І яна, вядома, сказала б усё, што гавораць дзецям перад пачаткам новага года, калі б у клас не зайшлі два новыя вучні. Гэта былі тыя самыя хлопчыкі, якіх Таня сустрэла раніцай на прыстані. Адзін — худы і высокі, другі — нізенькі, таўсташчокі, на выгляд сапраўдная бестыя.
Усе глядзелі на іх з цікаўнасцю. Але ніхто з гэтых сарака хлопчыкаў і дзяўчынак, што неспакойна сядзелі на партах, не глянуў на іх з такім чаканнем, як Таня. Зараз яна даведаецца, хто з іх прынёс ёй муку, яшчэ большую, чым страх. Можа быть, гэта ўсё-такі Коля.
Настаўніца спыталася іх прозвішчы.
Тоўсты хлопчык адказаў:
— Гадзіла-Гадлеўскі.
А худы сказаў:
— Боршч.
«Значыць, сапраўды „яны“ не прыехалі, — падумала з палёгкай Таня і сказала самой сабе: — Добра, пакуль што забудзем гэта».
Затое смех, што зазвінеў у класе, не абяцаў нічога добрага настаўніцы.
І яна сказала:
— Пачнём заняткі. Спадзяюся, што за лета вы, дзеці, нічога не забылі.
Філька голасна ўздыхнуў.
Настаўніца секунду глядзела на яго. Але позірк яе не быў строгім. Яна вырашыла сёння быць паблажлівай да дзяцей. Усё-такі гэта іх свята, і хай ім здаецца, што сёння яна ў іх у гасцях.
— Што ты ўздыхаеш, Філька? — запытала яна.
Філька падняўся з-за парты.
— Я ўстаў сёння на світанку, каб напісаць свайму сябру ліст, але адклаў яго, бо забыўся, якія знакі трэба паставіць у такім сказе: «Куды ты раніцай так рана хадзіла, дружок?»
— Дрэнна, калі ты забыў, — сказала настаўніца і паглядзела на Таню.
Тая сядзела, апусціўшы вочы.
І, зразумеўшы гэта, як жаданне не адказваць зусім, Аляксандра Іванаўна сказала:
— А Таня Сабанеева, ты не забылася, якія знакі прыпынку трэба паставіць у гэтым сказе? Скажы нам правіла.
«Што гэта? — падумала Таня. — Гэта ж ён пра мяне. Няўжо ўсе яны, пават Філька, такія бязлітасныя, што ні на хвіліну не даюць забыць мне пра тое, што ўсімі сіламі я стараюся не помніць».
І, падумаўшы так, яна адказала:
— У сказе, дзе ёсць зваротак, патрэбна коска або клічнік, або пытальнік.
— Вось бачыш, — звярнулася да Фількі настаўніца, — Таня добра помніць правіла. Ідзі ж да дошкі, напішы які-небудзь прыклад, дзе быў бы зваротак.
Філька, падышоўшы да дошкі, узяў крэйду ў рукі.
Таня сядзела па-ранейшаму, апусціўшы вочы, закрыўшыся рукой. І твар яе здаўся хлопчыку такім няшчасным, што ён быў гатовы праваліцца на месцы, калі яго жарт выклікаў у яе незадаволенасць.
«Што з ёй?» — падумаў ён.
І падняўшы руку, крэйдай напісаў на дошцы:
«Эй, товарищь, больше жизни!»
Настаўніца пляснула рукамі.
— Філька, Філька, — сказала яна з дакорам, — ты ўсё перазабыў! Чаму ты слова «товарищ» пішаш з мяккім знакам?
— Гэта дзеяслоў другой асобы, — адказаў, не сумеўшыся, Філька.
— Які дзеяслоў, чаму дзеяслоў? — усклікнула настаўніца.
— Вядома, дзеяслоў другой асобы, — упарта паўтарыў Філька. — «Таварыш! Ты, таварыш, што робіш?» Адказвае на пытанне: «што робіш?».
Рогат прайшоўся па класе, прымусіўшы Таню ўзняць галаву. І калі Філька зноў зірнуў на яе, яна ўжо смяялася сваім мілым смехам мацней за ўсіх.
Філька, усміхнуўшыся, страсянуў с пальцаў мел.
Філька быў задаволены.
А настаўніца, нічога не разумеючы, сачыла за ім, прыхінуўшыся да сцяны.
Як гэты хлопчык, якога яна цаніла за спрытны розум і знаходлівасць, мог быць задаволены грубай памылкай? Не, тут крыецца нешта іншае. Дзеці падманваюць яе. А яна думала, што добра ведае дзіцячае сэрца!
VI
Тыя рэдкія хвіліны, калі пасля працы маці выходзіла ў двор адпачыць на траве каля градак, былі самыя ўцешныя для Тані. Няхай сабе кволая асенняя трава дрэнна ўсцілае зямлю, а градкі пустыя, а ўсё-такі добра! Таня лажылася побач з маці і клала сваю галаву ёй на калені. І адразу мякчэла трава, удвая святлей станавілася неба. Яны абедзве падоўгу і моўчкі глядзелі ўгору, дзе ў недасяжнай вышыні над ракой, цікуючы рыбу ў лімане, пастаянна луналі арлы. Яны стаялі нерухома, пакуль самалёт, што пралятаў у небе, не прымушаў іх крыху пасунуцца ўбок. І пошум матора, прыглушаны лясамі, даносіўся да двара ледзь чутным гулам. А калі ён раптоўна сціхаў ці знікаў над дваром дзіўным воблакам, абедзве маўчалі.
Але сёння, прыслухоўваючыся да гэтага гуку, маці сказала:
— Які вялікі шлях паміж намі! Значыцца, яны не прыехалі.