Галава яе палала на марозе.
А яна ўсё глядзела. І цені плылі і плылі, як у цьмяным царстве вады. І толькі адна заставалася нерухомай, больш глыбокай і нерухомай, чым іншыя, — цень вялізнай рыбы з апушчаным хвастом. Але і яна таксама паплыла. Яна рухалася то ўверх, то ўніз, то станавілася ўпоперак усяго шкла. І нават бурбалкі, што яна выпускала з рота, былі добра бачны.
«Што гэта? — з дзікім страхам падумала Таня. — Дык гэта ж акварыум Жэні, які стаіць на акне».
Але вось чыесьці цёмныя рукі пацягнуліся да акна, і рыба знікла. Знікла і ўся чароўная карціна, якая доўга займала Таню. Нехта спіной засланіў акно.
Блізка стукнулі дзверы на ганку. Таня хутка прысела. Яна слізганула з сумёта і, пераскокваючы цераз снег, цераз лёд, праз мёрзлыя дошкі палісада, памчалася прэч.
Яна бегла немаведама куды, блукала без напрамку, пакуль хваляванне яе не сціхла. Але якая глыбокая журба ўсё яшчэ цясніла яе істоту!
Таня не адважвалася зайсці ў свой дом. Яна пастаяла яшчэ на двары пад плотам за ствалом бярозы, якая схавала яе ад усіх.
— Што гэта са мной? — гаварыла яна, невядома да каго звяртаючыся. — Што са мной? Адкуль усё гэта, скажыце мне хто-небудзь!
Бяроза маўчала, і шумела адна толькі яліна, неахвотна прапускаючы скрозь хвою халоднае паветра.
Філька выйшаў без шапкі на ганак і ціха паклікаў Таню. Яна не азвалася. Ён зазірнуў нават за браму і пайшоў назад. І толькі калі ён схаваўся, Таня вярнулася ў дом. Яна ўвайшла ў свой пакой, дзе дзеці па-ранейшаму кружыліся вакол яе бацькі. А на крэсле стаяў Коля і мяняў згарэлыя на піхце свечкі. Калі Таня ўбачыла яго, у яе перахапіла дыханне. Яна пахіснулася. Валасы яе былі вільготныя ад інею, уся вопратка ў снезе.
— Таня, дзе ты была? — спытаў з трывогай бацька.
— Я выходзіла на вуліцу падыхаць. У мяне закруцілася галава.
— Тады ідзі лажыся на мой ложак, — сказала маці.
Коля саскочыў з крэсла і падышоў да Тані зусім блізка.
— Пачакай, — сказаў ён, — я хачу паказаць табе свой падарунак. Я хадзіў па яго далёка да знаёмага кітайца.
Ён прынёс ёй спачатку цэлую кучу матылёў — тонкіх чарвячкоў, чырванейшых за ягады шыпшыны ў лесе. Яна паклала іх на печ, дзе сушыліся дровы. Потым ён паказаў ёй маленькі акварыум, дзе плавала залатая рыба. Яна была вялікая, з апушчаным хвастом, падобным на доўгую сукенку. Яна штурхалася ў шкло. Яна ледзьве змяшчалася ў сваіх празрыстых сценах. Лісточкі зеляніны плавалі зверху па вадзе.
Таня сказала:
— Ты хадзіў па яе да кітайца? І зусім дарэмна. Я не трымаю, як Жэня, рыбак за шклом на акне. Прыйдзецца яе засмажыць.
Коля ссунуў бровы, вочы яго пацямнелі, зрабіліся непранікальныя. Ён як быццам не чуў слоў Тані. Толькі рукі яго аслабелі, акварыум захістаўся, рыба, пляснуўшы хвастом, усплыла наверх, і некалькі кропель вады вылілася цераз край на падлогу.
Коля падышоў да старой, якая ўвесь вечар стаяла ў дзвярах.
— Няня, — сказаў ён, — засмажце гэтую рыбу з бульбай. Таня просіць.
— Так, так, — сказала Таня, — засмажце яе, няня. Яна вельмі смачная. Яна з пароды карасёвых.
І падышоўшы да бацькі, яна ўзяла яго за рукі.
— Тата, мы будзем з табой сёння многа танцаваць. Ты добра танцуеш.
І вось ногі яе, што так многа выбегалі па сумётах і па снезе, зноў пачалі рухацца — цяпер па гладкай падлозе. Яна станавілася на дыбачкі, каб пакласці руку на плячо бацькі. І калі галава яе, злёгку закінутая назад, стамлялася, Таня нахілялася і лбом прыціскалася да ягонага рукава. А рукі бацькі злёгку пагойдвалі яе. Яна хілілася туды і сюды, як рачная трава, што вырасла на ціхай плыні. І ён быў шчаслівы, усміхаўся. Нарэшце ён быў узнагароджаны за свае намаганні, якія здаваліся яму сёння дарэмнымі: за свае багатыя падарункі, за вясёлыя танцы, за апельсіны ў лёдзе, за некалькі кропель віна, якія дазволіў ён выпіць дзецям.
Маці хадзіла сярод гасцей таксама шчаслівая. Хаця кожны крок яе быў стрыманы, але твар жывы, і нават голас быў у яе іншы.
Таня танцавала і з маці, і з Надзеяй Пятроўнай і, стаміўшыся, спынілася ў кутку за сваім прыбраным дрэўцам. Побач з ёй ля акна стаяў адзінока Філька. Пра яго яна зусім забыла: за ўвесь вечар не сказала яму ні слова.
Філька некалькі разоў паклікаў яе. Яна ўзняла на яго свой няўважлівы позірк.
— А заўтра нехта з Колем пойдзе на каток, — сказаў Філька.
— Ты хіба? — спытала Таня.
Філька паківаў галавой.
— Дык хто ж?
— Жэня.
— А-а…
Таня схапілася за дрэўца. Яно захісталася пад цяжарам яе рукі, і срэбны шарык зваліўся і пабіўся аб падлогу. Таня наступіла на асколкі нагой.