— Ага, вось і Таня прыйшла!
І хаця голас яе здаваўся мяккім, Таніна сэрца міжволі перапаўнялася цераз край недаверам.
«Навошта яна глядзіць на бацьку, калі цалуе мяне? — думала Таня. — Ці не каб паказаць яму: „Вось бачыш, я пешчу тваю дачку, і цяпер ты нічога не зможаш сказаць мне, і яна таксама нічога не зможа сказаць“».
Пры адной гэтай думцы ў Тані адбірала мову і вочы не слухаліся яе — яна не магла паглядзець бацьку проста ў твар.
І толькі калі падыходзіла да яго, адчуваючы яго руку ў сваёй, яна спакайнела. Тады яна магла сказаць і Колю:
— Добры дзень!
— Добры дзень, Таня! — адказваў ён прыветліва, але не раней і не пазней той хвіліны, калі яна кіўне яму галавой.
Бацька ж не гаварыў нічога. Ён толькі кранаўся злёгку яе шчакі і прыспешваў абедаць.
Абедалі весела. Елі бульбу з аленінай, якую куплялі самі ў праезджых тунгусаў. Сварыліся з-за лепшых кавалкаў, смяяліся з Колі, які засоўваў цэлую бульбіну ў рот, і лаялі яго за гэта, а бацька, бывала, нават удараў яго пальцамі па носе так моцна, што нос аж прыпухаў.
— Татка, — гаварыў тады Коля, нахмурыўшыся, — што гэта за жарты! Я ўжо не маленькі.
— Сапраўды, шалапут, ты не малы, — гаварыў бацька. — Усе вы ўжо вялікія. Так проста цераз вас не пераскочыш. Паглядзім толькі, што вы заспяваеце, калі пададуць піражкі з чаромхай.
І бацька хітра паглядаў на Таню.
А Таня думала:
«Што піражкі з чаромхай, калі я ведаю, што ён ніколі не будзе мяне так любіць, як Колю, ніколі не назаве шалапутам, не ўдарыць па носе, не адбярэ лішняга кавалка! І я сама ніколі не назаву яго „дурным таткам“, як гэты нікчэмны падліза. Няўжо піражкамі з чаромхай можна мяне падмануць?»
І сэрца яе зноў сціскала крыўда.
І ў той жа час усё ёй падабалася тут. І голас жанчыны, паўсюды чутны ў доме, яе стройны стан і добры твар, звернуты да Тані заўсёды з ласкай, і бацька вялікі, з яго рамянямі з тоўстай бычынай скуры, кінутымі на канапе, і маленькі кітайскі більярд, на якім яны ўсе гулялі, пазвоньваючы жалезным шарыкам па цвіках. І нават Коля, заўсёды спакойны хлопчык з упартым поглядам вельмі чыстых вачэй, вабіў яе да сябе. Ён ніколі не забываў пакінуць костку яе сабаку.
Але пра яе, здавалася Тані, ён ніколі не памятаў, хаця хадзіў з ёю разам у школу, і абедаў, і гуляў на більярдзе. І ўсё ж ён не меў часу думаць пра яе хаця б адну хвіліну ў дзень, хаця б дзеля таго, каб ненавідзець яе так, як яна ненавідзела яго.
Дык чаму ж тады згадзілася яна пайсці з ім лавіць рыбу і паказаць мясціну, дзе бярэ лешч?
VIII
Таня любіла зоркі — і ранішнія, і вячэрнія, і вялікія лэтнія зоркі, што гараць нізка ў небе, і восеньскія, калі яны стаяць высока і іх вельмі многа. Добра тады ісці пад зоркамі ціхім горадам да ракі, каб убачыць, што і ў рацэ поўна гэтых самых зор, нібы наскрозь свеціцца імі цёмная і ціхая вада. А потым сесці на гліну на беразе, прыладзіць вуды і чакаць, калі пачнецца клёў, і ведаць, што ні адна хвіліна, адпушчаная законам палявання табе на лоўлю, не прапала марна. А світанку ўсё няма, і сонца яшчэ не хутка працягне туман над ракой. Яшчэ будуць клубіцца ў тумане дрэвы, а пасля ўжо задыміцца вада. А пакуль можна думаць пра што хочаш: пра тое, чым заняты пад кустом бурундук, ці спяць калі-небудзь мурашкі і ці бывае ім зябка пад раніцу.
Так, добра было на світанку.
Але сёння, калі Таня прачнулася, зорак было ўжо мала: адны зніклі зусім, а іншыя бледна гарэлі на краі небасхілу.
«Відаць, не будзе сёння дабра, — падумала Таня. — Коля сабраўся з намі».
І тут жа пачула яна стук. Гэта ў акенца стукнуў два разы Філька.
Таня ў цемнаце апранула сукенку, накінула на плечы хустку і, расхінуўшы акно, саскочыла проста ў двор.
Філька стаяў перад ёю. Яго вочы ў бледных прыцемках былі дзіўнага колеру, блішчалі, як у шалёнага, а вуды ляжалі на плячы.
— Ты што так запазніўся? — спыталася Таня. — Увечары чарвякоў не накапаў?
— А ты паспрабуй накапай іх у горадзе! — хрыпла сказаў Філька. — Яшчэ не позна, якраз прыйдзем.
— Так, — сказала Таня, — з чарвякамі ў нас кепска. Вуду маю ўзяў?
— Узяў.
— Дык пойдзем? Чаго чакаць!
— А Коля? — запытаў Філька.
— А, Коля! — І Таня нават паморшчылася ў цемры, быццам зусім забыла пра Колю, быццам не ўспамінала пра яго ў тую самую хвіліну, калі прачнулася і паглядзела ў акно на зоркі. — Мы пачакаем яго ў завулку на набярэжнай, — сказала яна і ціха свіснула свайму старому сабаку.