Выбрать главу

Грыгор саромеецца свайго з маладых гадоў заплямленага лёсу, і таго, што косіць не адзін, а ўпрычэпку з дзедам, бо яму, як блазну, не далі свой уласны цэлы ўчастак… Сорамна, што ён ужо вялікі хлопец, а такі непрыгожы: круглы ў рабацінні твар, адтапыраныя вушы, кароткая шыя і нечакана доўгія — як выпрастацца, да каленяў — рукі. Да ўсяго ж ён сын сапраўднага ведзьмака. Яго бацька Ігнат быў аграмаднага росту мужчына, з барадой да пояса, зімой і летам хадзіў босы і толькі ў белым — як здань; большую частку жыцця пражыў адзін у лесе, у зямлянцы, зімаваў ледзь не разам з мядзведзямі ў адным берлагу, ведаў мову звяроў, птушак, дрэў (вядома ж, што бяроза і асіна па-рознаму шапацяць лісткамі пад ветрам), а калі паміраў — тры дні і тры ночы не мог адысці, пакуль не здагадаліся засланку ў печы зняць, дзверцы ў грубе адчыніць і юшкі паадкрываць — тады толькі ў коміне загуло, быццам у сталеплавільнай домне, і дух яго адляцеў.

— Грыша, сынок, не ляці так, ты ж старога зацягаў! — просіць Махновачка.

Пятро са сваёй паласы таксама падае голас:

— Грыгор, у травы ног няма, не ўцячэ!

Яны з дзедам разам працуюць на чыгунцы, і ў Пятра ўжо нібы абавязак ім апекавацца.

— Дзед, ідзі адпачні, я дакашу…

— А я не ўтаміўся! — маладым голасам, бадзёра адказвае Мікалай Мірон. Дзе ў чалавека імя, дзе прозвішча, не разбярэш, і яго завуць хто Мікалаем, хто Міронам, як языку зручней. Яму семдзесят гадоў. Узяты ён не так касіць, колькі на падхват: дзе падгрэбсці з бабамі, дзе касу памагчы падладзіць…

Аднак пакуль дзед ні ў чым не саступае маладому. На два Грыгоравых махі ён робіць адзін, а інтэрвал паміж імі не скарачаецца. Пры тым ён паспявае яшчэ перыядычна піць соду ад пякоткі, якую ён называе — жога; спыніцца, дастане пакуначак з газеты, высыпле ў жменю, зап’е вадой з салдацкай біклажкі… На ім чорная форма чыгуначніка. Алюміневые гузікі сцёрты да таго, што ўжо нават не адбіваюць сонца. Душна яму, і ён прыдумаў вентыляцыю: сарочку скінуў, а пінжак адзеў на голае цела, і цяпер з-пад пінжака кусціцца на грудзіне сівы мох. І сам ён падобны на сівы пень. Бываюць у лесе такія пні — стары, але яшчэ моцны, летняе сонца і зімовы мароз выпарылі з яго вільгаць, вятры высушылі, адпаліравалі, і зрабіўся ён цвёрды, як жалеза, стаіць, і будзе стаяць невядома колькі часу, перажыўшы і сваіх спарахнелых суродзічаў, і хілы маладняк.

— Дзед, папі яшчэ соды, — не ўнімаецца Пятро. — Я дакашу за цябе, памагу!..

— А ты ўсім памажы, — раіць ззаду Пятрова жонка Валя. — Ідзі яшчэ брату памажы — яго забыў. Пасля ідзі яшчэ цюрэмшчыку памажы…

Пятро і праўда ўжо цераз край да ўсіх «дабрачы». У яго саладжавая, нечаканая для вясковага мужчыны мянушка — Кветка. Гэта мясцовы прыгажунчык, які памылкова нарадзіўся ў сялянскай хаце. З такой знешнасцю яму трэба было б здымацца ў кіно ці працаваць спецагентам у якім-небудзь непрыкметным куточку буржуазнай Еўропы, пакрысе ўкараняцца, памалу збіраць патрэбныя звесткі… Армію ён адслужыў у Сярэдняй Азіі. У яго альбоме красуецца малады, прыгожы, як кветка, шляхцючок; на галаве замест шаблоннай фуражкі з кукардаю — фарсістая сімпатычная панама. Яна і цяпер на ім. У адрозненне ад Кулініча Пятро ажаніўся рана, адразу пасля службы, узяў старэйшую за сябе на пяць гадоў Валю — гэтую самую, што цяпер, працуючы ззаду граблямі, бурчыць пад нос, не сціхае. Хоць пражылі яны ўжо колькі часу, трое дзяцей-дзяўчынак у іх: Вера, Надзя і чатырохгадовая Любка, — а ладу не было і няма паміж імі. Справа ў тым, што Пятро — горкі п’яніца. Валя яго слабасць тлумачыць так: канешне, ён прыгожы, «кветка», а яна непрыгожая, ён малады, а яна, выматаная дзецьмі, старая, ён добры, асабліва да чужых, а яна паганая… З іншага боку і Пятро ў даўгу не застаецца. Ён ніколі не заве жонку па імені, а толькі мая.

«Ты маёй не бачыў?»

У п’янага ў яго звычка швэндацца па чужых хатах і расказваць, як Валя яго на сабе сілком жаніла:

«Каб мая тады не зацягнула на сябе, дык я б, можа, на машыніста пайшоў вучыцца», — яго няздзейсненая запаветная мара, ездзіць далёка на цягніку, глядзець новыя мясціны, знаёміцца з рознымі цікавымі людзьмі… І пах цеплавознага вугальку. Замест гэтага ён як прыйшоў з арміі, так вось ужо дзесяць гадоў у мазутнай спяцоўцы разам з пенсіянерам Мікалаем Міронам гайкі на чыгунцы круціць, мяняе рэйкі і шпалы, а калі міма праносіцца хуткасны, Пятро толькі пазірае ўслед, прытрымліваючы ад ветру панаму…