыклад, калі пачаць шкадаваць нябожчыка — «чаго ён памёр, мог бы жыць ды жыць…» Альбо паспачуваць яму — «вось і адмучыўся…»
— Ну, хто скажа тост? — гучна спытаў Грыгор, які капаў яму і пачуваўся за сталом свабодна. — Ну, так і быць, давайце я скажу тост.
Але тут устаў Кулініч.
— Брата майго ўжо не падымеш — хай яму зямля пухам. А што з яго работы ніхто не прыехаў, — зларадна павысіў голас Кулініч, — вянка не прыслалі — дык хай яны некалі пабачац самі!.. — урачыста, помсліва закончыў ён.
Вось гэта словы! Так сказаў, што пазайздросціць можна. І вінаватых знайшоў, і Валю не пакрыўдзіў.
У канцы стала сядзелі дзве асірацелыя Пятровы дочкі, Вера з Надзяю, ужо вялікія дзеўкі. На іх непрыгожых, насупленых, з чырвонымі вачыма тварах выразна чыталася прыкрасць, сярдзітасць: і без таго ім з такім бацькам жыццё не было мёдам, а цяпер увогуле што надумаўся, паказаў фокус — узяў ды памёр!.. Малыя Люба з Васільком сумленна капіравалі дарослых, кампотам у чарачках не стукаліся, лобікі наморшчылі, у руках насовачкі, на каленях ручнічок… Толькі раз усчалася ў тым кутку валтузня, і пачуўся шэпат Любкі на ўсю хату:
— Не чапай, мой бацька памер, а не твой!..
Спачатку крыху саромеліся чужога чалавека за сталом. Але гэты гарадскі сваяк, гэты вучоны ці настаўнік вёў сябе, як мыш. Не піў, мала еў. Нешта яму муляла. Хаваў пад скацерку-абрус рукі. А жонка яго неяк умольна, разгублена глядзела на землякоў, нібы напярод просячы за нешта прабачэння. Цярпеў ён цярпеў — і ўсё ж не вытрымаў: хутка кульнуў пяцьдзясят грам, потым, не закусваючы, запар адну за адной яшчэ тры разы па пяцьдзясят. Рашуча адвёў жончыну руку з катлецінай на відэльцы. Падняўся, звонка пастукаў чаркай аб пляшку, патрабуючы цішыні, і павёў такую гутарку.
— Я аб’ездзіў усю Беларусь, і мушу прызнацца, што такой дзічы, як у вас, нідзе больш не ўбачыш. Багацейшую гісторыю, традыцыі, звычкі вы апусцілі да прымітыву. У Маларыцкім раёне — мяжа з Украінай, дзед паўзе ракам, а ўсё адно па-ўкраінску: «Добрага ранку!» А ў вас? Ці чулі вы пра такую традыцыю, як галашэнні? Мужчыны не галосяць ніколі, — ён пачаў загінаць пальцы. — Плач бабулі больш важны, чым маладой жанчыны, а галашэнне дачкі па бацьку больш важнае, чым жонкі па мужу. З могілак вяртаюцца — трэба тры разы печ пагладзіць і сказаць: «Хай паміраюць прусакі, а не людзі». А вы рукі спаласнулі — і ўсё? Хутчэй за стол?