Выбрать главу

Махновачка, якая да таго часу пакарміла і ўкалыхала сына, неўпрыкмет узяла недапітую бутэльку, пайшла туды.

— На, каўтні, сыночак, хай і табе пашчаслівее… Не глядзі на іх, не слухай, хай сабе брэшуць, а ты жыві, такі малады…Ноч, зоры, цёплая зямля…

Па ўсім лузе рассыпаліся чырвоныя кропкі вогнішчаў. Чуваць, як унізе вада ласціцца аб бераг. Тонка, соладка пахне прывяленая, а к ночы зноў акрыялая трава. Шыпіць сала, капае з яго і патрэсквае тлушч на вуголлі.

Размякчэлыя ад спіртнога, ад такой прыгожай ночы, людзі адчувалі кожны адно і тое ж — паўнату жыцця, якога так многа вакол, якое і ў стракатанні конікаў, і ў гэтай цыбуліне, у хрумсце, з якім яе грызуць, і ў тым, як чарка перадаецца з рук у рукі, і ў вогнішчы, якое гарыць сабе, падымаецца дымок над ім, а полымя кідае водбліскі на твары і выхоплівае з цемры няроўны круг пакошы.

Гавораць яны пра ўсё на свеце.

— Ён быў чалавек сільны, — расказвае Кулініч пра кагосьці са свайго лясніцтва. — Звалі яго Васіль. Паехаў на север.

Кулініч, калі вып’е, гаворыць кароткімі сказамі і праз сціснутыя шчэлепы, таму чуецца: сыльны, Васыль, сэвэр.

— Паступіў на лесасплаў. Там яго білі. Парвалі лёгкае. Захварэў, работац не мог. Лёг памірац. Далі групу.

І ўсім шкада стала таго незадачлівага Васіля, якога і ў вочы ніколі не бачылі. Нехта ўспомніў ранішнюю бабулю з кароваю. Дзе яна цяпер, у цемры, хай бы падышла да людзей, пагрэлася, павячэрала… І як гэта карова, нібы кот ці сабака, умее адшукваць травы, якія лечаць?

— Чалавека прыпячэ — ён знойдзе, а то карова…

— Свет вялікі, усяго бывае…

Паглядзелі на цёмную пляму Грыгоравага шалашыка. Панізілі галасы. Выпілі яшчэ. Загаварылі пра космас, што вось зляталі туды, а Бога не знайшлі. І хоць усе адзінадушна, нават стары Мікалай Мірон, сышліся на тым, што Бога, канешне, няма, але нешта ўсё-такі ёсць. І трэба было б паслухацца парады старых мудрых людзей і апоўначы ўбіць у магілу Ігната-ведзьмака асінавы кол, бо не паспеў ён памерці, як пачаліся адна за адной сухія навальніцы; без дажджу, без хмар, сярод яснага дня маланкі лупілі ў што папала, і гэта вялікае цуда, што ацалела вёска; праўда, пастуха Козю на полі гром забіў, згарэў нашчэнт, толькі абвугленая галавешка ў труне ляжала.

— Не, Бог не Бог, а нешта ёсць…

— А што, хіба няма таго, што пужае?

Словам пужае завецца ўсё неверагоднае, містычнае, невытлумачальнае. Найчасцей яно існуе чамусьці ў выглядзе вогненнага шара памерам з футбольны мяч. У кожнага ёсць у запасе гісторыя.

— Неяк вяду веласіпед уночы… Коціцца клубок вогненны! Жарам гарыць! Пужае! Я падскочыў, як урэзаў насцаком! Клубок як запішчыць, як кінецца ўцякаць!.. Я цябе навучу!.. Я табе папужаю!..

Па Прыпяці ў цемры ўнізе павольна рухалася чародка агнёў. Буксір цягнуў баржу. Калі яна праплыла, ажывіўся самы стары, Мікалай Мірон.

— А то адзін раз было… Я ў войну іду з чыгункі… Іду. Едзе мадзяр на веласіпедзе… Я перш падумаў — немец. Вінтоўка за плячыма целяпаецца. Я шапку зняў… Ён едзе. Я добры дзень даў… Ён едзе. Я гляджу — мадзяр! Надзеў шапку. Ён едзе… Вінтоўка, праўда, за плячыма. Я саступіў з дарогі… Ён едзе…

Мікалай Мірон нарадзіўся ў 1900 годзе, і як у 14 гадкоў пайшоў працаваць на чыгунку, так і звекаваў на ёй. Улады мяняліся, а ён адзін быў нязменны. Без чыгункі ніводная ўлада не абыдзецца. Ён і служыў кожнай уладзе: царскай, пралетарскай польскай, нямецкай, савецкай, — а ўжо якія там былі цягнікі, чые яны, і што на вагонах напісана, якія штэмпелі стаялі, яму было ўсё роўна. Здавалася б, які лёс! Якое багатае на падзеі жыццё! Чаго толькі чалавек не набачыўся! Колькі ўсяго можа расказаць! А нічога падобнага. На самай справе ён ніколі не быў далей свайго райцэнтра, ні служыць, ні ваяваць чыгуначнікаў не бралі, увесь яго светапогляд абмяжоўваўся двума перагонамі ў два бакі ад станцыі каля вёскі. Нават калі аднойчы мужчыны паднялі пытанне на такую, здавалася б, блізкую яму тэму: чаму цягнікі з гладкімі коламі не звальваюцца з гладкіх рэек? — і тут ён нічога не змог адказаць, прамямліў, што, можа, таму, што колы магнітныя і прыліпаюць да рэек.

— …Я іду. Мадзяр едзе…

Тут раптам узнікла з цемры вельмі высокая постаць і пачала набліжацца да вогнішча. Усе прыціхлі. Постаць наблізілася, удвая паменшала, і ўсе ўбачылі, што гэта іхні брыгадзір, Стась Маслоўскі. І вельмі ўзрадваліся яму. Кожны зрабіў рух, што хоча пасунуцца, хоць месца хапала.

— Сядайце, Стась Касперавіч!

— Сюды, тут мякчэй…

— Юшкі засталося, хоць і прастыла…