«Калі чалавек застаецца адзін, — зноў падумаў Філька, — то ён, вядома, можа трапіць на дрэнны шлях: ён можа бегаць па слядах, як сабака, і скакаць праз плот, і, як ліса, назіраць з-за кустоў за іншымі. Але калі чалавек плача ў адзіноце, то лепш яго не чапаць: няхай плача».
І Філька, абышоўшы гай, павярнуў у завулак і падышоў да варот Тані. Ён адчыніў брамку і зайшоў у яе дом смела, як ніколі не заходзіў.
Старая спытала, што яму трэба.
Ён адказаў, што прыйшоў пабачыць маці Тані і сказаць ёй, што ў школе сёння гурток і Таня запозніцца. Старая паказала яму на пакой, дзе сядзела маці. Ён прыадчыніў дзверы і зноў хутка зачыніў іх. У пакоі на чырвонай канапцы побач з маці сядзела Аляксандра Іванаўна.
Абняўшы маці Тані, яна гаварыла ёй нешта, і абедзве трымалі ў руках маленькія белыя хусткі, якія яны зрэдку падносілі да вачэй.
Няўжо і яны гаравалі аб нечым?
Філька падаўся назад, не рыпнуўшы ніводнай палавіцай. Ён выйшаў на ганак і хутка пакрочыў да варот. Так, ён ведаў многія рэчы, якія ў горадзе яму не былі патрэбны. Ён ведаў галасы звяроў, ведаў карэнне траў, ведаў глыбіню вады, ведаў нават, што не варта хату ў лесе канапаціць лямцам, таму што птушкі цягаюць яго на гнёзды. Але калі людзі не смяюцца, а плачуць удваіх, ён не ведаў, што ў такім выпадку рабіць. Няхай сабе ўсе яны плачуць, а яму лепей займацца сваімі сабакамі, таму што настала зіма, і хутка лёд падымецца над вадой і ад месяца стане зялёным, як медзь.
XII
Снег падаў амаль да самых вакацый; пераставаў і падаў зноў і засыпаў увесь гарадок. У дамах стала цяжка адчыняць аканіцы. На тратуарах капалі траншэі. Дарога ўзнялася высока. А снег усё падаў, авалодваючы і ракой, і гарамі, і толькі ў адным месцы на школьным двары, дзе пастаянна тапталі яго дзіцячыя ногі, ён нічога не мог зрабіць. Тут, утаптаны да зямлі, ён стаў тугім і гладкім, і можна было з яго ляпіць усё, што захочаш.
Вось ужо некалькі дзён запар на кожным вялікім перапынку Таня лепіць са снегу фігуру вартавога.
Сёння яна скончыла яе. Хлопчыкі, што дапамагалі ёй, аднеслі да плота лесвіцу, адставілі вядро з вадой. І Таня адышлася ўбок, каб паглядзець на сваю працу.
Гэта быў вартавы ў шлеме, з плячыма шырокімі, як у бацькі, і з яго паставай. Нібы на краі свету стаяў ён, абапіраючыся на ружжо і глядзячы ўдалячынь, а перад ім рассцілалася цёмнае мора. Вядома, ніякага мора не было. Але такое моцнае было ўражанне, што дзеці ў першую хвіліну маўчалі. Потым хлопчыкі, старэйшыя за Таню, непрыкметна абкружылі яе і з воклічамі паднялі ўгору.
Дзяўчынкі, якіх ніхто не чапаў, завішчалі. А Таня нават не ўскрыкнула. Яна толькі сумелася, што на самай справе вартавы атрымаўся цудоўна. А яна і не ведала, як гэта зрабіць. Яна толькі схапіла сваю думку і моцна трымала яе, не выпускаючы са сваіх пальцаў да тае пары, пакуль не зрабіла штык да вінтоўкі, пакрыўшы яго бліскучым ільдом. І цяпер пальцы яе балелі ад вады і снегу, і яна грэла іх, засунуўшы ў рот.
Коля стаяў убаку, не падыходзячы да Тані.
Аляксандра Іванаўна, зацікаўленая крыкамі дзяцей, таксама выйшла на двор і пастаяла без футра ля снежнага вартавога. Яна была здзіўлена яго прыгажосцю.
Тонкія варсінкі на чорнай сукенцы настаўніцы пакрыліся шэранню, гранатавая зорачка затуманілася на яе грудзях, а яна ўсё стаяла, думаючы пра сваё маленства.
І яны таксама калісьці ляпілі фігуры з снегу. Адну яна запамятала добра. Гэта быў снегавік у кутку на двары. Уначы, калі двор і цагляны мур заліваў месяц, на яго было страшна глядзець, на круглую распухлую галаву з чорным вугалем замест рота. І аднойчы, зірнуўшы на снегавіка вечарам з акна, яна спалохалася і заплакала. Ніхто не ведаў, чаго яна плача. А яна не магла заснуць. Усю ноч у месячным святле мроіўся ёй гэты снегавік, падобны на прывід невядомых падземных істот.
І цяпер, праз дваццаць гадоў, настаўніца азірнулася: ці няма і тут гэтага страшэннага снегавіка. Не, яна не ўбачыла яго. Тут былі і іншыя фігуры, зробленыя не так па-майстэрску, як вартавы, але ўсё гэта былі воіны, героі, быў нават волат на кані — фантазія наіўная і ўзнёслая насяліла ўсе куткі двара.
— Гэта ты зляпіла вартавога? — спытала яна ў Тані.
Таня кіўнула галавой і выняла пальцы з рота.
— Вам холадна, Аляксандра Іванаўна, — сказала яна, — ваша зорачка зусім пацямнела. Можна мне яе пакратаць?
І Таня, працягнуўшы руку, пацерла зорачку пальцам, і зорачка зноў заблішчала на гранях.
— Хочаш, я табе падару яе за тое, што ты так добра вылепіла вартавога? — спытала настаўніца.