А Філька ішоў следам за імі і думаў: дзіўны гэты хлопчык Коля! Няхай тысячы кошак ходзяць на раку здабываць сабе рыбу, няхай мільён кошак! Але калі яны з Таняй, то хіба яму, Фільку, горш ад гэтага? Не, яму добра! І дзіўная гэта дзяўчынка Таня. Хай сабе Коля называе Фільку і Санчам і Пансам, пра якіх ён не чуў пакуль што нічога благога, але хіба яму, Фільку, хоць на кроплю горш ад таго? Не, яму добра!
Так спусціліся яны па крутым беразе і дайшлі да ракі, да вузекькіх масткоў, куды прыставалі шампункі[1], і ўбачылі, што Коля сядзіць на дошках якраз на тым месцы, дзе заўсёды бяруцца ляшчы.
— Усё-такі знайшоў ён гэта месца! — сказаў з радасцю Філька, таму што ў душы быў гэтым задаволены.
Ён наблізіўся да Колі, зазірнуў у ягоную банку, дзе на ржавым дне ляжала толькі жменька пустой зямлі, і, павярнуўшыся, каб не ўбачыла Таня, усыпаў туды чарвякоў.
Але Таня ўбачыла гэта і нічога не сказала.
Яна ўзяла сваю вуду і чарвякоў, прайшлася на масткі і села амаль побач з Колем. А Філька адышоўся далей, выбраўшы сабе таксама нядрэннае месцейка. На паляванні ён любіў быць адзін.
І на хвіліну, а можа, і болей рака завалодала дзецьмі і нават кошкай з кацянятамі, што з тых самых масткоў пільна глядзелі ў ваду.
А там, у глыбіні ракі, адбывалася нешта дзіўнае. Нібы чыёсьці дыханне падымала з глыбіні туман, нібы чыесьці нябачныя рукі, што валодалі ім усю ноч, выпусцілі яго на волю, і ён ляцеў цяпер па паверхні ракі, цягнучы над вадой свае доўгія ногі. Ён бег за сонцам, люляючыся ў вышыні. А сама рака святлела, усё вышэй узнімалася неба, віднелася глыбіня. Рыба выйшла пасвіцца да берагоў, пачала добра брацца. Божа, якая гэта была лоўля! Таня ніколі такога не бачыла.
Але калі ты глядзіш не на свой паплавок, а на чужы, то рыба гэта добра разумее. Можа, яна ў гэтую секунду здзекуецца з цябе, павярнуўшыся галавой на струмень.
А Таня штохвілінна падымала вочы і глядзела на Колеву вуду. Коля ж глядзеў на яе паплавок. І страх, што другі зловіць раней, не даваў ім абаім спакою. Здабыча зрывалася з кручка, аб'еўшы прынаду.
Коля першы ўзняўся на ногі, нічога не злавіўшы. Ён пацягнуўся, пазяхнуў, косці яго хруснулі.
— Я так і ведаў, што нічога з гэтага не выйдзе, — прамовіў ён услых, аднак не звяртаючыся да Тані. — Невыносна ўвесь час глядзець на ваду, адразу хочацца спаць. Лепей ужо, як Жэня, трымаць гэтых дурных рыб у акварыуме.
— Вядома, яны дурныя, — сказала Таня, — калі не адрозніваць ваду ад звычайнага шкла.
А Коля не ведаў, што б яшчэ сказаць.
Ён пайшоў па мастках, не крануўшы пальцам сваёй вуды. Дошкі гнуліся ад яго крокаў. Кошка Казак, якая паспела ўжо лапай нацягаць на масткі дробнай рыбы, паглядзела на яго з асцярогай. Яна пасунулася, даючы яму дарогу. Але кацяня Арол, пахістаўшыся на мокрай дошцы, з ціхім усплёскам упала ў ваду. Ці было яно так захоплена малькамі, што шнырылі ля самай дошкі, ці вельмі блізка падышло да краю, не выпусціўшы ў час кіпцюры, толькі Таня ўбачыла кацяня па другі боі; масткоў, куды несла яго плынь. Кацяня захлыналася, а кошка мяўкала, бегаючы па мокрым пяску.
Таня ўскочыла на ногі, ледзь крануўшыся масткоў — такая яна была лёгкая.
Яна саскочыла на бераг, увайшла ў ваду, і рака надзьмула яе сукенку — яна стала падобная на лясную кветку. Кошка таксама скочыла ў ваду. А Коля застаўся на месцы.
Таня выцягнула руку і ўзяла кацяня ў далонь. Яно стала меншае за пацука. Рыжая поўсць яго вымакла, яно ледзь дыхала.
Таня паклала кацяня на камень, і кошка аблізала яго.
А Коля ўсё стаяў на месцы.
— Ты знарок скінуў яго ў раку! Я сама гэта бачыла! — крыкнула Таня сярдзіта.
Коля маўчаў.
«Можа, ён баязлівец», — падумала Таня.
І тады яна прытупнула на яго нагой.
Але і гэта не заставіла яго зварухнуцца. Ён не мог вымавіць ні слова — настолькі быў здзіўлены.
Таня кінулася прэч ад яго. Яна бегла па сцяжынцы ўгору, і калені яе абдымала мокрая сукенка.
Коля дагнаў яе на самай вяршыні гары, каля рыбацкіх дамоў, і тут, задыхаючыся, узяў яе за руку.
— Таня, — сказаў ён, — павер мне, я не хацеў… гэта выпадкова. Кацяня само ўпала ў ваду.
— Пусці мяне, — сказала яна, вырываючыся. — Я больш не буду лавіць! Я пайду дахаты!
— Тады і я пайду.
Ён адпусціў яе руку і ступаў шырока, каб не адставаць.
— Не хадзі за мной! — крыкнула Таня.
Яны спыніліся ля высокага каменя, што падпіраў хацінку рыбака.
— Але ты прыйдзеш да нас абедаць? — спытаў Коля. — Сёння выхадны. Тата будзе цябе чакаць. Ён скажа, што я пакрыўдзіў цябе.
— Вось чаго ты баішся! — сказала Таня, прыхінуўшыся да высокага каменя.