Але і тут не звярнула яна на яго ўвагі. Тады ён пабег далей, да градкі з кветкамі, сярдуючы і шапочучы па-змяінаму паміж чорных каменьчыкаў, што скрозь валяліся на дарожцы.
І толькі крыкі нянькі вывелі Таню з задумення.
Старая стаяла на ганку і крычала:
— Чаго дурэеш? Усю ваду выпусціла! І сама вымакла. Глянь на сябе! Не шкада табе матчыных грошай? Мы ж за ваду грошы плацім!
Таня агледзела сябе. Рукі яе былі запэцканы зямлёй, тапачкі падраныя, панчохі мокрыя.
Яна паказала іх старой. Тая перастала крычаць і толькі пляснула рукамі. Яна прынесла Тані з калодзежа свежай вады ўмыцца.
Калодзеж быў далёка ад двара, а вада халодная. Пакуль Таня мылася, нянька бурчала:
— Расцеш ты, як пагляджу, хутка. Пятнаццаты год пайшоў, — гаварыла яна, — а ўсё ніяк не паразумнееш. Думная ты вельмі.
— А што гэта такое? — запытала Таня. — Разумная?
— Ды не разумная, а думаеш шмат, з таго і неразумная. Ідзі сухія панчохі надзень.
Яна гаварыла на сваёй асобай мове, гэтая старая з жылістай спіной і цвёрдымі жылістымі рукамі, якімі яна мыла Таню ў маленстве.
І Таня, зняўшы на парозе мокры абутак, увайшла ў свой дом басанож. Яна пагрэла ногі на матчыным дыване, на танным дыванчыку з аленевай шкуры, пацёртай у многіх месцах, і засунула рукі пад падушку, каб сагрэць і іх. Калодзежная вада была такая халодная. Але халадней за яе здалася Тані цвёрдая папера, што зашамацела ў яе пад пальцамі.
Яна дастала з-пад падушкі ліст. Ён быў трохі пакамечаны, з адарваным краем, чытаны ўжо некалькі разоў ліст.
Што гэта?
Маці ніколі не хавала пад падушку лістоў.
Таня паглядзела на капэрту. Гэта быў бацькаў ліст да маці.
Таня здагадалася па тым, як моцна стукнула яе сэрца, і яшчэ таму, што ўнізе прачытала яна бацькаў адрас. Відаць, ён вельмі баяўся, что ліст не дойдзе, калі на самым краі напісаў так старанна: «Марасейка, дом нумар 40, кватэра 53».
Таня паклала ліст на ложак і босая пахадзіла па пакоі. Потым узяла яго ў рукі і прачытала:
«Дарагая Маша, я пісаў табе раней некалькі разоў, але, відаць, лісты мае не даходзяць: вы жывяце так далёка — на другім канцы свету. Спаўняецца, нарэшце, мая даўняя мара — мяне накіравалі на Далёкі Ўсход. Буду служыць якраз у вашым горадзе. Вылятаем самалётам утраіх — з Надзеяй Пятроўнай і Колем. Ты павінна ведаць, што значыць для нас з Надзеяй гэты хлопчык. Яго ўжо прынялі ў вашу школу, у той самы клас, дзе вучыцца Таня. Ва Ўладзівастоку сядзем на параход. Чакайце нас першага чысла. Падрыхтуй, прашу цябе, Таню. Мне сорамна прызнацца табе, Маша, як я вінаваты перад ёю. Справа не ў тым, што мы з табой разышліся, што ўсё так атрымалася ў жыцці: у цябе, у мяне, у Надзі, не ў гэтым мая віна перад Таняй. Хаця клопаты за яе ніколі не пакідалі мяне, з першага дня яе нараджэння, але я так рэдка пісаў ёй, так часта забываўся пра яе. І яна мне вельмі рэдка пісала. І нават у тых лічаных лістах, з часу, як яна навучылася пісаць, калі рука яе няўмела выводзіла па тры словы на старонцы, я знаходзіў абвінавачванне для сябе. Яна мяне зусім не ведае. Як мы сустрэнемся з ёю — вось чаго я баюся. Ёй жа было толькі восем месяцаў, калі мы з табой рассталіся. У яе былі такія кволыя ножкі, а пальцы — як гарошынкі, і ручкі з чырвонымі далонькамі. Я так добра гэта помню…»
А Таня нічога не помніла. Яна глянула на свае босыя ногі, смуглявыя па калені, з гладкай скурай, лёгкімі ступнямі. На іх так добра стаяць! Яна разглядвала свае рукі, тонкія ў кісцях, але з моцнымі пальцамі, дужай далоняй. Але хто, акрамя маці, радаваўся іх росту і сіле? Бо нават пасеяўшы гарох пры дарозе, чалавек прыходзіць наведаць яго і радуецца штораніцы, заўважыўшы ўсходы.
Таня горка заплакала.
А паплакаўшы, адчула заспакоеную радасць, якая прыйшла да яе, як прыходзяць голад і смага.
Гэта ж прыязджае яе бацька!
Таня ўскочыла на ложак, паскідвала падушкі на падлогу. Потым легла ніцма і доўга ляжала так, плачучы і смеючыся паціху, пакуль не ўспомніла, што зусім не любіць бацьку. Дзе ж дзелася яе гордасць? Ці не той хлопчык Коля забраў у яе бацькаву любоў?
— А ўсё ж я ненавіджу іх, — сказала яна.
І старая крыўда то авалодвала яе сэрцам, то зноў праходзіла.
Таня ўскочыла на калені і з сілай грукнула кулаком па раме.
Акно расчынілася ад яе ўдару, і Таня зноў убачыла Фільку — трэці раз на дзень.
Відаць, у сэрцы яго не было ні туману, ні крыўды, якую адчувала Таня.
Ён сядзеў на прызбе пад акном і трымаў на каленях атлас.
— Няма такой краіны Марасейкі, — сказаў ён. — Ёсць далёкая краіна Марока, ёсць востраў Маёрка. А Марасейка — гэта не востраў, не паўвостраў, не мацярык. Навошта ты падманваеш мяне?