Выбрать главу

— Таня, — сказаў ён ціха, — я так баяўся за цябе. Я думаў, што будуць з цябе смяяцца. Але ты малайчына! Не сярдуй на мяне, не сярдуй, я прашу. Мне так хочацца танцаваць з табой у школе на ёлцы.

Ні звычайнай усмешкі, ні ўпартасці не пачула яна ў яго словах.

Ён паклаў сваю руку ёй на плячо, нібыта вясёлы танец пачаўся зараз, і яны пачалі кружыцца.

Яна пачырванела, разгублена гледзячы на яго. Пяшчотная ўсмешка асвятліла яе твар, напоўніла вочы і вусны. І, нічога не баючыся, яна таксама падняла сваю руку. Яна зусім забылася на свае крыўды, і некалькі секунд яе перапэцканая худая рука ляжала на яго плячы.

Раптам Філька абняў абаіх. Ён запытальна глядзеў то на Таню, то на Колю, і бестурботны яго твар у гэты раз не выяўляў радасці.

— Памірыліся, значыць, — гучна сказаў ён.

Таня зняла руку з пляча Колі і апусціла.

— Глупства ты гаворыш, Філька! — сказала яна, пачырванеўшы яшчэ больш. — Ён толькі прасіў мяне, каб я запрасіла яго да сябе заўтра на свята. Але я не запрашаю. А наогул, няхай прыйдзе, калі яму так ужо хочацца.

— Так, так, — злёгку ўздыхнуў Філька, — заўтра Новы год, я памятаю — гэта тваё свята. Я прыйду да цябе з бацькам, ён прасіў мяне. Можна?

— Прыходзь, — паспешліва сказала Таня. — Можа, у мяне не будзе сумна. Прыходзь, — сказала яна і Колю, дакрануўшыся да яго рукава.

Філька з сілай праціснуўся паміж імі, а за ім натоўп, які імкнуўся наперад, як шырокая рака, развёў іх.

XIV

Навагодняя ноч прыходзіла ў горад заўсёды ціхая, без завей, парой з чыстым небам, часам з тонкай імглой, што загаралася ад кожнага мігцення зоркі. А вышэй за гэтую імглу, над ёй, у вялізным на паўнеба крузе, хадзіў па сваёй дарозе месяц.

Гэтую ноч Таня любіла болей, чым самую цёплую ўлетку. Гэтай ноччу ёй дазвалялася не спаць. Гэта было яе свята. Свята ёсць свята, калі яно тваё і калі вакол цябе таксама радуюцца. А ў гэтую ноч у горадзе ніхто не спаў. Снег скідвалі з тратуараў на дарогу і хадзілі адзін да аднаго ў госці, і ўначы чуліся песні, рыпелі крокі па снезе.

У гэты дзень маці ніколі не працавала, і Таня, прыйшоўшы са школы, яшчэ з парога крычала:

— Стойце, без мяне піражкоў не рабіце!

А маці стаіць пасярод пакоя, і рукі ў яе выпацканы цестам. Яна адводзіць іх назад, як два крылы, якія гатовы падняць яе ў паветра. Але маці застаецца на зямлі. Яна нахіляецца да Тані, цалуе яе ў лоб і кажа ёй:

— Са святам цябе, Таня, з вакацыямі. А мы яшчэ нічога не пачыналі рабіць, чакаем цябе.

Таня, кінуўшы кнігі на паліцу, спяшалася надзець сваю старэнькую ў чорных мушках сукенку. Яна ледзьве надзявала яе. Яе падрослае за год цела напаўняла яе, як вецер, што дзьме ў ветразь са спрыяльнага боку. І маці, гледзячы на Таніны плечы, пачынала ківаць галавой:

— Вялікая, вялікая!

А Таня, не баючыся запэцкацца ў цесце, хапала яе ззаду за рукі і, падняўшы невысока ад зямлі, праносіла праз увесь пакой.

— Ты надарвешся! — крычала спалохана маці.

Але маці была лёгкая. Лягчэй вязанкі сухой травы была гэтая ноша для Тані.

Яна асцярожна апускала яе на падлогу, і абедзве глядзелі, сумеўшыся, на старую, што стаяла ў дзвярах.

— Падурнелі абедзве, — гаварыла старая, — забыліся на цеста!

І тады надыходзілі самыя прыемныя гадзіны. Усё, што ўвечары Таня піла і ела і чым частавала сяброў, — усё яна рабіла сама. Яна церла чорнае зерне маку, выціскаючы з яго белы сок, падобны на малако адуванчыка. Яна бегала штохвіліны ў кладоўку. А ў кладоўцы такі страшэнны холад! Усё змерзлася. Усе рэчывы змянілі свой выгляд, свой стан, на які асудзіла іх прырода. Мяса было цвёрдае, як камень. Таня пілавала яго маленькай пілкай. А малако кавалкамі ляжала на паліцы. Таня крышыла яго нажом, а з-пад нажа сыпаліся ёй на рукі доўгія валокны і пыл, падобны на пыл каніфолі. Потым яна прыносіла хлеб. Ён сівеў у кладоўцы, як стары. З кожнай яго поры веяла смерцю. Але Таня ведала, што ён жывы, што ўсё жыве ў яе кладоўцы. Нішто не памерла. Яна ставіла мяса і хлеб на агонь і давала ім жыццё. І мяса мякчэла, пускаючы сок, малако пакрывалася пенай, і хлеб пачынаў дыхаць.

Потым Таня хадзіла на лыжах у гай. Яна збягала па палогаму схілу ўніз, дзе з-пад снегу былі бачны толькі вярхушкі маладзенькіх піхтаў. Яна выбірала адну, самую маладую, хвоя якой была больш блакітная. Яна зразала яе вострым нажом і на плячах прыносіла дахаты.