Выбрать главу

За варотамі паляўнічы развітаўся з дзецьмі.

Ён падаў Тані руку, спачатку адну, потым другую, як падаюць на развітанне суседу, і запрасіў па снезе прыехаць на сабаках у госці.

Сына абняў за плечы.

— Будзь, калі зможаш, добрым паляўнічым і вучоным, — сказаў ён. — І, відаць, успомніўшы скаргі начальніка на сына, дадаў задуменна: — І насі сваю хустку на шыі, як гэта трэба.

Вось ён падышоў да павароту, ведучы аленя за повад, і павярнуўся яшчэ раз. Яго цёмны твар, нібыта зроблены з дрэва, і здалёк здаваўся прыветным. І Тані стала шкада, што ён так хутка знік.

— Добры ў цябе бацька, Філька, — сказала яна ў роздуме.

— І я яго люблю, калі не б'ецца.

— Хіба ён біў цябе калі-небудзь?

— Вельмі рэдка, і толькі тады, калі п'яны.

— Вось як! — Таня паківала галавой.

— А твой бацька хіба цябе ніколі не біў? І дзе ён? Я ніколі яго не бачыў.

Таня паглядзела яму ў вочы — ці няма там цікавасці альбо ўсмешкі. Яна ніколі не гаварыла з ім пра свайго бацьку.

Але Філька глядзеў ёй проста ў твар, і ў вачах яго была адна прастадушнасць.

— Ніколі, — сказала яна, — ён мяне не біў.

— Ты, мусіць, вельмі любіш яго.

— Не, не люблю, — адказала Таня.

— Вось як, — прамовіў у сваю чаргу Філька. І, памаўчаўшы крыху, крануў Таню за рукаў: — Чаму?

Таня нахмурылася.

І адразу ж у Фількі скончыліся ўсе словы, быццам яму адрэзалі язык. Здавалася, ніколі ўжо ён нічога не запытае ў яе.

Але раптоўна Таня пачырванела.

— Я яго не ведаю зусім.

— Хіба ён памёр?

Таня павольна паківала галавой.

— Дык дзе ж ён?

— Далёка, вельмі далёка. Можа, нават за акіянам.

— Значыць, у Амерыцы?

Таня кіўнула галавой.

— Я ўгадаў!.. У Амерыцы? — паўтарыў Філька.

Таня моўчкі павяла галавой справа налева.

— Дык дзе ж ён? — спытаў Філька.

Тоўстыя губы Фількі адтапырыліся. Па праўдзе кажучы, Таня здзівіла яго.

— А ты ведаеш, дзе Алжыр і Туніс?

— Ведаю. У Афрыцы. Значыць, ён там?

Таня зноў адмоўна заківала галавой, гэтым разам з большым сумам, чым раней.

— Не, Філька. Ведаеш, ёсць такая краіна — Марасейка.

— Марасейка? — паўтарыў за ёй задуменна Філька. Гэтая назва спадабалася яму. — Відаць, прыгожая краіна — Марасейка.

— Так, Марасейка, — ціха прамовіла Таня, — дом нумар сорак, кватэра пяцьдзесят тры. Ён там.

І яна знікла ў сваім двары.

А Філька застаўся адзін на вуліцы. Ён усё больш дзівіўся з Тані. Калі казаць праўду, ён быў зусім збіты з панталыку.

— Марасейка, — сказаў ён.

Можа, гэта востраў, пра які ён забыўся за лета? Гэтыя праклятыя астравы ніяк не трымаліся ў яго памяці. Ён быў толькі звычайны школьнік, хлопчык, які нарадзіўся ў глухім лесе ў скураным будане звералова. Ну навошта яму тыя астравы!

III

Вада лілася з дзежкі ў бляшаную палівачку з такім цудоўным шумам, нібыта гэта была не старая вада, замкнутая ў гнілой дзежцы, а маленькі вадаспад, які нарадзіўся высока ў гарах пад каменнем.

Яго голас быў чысты і поўны ўдзячнасці гэтай дзяўчынцы, якая адным рухам сваёй рукі вызваліла яго і дала магчымасць выбегчы на волю. Ён гучна звінеў ёй проста ў вушы і так прыгожа струменіўся ў паветры, магчыма, толькі з-за аднаго жадання звярнуць на сябе яе ўвагу.

А Таня зусім не чула і не прыкмячала яго.

Трымаючы ў руцэ драўляную затычку, яна думала пра бацьку. Размова з Фількам растрывожыла яе памяць.

Цяжка думаць пра чалавека, якога ніколі не бачыла і пра якога нічога не памятаеш, апроч таго, што ён твой бацька і жыве дзесьці далёка, у Маскве, на Марасейцы, дом нумар сорак, кватэра пяцьдзесят тры. У такім разе можна думаць толькі пра сябе. А што да сябе, дык Таня даўно зразумела, што яна не любіць яго, не можа любіць і не павінна гэта рабіць! Яна добра ўсё ведае! Ён пакахаў другую жанчыну, пакінуў яе маці, ён пайшоў ад іх шмат гадоў назад і, можа стацца, мае другую дачку, іншых дзяцей. Дык што ён такое для Тані? Хай маці не гаворыць пра яго толькі добра. Гэта толькі гонар, не больш. Але і Тані знаёма гэта пачуццё. Хіба не з-за гонару яна заўсёды маўчыць пра яго? А калі і вымавіць некалькі слоў, то хіба яе сэрца пры гэтым не рвецца на часткі?

Так думала Таня, а вада з дзежкі ўсё цякла і цякла, маленькі вадаспад усё шумеў і весяліўся, пакінуты без усялякай увагі. Даўно напоўніў ён бляшаную палівачку Тані і бег па зямлі, нічога не баючыся. І, прыбегшы да Тані, дакрануўся да ног.