Выбрать главу

— Ён назваў іх толькі шэрымі, — сказаў Коля, смеючыся. — Але ты, Жэня, сказала праўду. Яны прыгожыя. І ты, відаць, хацела б, каб у цябе былі такія вочы?

— Чаго-чаго, а гэтага не! — сказала Жэня.

Таня болей не слухала. І кветкі, што трымала яна ў руках, здаліся ёй цяжкімі, як каменнымі. Яна кінулася бегчы міма класаў, міма вялікай залы, дзе, рассаджваючыся, грымелі крэсламі.

Яна збегла па лесвіцы і ў пустой цьмянай раздзявальні спынілася, задыхаючыся. Яна яшчэ не ведала ўсяго красамоўства зайздрасці, яна была такая слабая.

«Ці магчыма, каб яна так гаварыла пра мяне? Гэта ж было б недастойна мяне, піянеркі. Няхай шчасце не ўсміхаецца мне. Ці не лепш зусім адмовіцца, чым слухаць такія словы?»

Ногі не трымалі яе.

«Не, гэта ўсё няпраўда! — сказала яна сабе. — Усё гэта глупства».

А ўсё-такі ёй захацелася пабачыць свае вочы. У раздзявальні, дзе, нібыта на лясной прагаліне, заўсёды панавала змрочнае святло, было ціха ў гэтую гадзіну. Вялікае старое люстра, нахіленае злёгку наперад, стаяла ля белай сцяны. Яго чорная лакіраваная падстаўка заўсёды ўздрыгвала ад крокаў школьнікаў, калі яны прабягалі міма. І тады люстра таксама рухалася. Нібы светлае воблака, праплывала яно наперад, адлюстроўваючы мноства дзіцячых твараў.

Але зараз яно стаяла нерухома. На падстаўцы стаялі чарніліцы, толькі што вымытыя вартаўніком. І чарніла стаяла тут жа на высокай падстаўцы ў простай бутэльцы, і ў высокай чвэрці з этыкеткай, і яшчэ ў вялізнай шкляной пасудзіне. Як многа чарніла! Няўжо яго трэба аж столькі, каб ёй, Тані, зачэрпнуць кроплю на кончык свайго пяра?

Асцярожна абышоўшы бутэльку, што стаяла на падлозе, Таня падышла да люстра. Яна азірнулася — вартаўніка не было бачна — і, паклаўшы на падлюстэрнік локці, наблізіла свой твар да шкла. З глыбіні яго, больш светлай, чым навакольны змрок, глядзелі на Таню шэрыя, як у маці, вочы. Яны былі адкрытыя, роўны бляск пакрываў іх паверхню, а ўглыбіні хадзілі лёгкія цені, і здавалася, што ў іх не было дна.

Так стаяла яна некалькі секунд, здзіўленая, як лясны звярок, што ўпершыню пабачыў сваё адлюстраванне. Потым цяжка ўздыхнула:

— Не, якія ж гэта вочы!

З пачуццём жалю Таня адсунулася назад і распрамілася.

І адразу ж, нібы паўтараючы яе рух, хіснулася на падстаўцы люстра, вяртаючы Тані яе вочы. А бутэлька з чарнілам раптам нахілілася наперад і пакацілася, зазвінеўшы аб пустыя чарніліцы.

Таня хутка працягнула руку. Але, як жывая істота, бутэлька вывернулася і пакацілася далей. Таня хацела злавіць яе на ляту, нават дакранулася пальцамі. Але бутэлька коўзалася, выкручвалася, як спрут, выкідваючы чорную вадкасць. Яна звалілася на падлогу нават не вельмі звонка, хутчэй з гукам гліны, што абрываецца з берага ў ваду.

З Таняй здарылася тое, што хоць раз у жыцці здараецца з кожнай дзяўчынкай, — яна разлівае чарніла.

— Вось гора! — усклікнула Таня.

Яна адскочыла, падняўшы левую руку, у якой увесь час трымала кветкі. Усё ж некалькі чорных кропель блішчала на кволых пялёстках кітайскіх руж. Але другая рука! Таня з адчаем круціла ёю перад вачыма, паварочваючы далоняй то ўверх, то ўніз. Да самага згібу кісці яна была чорная і страшная.

— Цікава!

Так блізка ад яе быў гэты вокліч, што ёй падалося, нібы яна сама сказала гэтае слова. Яна хутка ўскінула галаву. Перад ёй стаяў Коля і таксама пазіраў на яе руку.

— Цікава, — паўтарыў ён, — як ты цяпер паціснеш пісьменніку руку. Дарэчы, ён ужо тут і сядзіць зараз у настаўніцкай. Усе сабраліся. Аляксандра Іванаўна паслала мяне па цябе.

Секунду Таня стаяла нерухома, і ў вачах яе, якія толькі што глядзелі ў люстру з цікавасцю, цяпер была пакута.

Проста дзіва, як ёй не шанцуе!

Яна падала яму кветкі. Яна хацела сказаць: «Вазьмі ў мяне і гэта. Няхай іх паднясе Жэня. У яе ж таксама добрая памяць».

І ён забраў бы гэтыя кветкі і, напэўна, разам з Жэняй пасмяяўся б з яе.

Таня жвава адвярнулася ад Колі і памчалася далей паміж радоў дзіцячых футраў, што суправаджалі яе, нібы строй нерухомых сведак. Ва ўмывальніку яна знайшла ваду. Яна выліла яе ўсю да апошняй кроплі.

Яна церла руку пяском, але рука заставалася чорнай.

«Усё роўна ён скажа! Ён раскажа Аляксандры Іванаўне. Ён скажа Жэні і ўсім».

Значыць, яна не выйдзе сёння на сцэну, не падорыць кветак і не пацісне пісьменніку руку.

Проста дзіва, як не шанцуе ёй з кветкамі, якія яна так любіць! То аддае іх хвораму хлопчыку, а той аказваецца Колем, і зусім іх не трэба было яму аддаваць, хаця гэта былі звычайныя саранкі.