Пудовы кулак фермера са свістам прарэзаў паветра. О’Ніл кіраваў удар у сківіцу жанчыны, мяркуючы гэтым, першым жа ўдарам, зваліць яе з ног... ну а ўжо потым пусціць у справу цяжкія свае чаравікі. Удар амаль дасягнуў сваёй мэты, як раптам здарылася неспадзяванае.
Левая рука жанчыны імгненна ўзляцела ўверх, кулак фермера быў спынены ў нейкім міліметры ад яе твару. Больш таго: тонкія жаночыя пальцы з такой сілай сціснулі раптам запясце О’Ніла, быццам гэта былі сталёвыя абцугі, а ніяк не чалавечыя пальцы. У запясці нешта гучна хруснула, рука фермера імгненна анямела аж да самага пляча... тонка ўскрыкнуўшы ад нясцерпнага болю, ён нават прысеў. Затым жанчына зрабіла нейкіняўлоўны рух правай рукой, і О’Ніл, адарваўшыся ад падлогі і праляцеўшы амаль праз усё памяшканне, з грукатам урэзаўся спіной і патыліцай ў цвёрдую, мураваную кладку сцяну. Потым ён з яшчэ большым грукатам абрушыўся на падлогу. Праўда, амаль адразу ж зноў ускочыў на ногі.
Ногі дрыжэлі і падкошваліся, вельмі балела спіна, кружылася галава, перад вачыма ўсё плыло і раздвойвалася... правая, пашкоджаная рука амаль не слухалася О’Ніла. Затым яго рэзка павяло ўбок, ды й так, што, каб не ўпасці, фермер вымушаны быў абаперціся аб сцяну здаровай левай рукой. Гэтая дрэнь асмелілася падняць руку на свайго гаспадара... яна кінула яго праз увесь пакой... як яна магла зрабіць такое?! Гэта немагчыма... ніхто з мужчын не здольны на такое, нават асілак Том Каркозі, ягоны сусед-фермер, нават Каратышка Джон, знаёмы пілот ФІРМЫ! Дык што, выходзіць ягоная рабочая жонка мацнейшаяі за Каркозі, і за самога Каратышку Джона?!
Туман у вачах фермера паступова рассейваўся, ногі перасталі дрыжаць і падкошвацца, і О’Ніл, узняўшы галаву, паглядзеў у бок жонкі.
Жанчына стаяла, здаецца, на тым жа самым месцы, што і раней... яна не варушылася, і ўсё глядзела і глядзела на мужа дзіўным, незнаёмым сваім позіркам. Позірк гэты нічога не выражаў, зусім нічога: ні страху, ні гневу, ні, нават, цікаўнасці. Можа толькі было ў ім крыху гідлівасці – так глядзяць людзі на раструшчанага чарвяка пад сваімі нагамі...
Ад зневажальнага гэтага позірку сваёй рабочай жонкі О’Ніла на імгненне зноў ахапіў люты гнеў... але ахапіў на адно толькі кароткае імгненне, адразу ж саступіўшы месца нейкаму падсвядомаму, амаль жывёльнаму страху, тым больш, што ногі фермера ўсё яшчэ былі нібыта з ваты, запясце правай рукі, хутчэй за ўсё, было моцна пашкоджаным, так што О’Ніл, у выпадку чаго, мог бараніцца адной толькі левай рукой.
Гэта было штосьці неверагоднае:фермер думаў зараз не аб тым, як пакараць непаслухмяную сваю жонку – ён шукаў спосаб абараніцца ад новага яе нападу! Без усялякіх нават намаганняў шпульнула яна яго праз увесь пакой... шпульнула адной толькі рукой...
Але як жа яна магла такое зрабіць?!
“Яна ўспомніла сваё мінулае! – пранеслася ў галаве О’Ніла раптоўная здагадка, і ён нават пахаладзеў увесь ад ахапіўшага яго жаху. – Кім жа яна была ў мінулым сваім жыцці, гэтая жанчына?!”
О’Ніл зноў кінуў у бок жонкі хуткі позірк, і амаль адразу ж таропка адвёў вочы. Не трэба правакаваць яе на далейшыя дзеянні, пакуль сама яна не праяўляе ніякай агрэсіўнасці, застаючыся поўнасцю нерухомай. Магчыма, калі яе не чапаць першаму...
Гэтая думка крыху падбадзёрыла фермера. Зноў непрыкметна зірнуўшы на жонку, ён перавёў погляд на дзверы збоку ад яе.
Там быў уваход ва ўнутранныя пакоі. Туды неабходна было трапіць, жыццёва неабходна... бо менавіта там захоўваецца ягоная зброя. Божа, з якім задавальненнем узніме ён цяжкі своё пісталет і выпусціць у гэтую пачвару ўсю абойму! Гэта неабходна зрабіць, бо рабочая жонка стала небяспечнай і яе трэба спыніць! ФІРМА... яна ўсё зразумее, яна кампенсуе О’Нілу страты, а, можа, нават узнагародзіць яго за праяўленыя мужнасць і рашучасць, бо сітуацыя яўна выйшла з-пад кантролю...
Засталося толькі вырашыць, як лепш дабрацца да гэтых самых дзвярэй.
Першым памкненнем О’Ніла было зрабіць нечаканы моцны рывок наперад і, апярэдзіўшы жанчыну, зачыніць зверы знутры. Няхай нават яна выламае потым гэтыя дзверы... нічога страшнага, у ягонай руцэ ўжо будзе пісталет, і тады...
А што, калі ён не паспее дабрацца да дзвярэй першым?!
Такое было магчыма, і тады О’Ніл вырашыў пайсці на хітрасць. Фізічная моц ягонай рабочай жонкі несумненная, але, магчыма, розум яе ўсё яшчэ не абудзіўся цалком? Нездарма ж яна застыла зараз у нейкім здранцвенні, нездарма ж яна ўвесь час маўчыць...
- Схадзі, пакармі кароў! – нібыта ні ў чым ні бывала прагаварыў О’Ніл, стараючыся, каб голас ягоны гучаў цвёрда і пераканаўча. – І малако трэба пераліць з цыстэрны... яно там ужо праз край перацякае...