Выбрать главу

“Яна ж і сапраўды хоча забіць мяне! – маланкай пранеслася ў галаве фермера запозненая панічная думка. – Яна хоча забіць мяне і я нічым не магу перашкодзіць ёй у гэтым намеры!”

Пашкоджаныя рукі не дзейнічалі зусім, фермер не мог паварушыць нават кончыкамі пальцаў. Да таго ж ад нясцерпнага болю кружылася галава, яна толькі што не расколвалася на часткі. Павольна, ледзь стрымліваючыся, каб не залемантаваць благім голасам ад ахапіўшага яго жаху, О’Ніл павольна адыходзіў ад выратавальных дзвярэй усё далей і далей... а жанчына проста ішла следам і ўсё не зводзіла і не зводзіла з былога свайго гаспадара халоднага загадкавага позірку. Потым плечы фермера адчулі за сабой халодную шурпатасць сцяны. Ён вымушаны быў спыніцца... жанчына таксама спынілася, вялікія блакітна-зеленаватыя вочы яе нібыта пацямнелі разам, зрэнкі звузіліся.

- Не трэба! – прасіпеў О’Ніл, лязгаючы зубамі ад жаху. – Не забівай!

Востры, нясцерпна-пякучы агонь паласнуў на гэты раз па нагах фермера, адразу па абедзьвюх... Адчайна-звярыны роў О’Ніла зліўся ў адзінае цэлае з трэскам ягоных галёначных касцей і цалком заглушыў злавесны гэты трэск. Цяжкая туша фермера звалілася на падлогу, балюча тыцнуўшыся ў яе тварам. О’Ніл не адчуваў больш ні рук, ні ног... смерць стаяла побач з ім... хуткая, немінучая, бязлітасная смерць стаяла побач у выглядзе двух босых, прыгожых жаночых ног. Яшчэ ўчора вытанчаная бездакорнасць аголеных гэтых ног прыводзіла О’Ніла ў захапленне, узбуджала і нават ап’яняла яго... зараз жа ногі гэтыя неслі яму смерць, і толькі смерць, і нічога акрамя смерці...

Адным ударам босай ступні жанчына змагла перабіць яму косці абедзьвух ног адразу. Каб прабіць чэрап, ёй таксама дастаткова будзе адзінага толькі ўдару! Усяго толькі адзін удар... і ён...

Правая нага жанчыны раптам ледзь варухнулася.

- Не трэба! – губляючы ўжо апошнія рэшткі самавалодання, завішчэў фермер, заплюшчваючы вочы ад жаху. – Злітуйся, не забівай!

Тонкія бязлітасныя пальцы ўхапілі раптам О’Ніла за валасы сталёвай хваткай, ягоную галаву балюча тарганулі ўверх. ледзь не ламаючы шыйныя пазванкі.

- Паглядзі на мяне! – прамовіў каля самага вуха фермера ўсё той жа чужы, незнаёмы яму голас: - Паглядзі мне ў вочы!

Тонка енчачы ад болю, але баючыся пярэчыць, О’Ніл расплюшчыў вочы і дзіка ўтаропіўся ў прыгожы жаночы твар, такі знаёмы яму і, адначасова, такі незнаёмы зараз. На гэтым твары не засталося нават слядоў ад ранішніх ягоных пабояў... як магло стацца такое?

- Ведаеш, як мне хочацца забіць цябе зараз?! – прашаптала раптам жанчына, уважліва ўглядваючыся ў спалоханы і амаль што фіялетавы ад напругі твар мужа. – За ўсё тое, што ты рабіў са мной... пасмеў рабіць...І я б забіла цябе не задумваючыся, проста забіла б... але... – тут вусны жанчыны ўсміхнуліся амаль ласкава, і гэта было для О’Ніла жахлівей за ўсё, - але ты патрэбны мне для ачышчальнага абраду! Гэта не доўга... нейкія паўгадзіны, не болей... толькі яны, гэтыя паўгадзіны... – жанчына змоўкла на імгненне, зноў усміхнулася ласкава, - гэтыя паўгадзіны, самыя апошнія твае паўгадзіны жыцця, будуць адначасова і самымі пакутнымі для цябе! Гэтыя паўгадзіны ты сам будзеш жадаць смерці, і будзеш адчайна маліць аб ёй, як аб вялікай літасці... дарэмна маліць...– жанчына ўсміхнулася зноў, у трэці ўжо раз, але цяпер усмешка была злавеснай. – Ты ўсё зразумеў, мой былы гаспадар?!

- Забі! – асэнсаваўшы нарэшце ўсё пачутае, тонкім, пранізлівым голасам заверашчаў О’Ніл, адчаянна і бездапаможна торгаючыся ў бакі ўсім сваім знявечаным целам. – Забі лепш зараз! Забі, я прашу цябе... куды... куды ты мяне пацягнула?! Адпусці мае валасы, адпусці зараз жа! О, як мне балюча! Людзі! Хто-небудзь! Сюды! На дапамогу!

Не звяртаючы аніякай увагі на гэтыя дзікія і амаль што вар’яцкія крыкі былога свайго мужа, жанчына проста ішла па калідору, які вёў ва ўнутраныя пакоі дома. Левай рукой яна трымала мужа за валасы, і ён бездапаможна валачыўся ўслед за жонкай, тонка енчучы ад болю і жаху і ўсё яшчэ працягваючы адчайна і безнадзейна клікаць на дапамогу...

Глава 4

Невялікі рамонтны катер з блакітнай эмблемай ФІРМЫ на фезюляжы вылецеў з-за пагорка і, паступова зніжаючыся, зрабіў над домам шырокі паўкруг, выбіраючы найлепшае месца для пасадкі. Нарэшце ўвагу Каратышкі Джона прыцягнуў ярка-аранжавы электракар і ён мякка пасадзіў кацер побач з ім.

- Усё, прыехалі! – павярнуўшыся, абвясціў Каратышка Джон. Затым ён адключыў рухавік і, націснуўшы клавішу, якая адчыняла задні люк, дадаў з надзеяй: - Спадзяюся, без мяне абыйдзецеся?