— Затое шчупаковая…
Брыгадзір пахіснуўся, відаць, ад таго, што выйшаў з цемры да святла.
— А я лодкаю… Папрасіў рыбака. Лодкай перавёз мяне. Рачное таксі! — і засмяяўся крышку гучней, чым трэба, і твар у яго, падалося, быў чырванейшы, чым звычайна. Але гэта, канешне, ад агню; ва ўсіх твары чырвоныя.
Маслоўскага любілі, хоць крыху і пабойваліся — усё ж такі што ні кажы, а ён паляк. З іншага боку, прыемна, што ён хоць і паляк, а такі ж, як усе: есць, штаны носіць, гарэлку п’е. І ўсё адно за тое, што ён паляк, было чамусьці шкада яго. Любому чалавеку, відаць, сорамна жыць не на радзіме. Няўтульна. І таму Маслоўскага заўсёды стараліся падбадзёрыць, лішні раз сказаць добрае слова — вядомая беларуская рыса, гэтая перабольшаная гасціннасць да іншародцаў, каб не дай Бог не пачувалася ім тут горш, чым дома.
Маслоўскі выцягнуў з кішэні пляшку гарэлкі, бухнуў на траву.
— Ну, хлопцы, грошай вам будзе… Не ведацьмеце куды складваць! У Нароўлю тры разы матлянуўся… З бухгалтаркаю… Ну, Зося завуць, каторая замуж выйшла…
Як пачулі пра грошы, як убачылі яшчэ выпіўку — узбудзіліся! Заганарыліся! Пачалі набіваць цану сабе, сваёй працы. Калі так добра плацяць, дык, мабыць жа, ёсць за што.
— Цяпер касілкі, касілкі… А карова не есць з-пад касілкі сена!
— Толькі з-пад касы!..
— Не, ну мо цераз сілу, як выгаладаецца, але што там будзе за малоко…
Тым часам каля другога вогнішча Пятро Кветка не ідзе спаць, сабраў вакол сябе дзяцей, курыць, забаўляе іх байкамі, сыпле такімі слоўкамі, як аксакал, саксаул, сакля, рахмет, салям… Усю Сярэдняю Азію ён называе Узбекістан, а ўсіх без выключэння азіятаў — узбекамі.
— Дзядзька Пятро, а кіргізы? — пацяшаюцца, хіхікаюць разумныя дзеці. — Казахі хіба — таксама ўзбекі?
— І азербайджанцы, дзядзька Пятро?
— І японцы?
— Усе падрад, — пацвярджае Кветка. — Вельмі дабрачыя людзі!
Валя круціцца ў шалашы, і злосць у ёй расце: на камароў, на ноч, на цела, што свярбіць, на рукі, што гудуць, асабліва на смех, які перашкаджае думаць і спаць.
— Вось ненавісны, — варочаецца яна.
Яна зайздросціць чужому смеху, радасці, не разумее, чаму людзі да яго горнуцца, а да яе — не. Ад малых адбою няма, ён і сам любіць дзяцей, толькі чамусьці не сваіх, а чужых.
— Там шакалы жывуць… Сабачкі такія… Выйдзеш з саклі ў барханы, настраляеш шакалаў…
Дзеці пераглядваюцца, пераміргваюцца — такі стралец… Усе выдатна ведаюць, які ён жаласлівы, ён нават траву касіць шкадуе, шыхае асцярожна, пільна ўглядаецца, каб не цапнуць якую жабку, а калі ўбачыў перарэзанага напалам маладога вужыка, дык збялеў, рукі трэсліся, і жонка на ўвесь луг крычала пра яго нікчэмнасць.
— Заходзім у кішлак, прамым ходам — у чайхану. Духан, па-іхняму. Там з чайнікаў віно ў піялы наліваюць… Ад душы. Няма грошай — бясплатна нальюць. Такія ўжо дабрачыя людзі…
Нарэшце Валя не вытрымлівае і тумакамі гоніць яго спаць.
Тухнуць пакрысе адно за адным вогнішчы, а на небе, наадварот, большае зорак, і ярчэй разгараюцца яны. І недзе тут, паблізу, начуе адзінокая баба з каровай…
Назаўтра да абеду скасілі, да вечара высушылі і ў акуратныя копы склалі. Клін быў чысты, прыбраны, прыемна вачам было глядзець, а нагам ступаць, і самім не верылася, як такія малыя мурашы змаглі ўправіцца з такой колькасцю травы.
Больш не было чаго рабіць. Падплыў паром. А людзі не спяшаліся, усё стаялі, гаварылі… Хацелася яшчэ хоць крышку тут пабыць, у гэтым цудоўным месцы.
— Паехаліце! — звала, упрошвала Махновачка, баючыся за малога. — Ну паехаліце ўжо!..
І калі ішлі да парома чыстай пакошай, міжволі азіраліся, і ўсе, нават дарослыя мужчыны, у думках дзякавалі свайму лугу, ужо не дзікаму, і развітваліся з ім, як думалі, да наступнага лета.
VI
Прайшло шэсць гадоў. У Кулінічаў выгадаваўся сынок — гэткі херувімчык з белымі, як ільняное палатно, валасамі, і з сінімі, як кветкі лёну, вачыма — увесь у свайго дзядзьку Пятра.
Чамусьці познія дзеці заўсёды крыху не такія, як усе. Васілька больш цягнула да дарослых. З дзецьмі ён не надта любіў гуляць «у нашых і немцаў», у хованкі, у хакей-футбол, — адзінае, на што згаджаўся, пастаяць у варотах, ці, як ён казаў — «на вароцях». Яму цікавей было з бацькам пасоўваць па клетках шашкі, складаць даміно ці перакідвацца з маткаю картамі ў «п’яніцу». Часта пад вечар каля Кулінічавай хаты можна было назіраць такі малюнак: сядзяць на лаўцы дзяды з ківенькамі, і з краю маленькі Васілёк з палачкаю, пальчыкі счэплены на каленях.
Кулінічы не шкадавалі для яго нічога. Больш дзяцей у іх не было, і Васільку даставалася ўся пяшчота.