Выбрать главу

- Ты што, дрэнна сябе адчуваеш? – спытаў Холін, зноў пераходзячы на “ты”...і зноў у ягоным голасе пачулася Скіну амаль не прыхаваная ўсмешка.

- Хвіліначку!

Узняўшыся з-за стала, Скрайф падыйшоў да акна, расчыніў яго насцеж. Адначасова з гэтым ён паспеў непрыкметна кінуць у рот два маленькіх блакітных шарыкі.

Лопнуўшы адразу ж, шарыкі ўраз напоўнілі ўсю ротавую поласць прыемным водарам мяты і прахалоды. І, амаль адразу– пранізліва-ледзяная хваля, якаядабегла да мозга, абвалакла яго на імгненне і адразу ж адкацілася назад. Калі Скрайф зноў павярнуўся да свайго намесніка, ён быў ужо цвярозым, як шкельца...

- Дык што з той жанчынай? – спытаў ён, вяртаючыся да стала і зноў апускаючыся ў крэсла. – Прабач!

Ён націснуў адну са шматлікіх кнопак і адразу ж аднекуль знізу з’явілася крэсла для наведвальнікаў. Не такое зручнае, як у Холіна, але ўсё ж...

- Дык што з жанчынай? – паўтарыў Скрайф, дачакаўшыся, калі Холін апусціцца ўсё ж ў крэсла для наведвальнікаў. – Што канкрэтна ты высветліў?

Сказаць па праўдзе, нічога з таго, што б там не высветліў ягоны намеснік, Скрайфа зараз не асабліва і цікавіла. Куды больш яго цікавіла пытанне: раскусіў ці не Холін ягоныя хітрыкі ля акна?

- Я высветліў, хто яна такая! – голас Холіна выдаваў зараз вышэйшую ступень занепакоеннасці, таму Скрайф, адкінуўшыся ў крэсле,з цікаўнасцю і нават са здзіўленнем паглядзеў на свайго намесніка... упершыню бачыў ён Холіна такім устрывожаным. – Яна з “дзікіх кошак”, уяўляеш!

- Не ўяўляю! – Скін недаўменна паціснуў плячамі. – З якіх кошак?

Цяпер ужо Холін паглядзеў на яго з недаўменнем.

- Дзікія кошкі Барсума! Ты што, ніколі не чуў пра іх?

Скрайф задумаўся. Дзікія кошкі Барсума... штосьці знаёмае... Дзесьці ён усё ж чуў пра іх, здаецца... толькі вось дзе і ад каго?

- Барсум... – ён пацёр кончыкамі пальцаў скроні, - Барсум... Гэта назва нейкай планеты, так? Незвычайнай нейкай планеты...

- Так! – Холін чамусьці ўздыхнуў. – Звычайнай яе назваць цяжка! – Ён адкінуўся ў крэсле наколькі гэта было магчыма, зноў уздыхнуў. – Справа ў тым, што пра гэтую планету амаль нічога не вядома... так, на ўзроўні чутак.ФІРМА з ёй не кантактуе... а калі ўсё ж і кантактуе, то ніяк гэтага не афішыруе...

- Пачакай, я, здаецца, штосьці ўспомніў! – прагаварыў Скрайф павольна. – Дзікія кошкі Барсума... ну, вядома ж, я пра іх чуў! Жанчыны-амазонкі?

Холін сцвярджальна кіўнуў.

- Амазонкі, ніндзя, суперагенты... як іх толькі не называюць...Самі ж яны называюць сябе – “дзікімі кошкамі”.

- Яны што, любяць драпацца? – пажартаваў Скрайф, але Холін, не прымаючы жарту, адмоўна пакачаў галавой.

- Не ведаю, як драпацца... але ў баявых адзінаборствах ім няма роўных ва ўсёй нашай Федэрацыі!

- Так ужо і няма! – Скрайф недаверліва ўсміхнуўся.

- Няма! – упарта паўтарыў Холін. – Яны з самага ранняга дзяцінства пачынаюць авалодваць гэтым майстэрствам. Адзіны іх занятак – сакрэтныя аперацыі найвышэйшай складанасці. За вялікія грошы іх наймаюць дзеля гэтага ўрады асобных планет альбо тыя ці іншыя карпарацыі. І заўсёды – стопрацэнтны вынік! Праколаў у іх практычна не бывае!

- І што ж гэта за аперацыі? – з цікавасцю спытаў Скін. – Забойствы?

- Не толькі... – Холін крыху памаўчаў. – Яны могуць, к прыкладу, выкрасці кіраўніка карпарацыі... Удвух, утрох... нягледзячы на сотню целаахоўнікаў! А могуць, наадварот, вызваліць яго з палону. Зняць копіі сакрэтнай дакументацыі... ды ці мала падобных сітуацый можа ўзнікнуць у жыцці... І заўсёды стопрацэнтны вынік, уяўляеш!

- Сур’ёзныя дамачкі! – Скоайф памаўчаў крыху, асэнсоўваючы толькі што пачутае. – І што, гэтая жанчына...

- Яна з “дзікіх кошак”!

Нейкі час абодвы маўчалі.

- Гэта сур’ёзна, Скін! – ціха прагаварыў Холін, упершыню ён назваў Скрайфа не па прозвішчу. – Трэба штосьці рабіць!

- Трэба! – згадзіўся Скрайф. – Дарэчы, дзякуй, што напомніў!

Ён націснуў сярэднюю з клавішаў і правы экран засвяціўся, на ім з’явіўся твар аднаго з дзяжурных.

- Хто-небудзь з рамонтнікаў ужо вярнуўся? – спытаў Скрайф і дзяжурны згодна кіўнуў. – Пашліце іх да таго фермера, які быў у мяне сёння. Пашліце зараз жа!

- Яны ўжо вылецелі, містэр Скрайф! – паведаміў дзяжурны. – Яны ўжо павінны быць там!

- Вось бачыш! – Скрайф паглядзеў на Холіна. – Рамонтнікі ўжо там... сітуацыя пад кантролем! Якая гэта брыгада? – зноў звярнуўся ён да дзяжурнага.

Дзяжурны на імгненне задумаўся.

- Пятая, містэр Скрайф!

- Пятая? – Скрайф усміхнуўся. – Гэта тая, дзе пілотам Каратышка Джон?