Выбрать главу

IX

Пятра пахавалі зімой, а ўлетку да Валі пасватаўся ўдавец з суседняй вёскі, таксама, як і нябожчык Пятро, за яе маладзейшы. Нармальны чалавек. Не піў, не курыў. Меў бензапілу і сына гадамі такога, як Любка. Валя пайшла за яго. Ён прадаў сваю хату, перабраўся да яе, і яны пачалі жыць, як так і трэба.

Чаму такіх мужчын наносіць на такіх, як Валя, што яны ў іх знаходзяць — вялікая загадка, і разгадкі ёй пакуль няма ў гэтым свеце. Справа густу? Каму падабаецца поп, а каму пападдзя? А можа тут звычайны цвярозы разлік: вазьму такую ведзьму — удзячная будзе, больш любіць будзе, здраджваць не будзе, а я, наадварот, пад усю гэтую валынку разгарнуся, пад шумок пачну рабіць, што хачу… А дудкі. Ніколі так не атрымаецца. І хіба пад старасць, калі ўжо, уласна кажучы, позна, спахопіцца такі мудрэц — дык што ж гэта атрымалася? — не я яе, а яна мяне пад сябе падмяла, не я на ёй, а яна на мне ўсё жыццё праездзіла…

У канцы лагоднага ціхага жніўня, калі ляталі сярэбраныя ніці з чорнымі павучкамі на іх, каліна гнулася ад цяжкіх гронак, а пад вокнамі ўздоўж сцяны кіпелі ў самай квецені вяргіні і мальвы, выкідвалі свае высокія стрэлкі гладыёлусы, — увечары Махновачка збірала сына ў першы клас. Васілёк быў рады, ён ужо ўмеў чытаць, пісаць і ведаў табліцу множання. Махновачка нават нагледзела і падвязала нітачкамі лепшыя кветкі, каб зрэзаць іх заўтра свежымі ў букет. На канапе ляжалі касцюмчык, кашулька, стаялі сандалі, усё новенькае. Кулініч спецыяльна вазіў сына ў горад на прымерку. На стале — падручнікі, сшытачкі і ранец. Махновачка сабралася сына мыць. Выпаліла ў печы, наставіла чыгуноў, балею, начоўкі… Думкі раіліся, скакалі весела і бязладна. Яна ўяўляла, як яны будуць з бацькам правяраць дзённік, памагаць яму рабіць урокі; а як вырасце і ажэніцца, будуць любавацца на іх, маладых, і толькі шкада, што нельга ў царкве, бо самі яны з Кулінічам распісаліся ў сельсавеце — так сабе, не вельмі каб было ўрачыста…

Яна наставіла чыгуноў, сын быў ужо голенькі, неяк аступіўся і сеў у кіпецень. Пасля Махновачка расказала, што ён не паспеў нават ускрыкнуць, але яна сама тады зараўла так нема, што ніводзін гук проста не быў бы пачуты. У сына задок, і ўсё, што можна, было зварана ўкрутую, да сіняй чарнаты. Ён сканаў, не даехаўшы да бальніцы. Кулініч сам зрабіў маленькую труну, вычасаў невысокі дубовы крыж. Пастаяў з сякераю ў руцэ, паблукаў позіркам па двары. Потым пайшоў і пад корань пачаў секчы каліну. Падалі на плот, разбіваліся, лопаліся чырвоныя буйныя ягады. Куст супраціўляўся смерці. Сякера саспружыніла на нечакана цвёрдым ствале, рука дрыгнула, і ўдар прыйшоўся па назе. Кулініч аберуч заціснуў рану і прамовіў:

— Баліц!..

Вось так яно спрацавала, гэтае подлае, бязлітаснае, жорсткае да агіды правіла — не забывайся, хто ты ў гэтым свеце, не любі моцна, не прывязвайся да каго б ні было, не прывыкай, будзь заўсёды напагатове, каб не заспела знянацку, умей абараняцца, трымай пра запас усе варыянты — аж да самага горшага… А забудзеш, расслабішся, захочаш пазіраць на гэты свет шырока раскрытымі васільковымі вачыма — дык мы напомнім!..

Пераносілі гора Кулінічы мужна. Прынамсі, знешне. Толькі некаторыя новыя рысы ў іх паводзінах, характарах, звычках з’явіліся, і гэтае новае дзівіла.

Напрыклад, Махновачцы ўвесь час трэба было, каб у яе былі занятыя рукі. Даходзіла да таго, што — усё адно не спала — палола ўночы агарод, у цемры навобмацак аддзяляючы бульбоўнік ад зелля.

— Чаго ты зноў ноччу на градах? — злаваліся на яе.

— То я коціка шукала… Коцік у разору забег, мяўкае, — хлусіла яна, апраўдваючыся.

— Грэх так моцна перажываць! Яшчэ бяду на вёску наклічаш!..

Смерць сына выявіла не горшыя якасці Кулінічаў, а лепшыя. Іх пачало цягнуць да людзей, гэтым яны думалі выратавацца. Махновачка куды б ні шла, як убачыць каго на агародзе ці ў двары — бяжыць, спатыкаецца:

— Хоць трохі што памагу…

— Ідзі! — гналі яе. — Не трэба тваёй работы!

У Валі каля варот рос малады дуб. Прымак, каб паказаць сваю гаспадарскасць, пачаў з таго, што бензапілой яго зваліў, каб зрабіць новае шула. Абчасаў. Шнур нацёр вугалем, цвічком прыбіў, нацягнуў на струну, прыпадняў — шпок! — адбілася роўная чорная адмеціна, па якой можна дзяўбаць пазы. Кулініч здалёк угледзеў, ідзе, спяшаецца, нагой заграбае — усё ж такі пашкодзіў сякерай. У руцэ пешня, цягнецца па зямлі, як шчупакоў хвост.

— Куды ты йдзеш, куды? — сярдзіта крычыць прымак. — Чаго ты йдзеш, чаго?

— Памагац!

Яшчэ Махновачка палюбіла хадзіць у госці. Кожны вечар брала гасцінец і ішла да каго-небудзь. Дык бачылі праз акно, што яна ідзе, і ўцякалі, або зачыняліся, затойваліся, нібыта няма дома. Пайшла чутка, што яна ходзіць красці. І неяк так атрымалася, што пачалі зваць яе ўжо не Махновачка, а Махноўка, і разам з гэтым ласкавым суфіксам сапраўды як бы выпала, знікла абаяльнасць, а засталося толькі нешта ад нелюдзімага бацькі Махно.