Выбрать главу

Той нават не зварухнуўся пад сенцамі, не перамясціў нават лапы. Толькі зірнуў на Таню, нібы хацеў сказаць ёй: «Хопіць! Хіба мала я хадзіў з табой улетку на рэчку за рыбай, зімой на каток, і хіба не я так часта цягаў у зубах твае канькі! А цяпер досыць. Ты падумай толькі, куды я пайду ў такую сляпую рань!»

І Таня зразумела сабаку.

— Добра, — сказала яна, — ляжы.

«А можа, кошка пойдзе?»

Таня клікнула:

— Казак!

Кошка паднялася і пайшла разам са сваімі кацянятамі.

— Нашто яна табе? — спытаў Філька.

— Маўчы, маўчы, Філька, — сказала Таня. — Яна лепей за нас з табой ведае, чаго мы ідзём на раку.

І яны пайшлі, усё паглыбляючыся ў раніцу, як у чароўны лес, што вырастаў перад імі раптоўна. Кожнае дрэўца ў гаі здавалася клубам дыму, кожны дымок з коміна ператвараўся ў мудрагелісты куст.

На рагу, каля спуску, яны пачакалі Колю.

Ён доўга не ішоў, і Філька дзьмухаў сабе на рукі: холадна было ўначы здабываць чарвякоў — капацца ў астылай зямлі.

А Таня са зларадствам маўчала. Але і яе азяблая постаць з голай галавой, тонкімі валасамі, якія ад вільгаці закруціліся ў кольцы, нібыта гаварылі: «Вось паглядзіце, які ён, гэты Коля».

Нарэшце яны ўбачылі яго. Ён выходзіў з завулка. Ён зусім не спяшаўся. Ён падышоў, гучна тупаючы нагамі, і зняў вуду з пляча.

— Выбачайце, калі ласка, — сказаў ён, — я спазніўся. Учора мяне зацягнула да сябе Жэня. Яна паказвала мне розныя рыбы. Толькі трымае яна іх у акварыуме. А ёсць прыгожыя. Адна ўся залатая з доўгім чорным хвастом, падобным на сукенку. Я заглядзеўся на яе… Так што даруйце мне, калі ласка.

Таня задрыжала ад гневу.

— «Выбачайце, калі ласка», — паўтарыла яна некалькі разоў. — Якая ветлівасць! Ты б лепш не затрымліваў нас. Праз цябе мы не наловім рыбы.

Коля маўчаў.

— Мы яшчэ не празявалі, час ёсць. Гэта наверсе светла, а на вадзе паплавок яшчэ не бачны. Чаго ты злуеш? — сказаў Філька, больш спрактыкаваны, чым яна.

— Я таму злую, што не люблю вельмі ветлівых, — адказала Таня. — Мне заўсёды здаецца, што яны могуць падмануць.

— А я, напрыклад, — сказаў, звяртаючыся да Фількі, Коля, — не люблю ніякіх кошак: ні тых, якія ходзяць лавіць рыбу, ні тых, што нікуды не ходзяць. Аднак з гэтага не раблю ніякага вываду.

І Філька, сэрца якога не выносіла цяжару сварак, сумна паглядзеў на абаіх.

— Чаму вы заўсёды лаецеся — і тут, і ў класе? А я вось што скажу: перад паляваннем сварыцца — дык лепш сядзець дома. Так гаворыць мой бацька. А ён ведае, што гаворыць.

Коля паціснуў плячыма.

— Я не ведаю… Я ніколі не сваруся з ёю. А яна заўсёды нечым не задаволена. Бацька гаворыць, што мы павінны быць сябрамі.

— Гэта не абавязкова, што гаворыць бацька, — сказала Таня.

Філька яшчэ больш скрушліва паглядзеў на яе. І Коля таксама быў засмучаны яе словамі, хаця не падаў знаку.

— Не, я не згодзен, — сказаў Філька. — Мой бацька паляўнічы, ён гаворыць са мной мала. Але ўсё, што скажа, — праўда.

— Вось бачыш, — сказаў Коля, — нават Філька, твой верны Санча Панса, не згодзен з табой.

— Чаму ж гэта ён Санча Панса? — здзекліва запыталася Таня. — Ці не таму, што ты нядаўна прачытаў «Дон-Кіхота»?

— Не, «Дон-Кіхота» я прачытаў даўно, — адказаў Коля спакойна, — але хаця б таму, што ён заўсёды носіць твае вуды, капае табе чарвякоў.

— Таму, што ён у тысячу разоў лепшы за цябе! — крыкнула Таня, пачырванеўшы. — Філька, не давай яму чарвякоў!

А Філька падумаў:

«Ліха на іх, яны гавораць пра мяне, як пра забітага мядзведзя, але ж я жывы!»

Коля яшчэ раз паціснуў плячыма.

— І не трэба, я сам накапаю на беразе і месца знайду сабе. Не трэба мне тваіх чарвякоў!

І ён знік пад берагам, дзе кусты і камяні схавалі яго імгненна з вачэй. Толькі крокі яго доўга чуліся знізу, з дарожкі.

Таня глядзела яму ўслед, ужо не бачачы яго. Белы туман падымаўся ёй насустрач з ракі, плыў па гліне, ступаў на лісце, на траву і пясок. І такі ж белы туман стаяў у яе на душы.

Філька з жалем глядзеў у яе твар і маўчаў. І нарэшце сказаў праўду:

— Што табе трэба ад яго? Навошта ты да яго чапляешся? Я сяджу з ім на адной парце і ведаю: ніхто табе пра яго нічога благога не скажа. І я не скажу. Я не бачу ў ім ганарлівасці, хаця ён вучыцца лепш за іншых, нават лепш за цябе. Я сам чуў, як ён гаварыў па-нямецку з настаўніцай нямецкай мовы і гаварыў па-французску. Але ж у класе пра гэта ніхто не ведае. Дык чаго ж ты хочаш ад яго?

Таня нічога не адказала Фільку. Яна ціха рушыла наперад, насустрач рацэ, што драмала ўнізе пад туманам. І кошка з кацянятамі таксама паплялася ўніз да ракі.