Выбрать главу

— Не, ты не так зразумела мяне. Я люблю тату, а ён будзе засмучаны. Вось што ты павінна зразумець. Я не хачу, каб тата…

— Маўчы, — сказала яна, — я добра цябе зразумела. Я не прыйду сёння абедаць. Я больш ніколі да вас не прыйду.

Яна павярнула налева, і сцяна рыбаковай хаты адразу ж закрыла яе.

Коля сеў на камень — яго ўжо нагрэла сонца, ён быў сухі і цёплы, і толькі ў адным месцы цямнела сырая пляма. Гэта мокрая сукенка Тані кранулася каменя і пакінула на ім свой след.

Коля пакратаў яго.

«Дзіўная дзяўчынка Таня, — падумаў ён таксама, як і Філька. — Ці не думае яна, што я баязлівец? Дзіўная дзяўчынка, — рашыў ён цвёрда. — Хіба можна здзіўляцца таму, што яна зробіць ці скажа?»

І, зноў паклаўшы руку на камень, ён задумаўся.

А Філька нічога не бачыў. Ён сядзеў за мыском на гліне і цягаў гусцёрак — плоскіх рыбак з чорнымі вачыма — і выцягнуў карпа з вялікай галавой, якога тут жа каменем забіў на пяску.

Пасля гэтага ён вырашыў адпачыць. Зірнуў на масткі. Дзве вуды гойдаліся над вадой, лёскі былі туга напятыя — на іх хадзіла рыба, — але нікога паблізу не было — ні Колі, ні Тані.

І крамяністая сцежка бязлюдная.

Ён паглядзеў таксама ўверх, на горы. І над гарамі хадзіў толькі вецер, таксама пустэльны, які не наганяў нават асенніх воблакаў.

Толькі адна кошка з кацянятамі валаклася з прыстані ўгору.

IX

І ўсё-такі Таня прыйшла абедаць. Яна паднялася на ганак з шклянымі дзвярыма і рэзка адчыніла іх, шырока расхінуўшы перад сабой, а сабака, як заўсёды, застаўся на ганку.

Таня гучна ляснула дзвярыма. Урэшце, гэта яе права прыходзіць, калі ёй захочацца, у гэты дом. Тут жыве яе бацька. Яна ходзіць да яго. І няхай ніхто не думае, што дзеля каго-небудзь альбо дзеля чаго-небудзь іншага, напрыклад, дзеля піражкоў з чаромхай.

І Таня яшчэ раз стукнула дзвярыма, яшчэ мацней, чым да гэтага.

Дзверы зазвінелі і запелі шкляным голасам.

Таня зайшла і села на сваё месца за сталом. У доме ўжо абедалі, і на стале стаяла поўная міска з пельменямі.

— Таня! — узрадаваўся бацька. — Ты прыйшла? А Коля сказаў, што не прыйдзеш сёння. Сядай хутчэй і еш. Еш як след. Цёця Надзя зрабіла сёння для цябе пельмені. Паглядзі, як Коля іх лоўка зляпіў.

«Вось як, — падумала Таня, — ён і гэта ўмее!»

Яна ўпарта глядзела на бацьку, на сцяну, на добрыя рукі Надзеі Пятроўны, што падавалі ёй то хлеб, то мяса, а на Колю зірнуць не магла.

Яна сядзела, нізка схіліўшыся над сталом.

Коля таксама сядзеў на сваім месцы, унурыўшыся, увабраўшы галаву ў плечы. Аднак вусны яго моршчыліся ад усмешкі.

— Тата, — сказаў ён, — навошта ты сказаў Тані, што я зляпіў гэтыя пельмені? Яна іх не будзе есці.

— Хіба вы сварыліся, дзеці? — запытаў з трывогай бацька.

— Што ты, тата! — адказаў Коля. — Мы ніколі не сварымся. Ты ж сам казаў, што мы павінны быць сябрамі.

— Але, — сказаў бацька.

А Коля, перагнуўшыся праз стол да Тані, прагаварыў шэптам:

— Хто ж гэта казаў мне, што сёння не прыйдзе абедаць?

Таня адказала яму ўголас:

— Я зусім не прыйшла абедаць. Я не хачу есці. Не, не, я зусім не хачу есці! — гучна паўтарыла яна бацьку і яго жонцы, якія разам загаварылі з ёй.

— Як жа гэта ты не хочаш есці? — разгублена запытаўся бацька яшчэ раз. — А пельмені?

— Дзякуй, я паабедала з мамай.

— Не прасі яе, тата, у трэці раз, — сказаў насмешліва Коля, — яна ўсё роўна не будзе есці.

— Шкада, — пашкадаваў бацька, — не хоча — дык не будзе. А дарма: пельмені такія смачныя!

Вядома, яны былі смачнымі, гэтыя кавалачкі празрыстага цеста, напханыя ружовым мясам, якія гэтыя недарэкі паліваюць воцатам. Хто ж палівае іх воцатам — неразумныя людзі! Іх ядуць з малаком, і пасыпаюць зверху перцам, і глытаюць, як чароўны агонь, які імгненна ажыўляе кроў.

Думкі Тані праносіліся ў галаве як маленькія віхуры, хаця сама яна строга глядзела ў сваю талерку, дзе стылі пельмені. І галава яе ціха круцілася, таму што дома яна не пад'ела і таму што ў яе былі здаровыя плечы, моцныя рукі і дужыя ногі, і толькі сэрца яе не знала, чаго ж яму трэба. І вось прыйшла яна сюды, як сляпая, у гэты дом, і нічога не бачыць, нічога не чуе, акрамя стуку сваёй крыві. Можа, вучоная спрэчка супакоіць яе?

— Тата, — сказала раптам Таня, — а праўда, што селядцы ў моры салёныя? Так гаварыў мне Коля. Ён зусім не прызнае заалогіі.

— Што такое? Не разумею, — спытаў бацька.

Коля перастаў есці. Ён выцер губы і правёў рукой па сваім здзіўленым твары. Ён ніколі не гаварыў так. Аднак здзіўленне яго хутка знікла, як толькі ён успомніў, што яшчэ раніцай рашыў не здзіўляцца, што б ні было — ні таму, што зробіць, ні таму, што скажа Таня.